Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел восьмы

Дзень быў шэры і змрочны, такі раўнадушна-шэры, што плакаць хацелася, калі я накіраваўся ў фальварак Жабічы, які належаў Кульшам. Нізкія шэрыя хмары паўзлі над тарфянымі балотамі. Казарменны, нудны ляжаў перада мною далягляд. На роўнай карычневай паверхні раўніны там-сям поўзалі брудныя плямы: пастух пасвіў авечак. Я ішоў краем Волатавай прорвы, і воку літаральна не было на чым адпачыць. Нешта цёмнае ляжала ў траве. Я падышоў бліжэй. Гэта быў вялізны, метры тры ў даўжыню, каменны крыж. Павалілі яго даўно, бо нават яма, у якой ён стаяў, амаль зраўнавалася з зямлёю і зарасла травой. Літары на крыжы былі ледзь бачныя: «Раб божы Раман памёр тут наглай смерцю. Лёзныя людзі, маліцеся за душу яго, каб і за вашу хтось памаліўся, злашча модлы вашы асабліва Богу да душы».

Я доўга стаяў ля яго. Вось, значыцца, месца, дзе загінуў Раман Стары!..

— Пане, пане літасцівы, — пачуў я голас за спіною.

Я павярнуўся. Жанчына ў фантастычных лахманах стаяла за мною і працягвала руку. Маладая, яшчэ даволі прыгожая, яна мела такі абцягнуты жоўтай скурай страшны твар, што я апусціў вочы. На руках яе ляжала дзіця. Я падаў ёй.

— Мо хлеба трошкі будзе ў пана? Я, баюся, не дайду. І Ясік памірае…

— А што з ім?

— Не ведаю, — бязгучна сказала яна.

У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне.

Але дзіцёнак не еў.

— Што ж мне рабіць з табою, любая?

Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць

— Дай вам Божа здароўечка, пане, — бязвольна сказала жанчына. — Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі.

— А хто сагнаў?

— Пан.

— Які пан?

— Пан Антось. Худы такі…

— А як яго прозвішча, дзе ваша вёска?

— Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі.

І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі.

— А муж дзе?

— Забілі.

— Хто забіў?

— Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі… Больш ніхто не крычаў.

Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблык з’еў першы Адам майго племя?

Адны жэрлі не ў сябе, другія паміралі пад іхнімі вокнамі. Вось павалены крыж над адным, які шалеў ад тлушчу, а вось паміраючы дзіцёнак. Вякамі ішла гэтая мяжа паміж аднымі і другімі — і вось канец, лагічнае завяршэнне: адзічэнне, цемра ва ўсёй дзяржаве, тупы жах, голад, вар’яцтва. І ўся Беларусь — адзінае поле смерці, над якім вые вецер, гной пад нагамі тлустай, задаволенай усім худобы.

Не памоляцца над табою лёзныя людзі, Раман Стары. Плюне кожны на твой пахілы крыж. І дай Божа мне сілы выратаваць апошнюю з твайго роду, якая ні ў чым не вінаватая перад няўмольнай праўдай мачыхі нашай, беларускай гісторыі.

Няўжо такі забіты, няўжо такі мёртвы мой народ?

…Мне давялося хвілін сорак прадзірацца праз невысокі, вельмі вільготны лясок за Волатавай прорвай, пакуль я не выбіўся на сцежку, зарослую і вузкую. Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты.

Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў. Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі.

За ярам лес зрабіўся зусім густым. Сцежка знікала ў непралазным гушчары, яе акружалі джунглі з малінніку, сухой крапівы, ажыны, дудніку і іншай дрэні. Хмель бег на дрэвы, як зялёнае полымя, абкручваў іх, выдзіраўся на волю і цэлымі снапамі звісаў, чапляючы мяне за галаву. Хутка з’явіліся першыя адзнакі жыцця: кусты здзічэлага бэзу сярод дрэў, прамакутнікі лепш угноенай зямлі (былыя курціны), спадарожнік чалавека — вялізны дзядоўнік. Хутка бэз стаў такім густым, што не пралезеш. Я ледзь выдзерся з яго на маленькую галявіну, на якой стаяў надзейна схаваны дом. На каменным высокім падмурку, з каменным ганкам і драўлянымі калонамі, якія за памяці дзядоў былі, напэўна, пафарбаваныя ў белы колер, ён нахіліўся на мяне, як смяротна паранены, які вось-вось упадзе. Перакошаныя ліштвы, абадраная ашалёўка, шыбы, вясёлкавыя ад старасці. На парадным ганку паміж прыступкамі выраслі лопухі, ваўчкі, магутны скрыпень, які амаль закрываў дзверы. А да чорных дзвярэй праз калюжу былі пакладзены дзве цагліны. Дах быў зялёны, тоўсты ад тлустых пушыстых імхоў. У шэрае акенца ўнутранасць хаты здавалася панурай і занядбанай. Словам, хатка на курыных ножках. Не хапала толькі бабы-ягі, якая ляжала б на дзевятай цагліне і казала: «Фу-фу, чалавечым духам тхне!»

