Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел дзевяты

Гэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах.

Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх угару і пераканаўся, што мае спробы маюць поспех. Бабуля была,напэўна, глухаватая, іначай яна пачула б мае практыкаванні. Я з цяжкасцю пралез у атвор і пабачыў скляпеністы ход, які спускаўся строма ўніз, як быццам у сутарэнне. Збітыя цагляныя прыступкі збягалі ўніз, і ход быў такі вузкі, што я чапляўся плячыма за сценкі. З цяжкасцю спусціўся па прыступках і пабачыў невялічкі, таксама скляпеністы пакоік. Ля сцен яго стаялі скрыні, акутыя палосамі жалеза, дзве шафы. Усё гэта было адчынена, і аркушы пергаменту і паперы ляжалі паўсюль. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол і ля яго грубы табурэт, а на ім сядзела ахмістрыня і разглядала нейкі пажоўклы аркуш. Мяне ўразіў выраз сквапнасці на яе твары.

Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку.

— Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?

— Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!.. — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба.

І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:

— А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!

Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:

— Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?

Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.

— Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.

Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить».

— Ну, і што з гэтага? — спытаў я.

— А тое, бацюхна мой, — з’едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.

— Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў.

Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:

— А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.

— А дваццаць год судзіцца вы можаце?

— Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.

— Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.

— Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада.

— Ды гэта ж толькі няпэўныя звесткі.

— Але ж сваё, свае грошыкі, чырвоненькія, сіненькія.

— І гэта вельмі нядобра, капацца ўначы ў чужых паперах.

— Бацюхна, свае ж грошыкі, — сквапна і тупа зудзела яна.

— Іх вам не адсудзяць, нават калі б дакументы былі. Гэта маярат Яноўскіх на працягу трох стагоддзяў ці нават больш.

— Дык сваё ж, бацюхна, — ледзь не плакала яна, і твар яе стаў сквапным да агіднасці. — Я б іх, даражэнькіх, зараз у шкарпэтку. Грошы б ела, на грошах спала.

— Дакументаў няма, — губляў я цярпенне. — Законная наследніца ёсць.

І тут здарылася жахлівае і агіднае. Жанчына выцягнула галаву, шыя яе зрабілася доўгай-доўгай, і, наблізіўшы да мяне твар, свісцячым шэптам сказала:

— Дык, можа… можа, яна хутка памерла б.

Твар яе аж прасвятлеў ад такога спадзявання.

— Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе. Што ёй варта? Споўніцца праклён. Нашто каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я. Ёй што, адмучыцца — і садухі. А я б…

Баюся, што я змяніўся ў твары, стаў страшны, бо яна адразу ўцягнула галаву ў плечы.

— На падлу ляціш, варона? — спытаў я. — А тут не падла, тут жывы чалавек. Тут такі чалавек, падэшвы якога ты не варта, які большае права мае жыць на зямлі, ніж ты, ступа дурная.

— Б-бацюхна… — блекатала яна.

— Маўчы, ведзьма! І ты яе ў магілу звесці хочаш? Усе вы тут такія, аспіды драпежныя! Усе вы за грошы забіць чалавека гатовыя! Усе вы павукі. Усе вы маці роднай за сінюю паперку не пашкадуеце. А ты ведаеш, што такое жыццё, што так лёгка пра смерць другога чалавека кажаш? Не перад табой бы перлы сыпаць, але ты выслухай, ты ж жадаеш, каб яна сонца жывое, радасць, добрых людзей, доўгія гады, якія яе чакаюць, на рабакоў падземных змяніла, каб табе на грошах спаць, з-за якіх сюды дзікае паляванне прыходзіць. Можа, ты і Блакітную Жанчыну сюды пускаеш? Чаму ўчора акно ў калідоры адчыняла?

— Та-тачка ты мой? А я ж яго не адчыняла! А холадна ж было… Я яшчэ здзівілася, чаму адчынена! — амаль галасіла яна.

На твары гэтай поскудзі было столькі боязі, што я мог бы змоўкнуць, але не мог. Я згубіў усякую разважлівасць.

