Вільня ў дождж

Вільня ў дождж, як старая гравюра
у «Тэцы Віленьскай»:
Праз завесу дажджу — кожны дах у штрыхах,
як страха,
Крадуць даль туманы. Ўсё ў звівах, нібы на паперы
вяленевай,
Ўсё з шматлікіх штрыхоў, ўсё ў касых характэрныx
штрыхах.

Ўсё з дакладнай штрыхоўкі гравёра: завеса туману,
Пляма вежы, забытай у дождж на вяршыні гары,
І акрэслены контур званіцы вялікага Яна,
І, ля ног яго, пастка з цямноцця і цэглы — Муры.

Я не ведаю, дэман які над гравюрай пануе пахмура?
І чые гэта вочы халодныя ў віслых мяшкаx
Разглядаюць яе? І чыя гэта крэсліць крыжамі гравюру,
З жыл-вяровак, старэчая, злая, сухая рука?

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф пад назвай «Крыкнуць? Позна!» — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.25, з паметай: першая думка 15 лют. Аўт. [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 233.

Яндекс.Метрика