Але хутка з’явілася і яна. У акно на мяне глядзеў твар жанчыны, такі сухі, што здаваўся чэрапам, абцягнутым жоўтай скурай. Сівыя патлы валасоў падалі на плечы. Пасля з’явілася рука, якая ківала мне сухім, як курыная костка, пальцам.

Я стаяў знадворку, не ведаючы, да мяне ці да каго іншага звернуты гэты зварушлівы прызыў.

Пасля адчыніліся дзверы, і на двор высунулася тая самая галава.

— Сюды, літасцівы пан Грыгор, — сказала галава. — Тут забіваюць няшчасных ахвяр.

Не скажу, каб пасля такога суцяшальнага запэўнення мне палка захацелася зайсці ў гэты дом, але старая сышла з прыступкі і працягнула мне над лужынаю руку.

— Я даўно чакала вас, мужны збаўца. Справа ў тым, што мой раб Рыгор выявіўся душыцелем накшталт Сіняй Барады. Вы памятаеце, мы чыталі з вамі пра Жыля Сінюю Бараду. Такі гжэчны, галантны кавалер. Я б даравала Рыгору, каб ён забіваў так галантна, але ён хлоп. Што зробіш?

Я пайшоў за ёю. У перадпакоі ляжалі на падлозе кажух, побач з ім сядло, віселі на сцяне бізун і некалькі закарэлых лісіных шкур. Акрамя таго, тут стаяў трохногі зэдлік і ляжаў бокам партрэт нейкага мужчыны, брудны і прадзёрты наўскос. А ў наступным пакоі быў такі гармідар, як быццам тут змяшчаўся чатырыста год таму філіял Грунвальдскай бітвы і з тых часоў тут больш не змяталі пылі і не мылі шыб. Стол з ножкамі ў выглядзе антычных гермаў быў пастаўлены коса, ля яго крэслы, падобныя на ветэранаў вайны, бязногіх і ледзь дыхаючых. Шафа ля сцяны нахілілася і пагражала ўпасці камусь на галаву. Ля дзвярэй стаяў на падлозе вялікі бюст Вальтэра, вельмі падобнага на гаспадыню, і какетліва на мяне паглядаў з-пад анучы, якая замест лаўраў вянчала ягоную галаву. У адным кутку прыткнулася трумо, запэцканае нечым вельмі падобным на птушыны памёт. Апрача таго, верхняя палова трумо была пакрыта шарам пылу, затое з ніжняй паловы пыл быў старанна сцёрты. Чарапкі пасуды, скарынкі хлеба, косткі рыбы пакрывалі падлогу. Усё гэта было, як у гняздзе птушкі-зімародка, дно якога выслана рыбнай лускою. І сама гаспадыня нагадвала зімародка, гэту змрочную і дзівосную птушку, якая любіць самоту.

Яна павярнулася да мяне, я пабачыў зноў яе твар, на якім нос павіс амаль да падбародка, і рот з вялікімі зубамі. Зубы здаваліся асабліва вялікімі, бо былі адкрыты разам з дзяснамі, як быццам на твары не хапіла скуры на тое, каб прыкрыць рот.

— Рыцар, чаму б вам не сцерці гэты пыл, з верхняй паловы трумо? Я хацела б бачыць сябе ва ўвесь рост. Ва ўсёй прыгажосці.

Я толькі хацеў было выканаць гэта, як яна раптам сказала:

— А вы вельмі падобны да майго нябожчыка мужа. Ух, які гэта быў чалавек! Ён жыўцом узнёсся на неба, першы з людзей пасля Іллі-прарока. А Раман жывым трапіў у апраметную. Гэта ўсё злы геній яноўскага наваколля — дзікае паляванне караля Стаха. З таго дня я пакінула прыбіраць у гэтым доме на знак сваёй жалобы. Праўда, прыгожа? І так рамантычна!

Яна какетліва ўсміхнулася да мяне і пачала строіць вочкі па няпісаных правілах пансіёнаў высакародных дзявіц: «Вочкі на субяседніка, пасля ўбок з лёгкім нахілам галавы, зноў на субяседніка, у верхні кут залы і ў зямлю».

Гэта была злосная пародыя на чалавечыя пачуцці. Усё адно як малпа пачала б нечакана спяваць песню Афеліі ў англійскім арыгінале.

— Тут прыгожа. Толькі жахліва! Уй, як жахліва! Бр-р-р!.. Бр-р-р!..

Яна раптам кінулася ад мяне на падлогу і залезла галавою пад купу нейкіх брудных ануч.

— Прэч! Прэч адсюль! Вы кароль Стах!

Жанчына білася і крычала, яе жоўтая нага выглядала з пыльных рызманоў. Я з жахам падумаў, што, магчыма, такі будзе лёс усіх людзей наваколля, калі незразумелы жах будзе і далей чорным крылом вісець над гэтай зямлёй.

