Нараканні Насрэдзіна Ахмет-Аха эфендзі

Чым дапікнуў табе стары мула?
За што, алах, караеш і караеш?
У Бухары і ў Басры мора зла,
І пекла ў Мерве і ў Бахчысараі.
Ніхто прыўзняць не хоча галавы,
Ў былых садах пануе запусценне.
Па ўсёй зямлі — ад Хіны да Хівы
Пануе зло без літасці й сумлення.
Нашто мне вочы есць айчыны дым?
Чаму да скону суджана нябогу
Не студню бачыць, што патрэбна ўсім,
А мінарэт, нацэлены у бога?!.
Вакол мяне душыцеляў гайня.
Каранам б’юць па чалавечых марах,
А ў кожнай суры — нізкая хлусня…
І нізасць рабская у кожным твары.
Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй,
Гнілым мулам і хцівым царадворцам,
Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу,
Гной ішака ўсхваляюць светлым сонцам.
А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо.
Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць.
Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо
Ў раба й султана, ў гяўра і святошы.
Каго мне джаліць і каго караць?
Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку,
Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край
Ці два, ці тры з найменнем чалавека?
Што горды здзек, што вольнай песні ўзлёт
Для чарады, чый лёс — бізун агідны.
Як мне далей любіць такі народ?..
Няшчасны мой…
Ўлюбёны…
Ненавідны…

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.36, з паметай: красавік — 3 снежня 67 г., Чуфут-Кале — Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 209, 210.

Яндекс.Метрика