Браты па няшчасцю
Ай, Аю-даг, што ж ты робіш з морам?
Вырашыў выпіць да дна, шалёны?
Кінь, набухторышся толькі з гора
І не нап’ешся, бо мора — салёнае.
Кінь тую п’янку, бо ўрэжаш дуба
Або з пахмелу захочаш павесіцца:
Чоўн, у якім уцякла твая любая,
Вельмі далёка, ля чоўніка месяца.
Лепей давай я віна дастану,
І пад кефаль мы дамо яму рады,
Вып’ем за вусны маёй каханай
І за тваю, што падступна здрадзіла.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.37, з паметай: 29 сакавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 210.