Я збіраўся адступіць, як нечая рука лягла на маё плячо і грубы мужчынскі голас сказаў:

— Чаго вы тут? Хіба вы не бачыце, што яна трохі… дзівачка?

Хлоп пайшоў у перадпакой, прынёс адтуль прадзёрты партрэт мужчыны ў фраку і з «Уладзімірам» у пятлічцы і паставіў яго на стол. Пасля выцягнуў жанчыну з рызманоў, пасадзіў яе перад партрэтам.

— Пані Кульша, гэта не кароль Стах, не. Гэта з’явіўся пан фельдмаршал паглядзець на славутую тутэйшую красуню. А кароль Стах, вось ён, на партрэце, ён зусім мёртвы і нікога не можа забіць.

Жанчына паглядзела на партрэт. Сціхла. Мужчына дастаў з-за пазухі кавалак хлеба, чорнага, як зямля. Старая паглядзела на невядомага, засмяялася радасна і пачала шчыкаць пальцамі хлеб і класці яго ў рот, усё гледзячы на партрэт.

— Кароль Стах. Мужанёк ты мой. Што вароціш свой твар?!

Яна то драпала партрэт, то радасна нешта шаптала яму і ўсё ела хлеб. Мы атрымалі магчымасць размаўляць. Я глядзеў на мужчыну, апранутага ў сялянскую світку і поршні — скураныя палескія лапці, а ён глядзеў на мяне.

Мужчына быў год пад трыццаць, выключна высокі і добра складзены, з магутнымі пукатымі грудзьмі, трохі гарбаватай, калі сядзеў, спіною і загарэлай шыяй. Доўгія вусы рабілі твар суровым і жарсткаватым. Гэтаму ўражанню дапамагалі яшчэ дзве зморшчкі паміж броваў і шырока пастаўленыя пякучыя вочы. Белая магерка была насунута нізка на лоб. Чымсьці вольным, лясным веяла ад яго.

— Вы, пэўна, Рыгор, вартаўнік Кульшы?

— Так, — адказаў ён з іроніяй. — А вы, напэўна, новы госць пані Яноўскай? Чуў я пра такую птушку. Добра спяваеце.

— І вы заўжды так з ёю? — Я паказаў на старую, якая засяроджана плявала ў партрэт.

— Заўжды. Вось ужо два гады, як яна такая.

— А чаму вы яе не завязеце ў павет лячыць?

— Шкода. Як была здаровая, дык госці ездзілі, а зараз ніякая сабака… Шляхта! Паночкі нашы, туды іх…

— І цяжка даводзіцца?

— Ды не, калі я на паляванні, дык Зося глядзіць за ёю. Ды яна не часта шалее. І не патрабуе многа. Толькі хлеба вельмі многа есць, а так нічога не хоча. Ён выцягнуў з кішэні яблык і працягнуў старой:

— На, пані шаноўная.

— Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы.

— Бачыце, — сказаў Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.

І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.

— І чаго гэта яна?

— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.

— Ну, а Яноўскай таксама?

— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.

Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.

— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.

— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.

— Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць.

— Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны?

— Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.

— Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.

Я быў уражаны:

— Адкуль ведаеш?

— У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы.

Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях.

— Я даслухаў, — сказаў ён проста, калі я скончыў. — Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер’е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага?

— Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў?

— Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды — я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа.

— Чаму не, — усміхнулася раптам амаль разумна старая. — Я скажу. Я зусім не звар’яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка — ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку… Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная ж твая галовачка! А ляжаць жа твае косы залатыя поруч з бацькавымі касцямі.

Мяне перасмыкнула ад гэтага галошання па жывым чалавеку.

— Бачыце, нямнога даведаліся, — панура сказаў Рыгор. — Выйдзем на хвіліну.

Калі мы выйшлі і лямант старой сціхнуў, Рыгор буркнуў:

— Дык давайце шукаць разам. Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець. Я буду на зямлі шукаць і сярод простых людзей, а вы ў паперках ды сярод шляхты. Можа, і знойдзем.

Вочы яго раптам сталі злоснымі, вугальныя бровы з’ехаліся да пераносся:

— Бабы д’яблам выдуманыя. Іх трэба ўсіх задушыць, а за нямногіх, што застануцца, хлопцам усім перадушыцца. Але што зробіш…

І лагічна скончыў:

— Вось і я, хоць шкада маёй лясной волі, хоць, можа, і дажыву век адзін у лесе, усё ж часам пра Зоську думаю, якая тут таксама жыве. Можа, і ажанюся. Яна кухаркаю тут. Дык вось што я скажу табе, сябар. Таму я і табе паверыў, што сам так часам пачынаў шалець з-за чортавых бабскіх вачэй. (Я зусім не думаў пра гэта, але не палічыў патрэбным пераконваць гэтага мядзведзя.) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць — многія тут на мяне зубы точаць, — так і ведай — не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай — заб’ю.

Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:

— А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.

Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.

Калі я з’явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.

Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.

— Надзея Раманаўна!

— О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?

І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:

— Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.

Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.

Яндекс.Метрика