На пачатак «Каласоў пад сярпом тваім…»
Шчаслівы паўнатою сталай сілы.
Спакойнае натхненне гоніць сон.
Далёка ад мяне калыска і магіла,
І слабасць дзён вясны,
і мудрасць зімніх дзён.
Дні, як вякі, амаль не маюць меры,
І сіла ў рукі просіцца мае.
Пры новым дрэве я паклаў сякеру,
Каб на світанні ў рукі ўзяць яе.
Хай шлях даўгі ты не дасі мне, доля.
Зрабіўшы ўсё і дзён спыніўшы бег,
Спакойна потым лягу я, як поле,
Пад чысты і халодны зімні снег.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.48 [1967 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 218.