— Смерці ёй зычыш! Сабакі зласлівыя, крумкачы! Прэч адсюль! Вон! Яна высакародная, ваша гаспадыня, яна, можа, і не прагоніць вас, але я абяцаю вам, калі вы не пойдзеце з палаца, які засмуродзілі сваім дыханнем, вы сядзеце ў турму маімі клопатамі.

Яна пайшла да сходаў, горка плачучы. Я ішоў за ёй. Мы выбраліся ў пакой, і тут я здзіўлена спыніўся. Яноўская стаяла перад намі ў белай сукні і са свечкай у руках. Твар яе быў засмучаны, і яна грэбліва паглядзела на ахмістрыню.

— Пан Беларэцкі, я выпадкова чула вашу размову, чула з самага пачатку. Я ішла амаль за вамі. Я нарэшце ведаю глыбіню сумлення і подласці. А ты, — яна звярнулася да Закрэўскай, якая стаяла, занурыўшыся, убаку, — …заставайся тут. Я дарую табе, з цяжкасцю, але дарую. Даруйце і вы, пан Беларэцкі. Дурным людзям часам трэба дараваць. Бо куды яна пойдзе адсюль. Яе нідзе не возьмуць, старую дурную бабу.

Адна сляза скацілася з яе павек. Яна павярнулася і пайшла. За ёю крочыў я. Яноўская спынілася ў канцы калідора і ціха сказала мне:

— Людзі ламаюцца з-за гэтых папер. Каб не забарона продкаў, з якой радасцю я аддала б камусьці гэты гнілы цёмны дом. Ён мне адна пакута, як і сваё імя. Хоць бы памерці хутчэй. Тады я пакінула б яго гэтай бабе з каменным сэрцам і дурной галавою. Няхай радавалася б, калі яна здатная так поўзаць на жываце з-за гэтай дрэні.

Мы моўчкі спусціліся ў ніжнюю залу і падышлі да каміна. Стоячы, глядзелі ў агонь, чырвоныя адбіткі якога клаліся на твар Яноўскай. Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, пасталела, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну. Напэўна, нічыё вока, акрамя майго, не заўважыла гэтых змен. Толькі я адзін бачыў, што ў бледным парастку, які рос у сутарэнні, зацеплілася, пакуль яшчэ непрыкметна, жыццё. Погляд стаў больш асэнсаваным і цікаўным да жыцця, хоць застарэлы жах па-ранейшаму ляжаў маскай на твары. Трошкі больш ажыўленым стала аблічча. Бледны парастак чамусьці пачынаў ажываць.

— Добра стаяць так, Надзея Раманаўна, — задумліва сказаў я. — Агонь гарыць…

— Агонь. Добра, калі ён ёсць, калі ён гарыць. Добра, калі людзі не хлусяць.

Дзікі, нялюдскай сілы, крык прагучаў аднекуль знадворку — здавалася, што гэта крычыць і рыдае не чалавек, а дэман. І адразу пачуўся ўпэўнены, уладарны пошчак конскіх капытоў ля сходаў. А голас рыдаў і крычаў так па-нялюдску, як быццам не з чалавечых грудзей выходзіў:

— Раман у дваццатым калене — выходзь! Помста! Апошняя помста! Авой! Авой!

І яшчэ нешта, чаму не было назвы. Я мог бы зараз выскачыць на сходы, і страляць у гэтую дзікую поскудзь, і пакласці на месцы хоць каго-небудзь, але на руках у мяне ляжала яна, і я адчуваў праз сукно, як калацілася яе спуджанае сэрцайка, як яно паступова замірала, білася ўсё радзей, радзей. Спуджаны да немагчымасці за яе жыццё, я пачаў няўпэўненымі рухамі гладзіць яе валасы. Яна павольна, вельмі павольна прыходзіла да прытомнасці, і веі яе ледзь прыкметна ўздрыгвалі, калі я дакранаўся рукою да яе галавы. Так затурканае шчанё прымае ласкі чалавека, які ўпершыню вырашыў пагладзіць яго: бровы яго ўздрыгваюць, чакаючы кожны раз удару, калі заносіцца рука.

А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць.

А голас рыдаў здалёку:

— Раман! Раман! Выходзь! Каням пад ногі душу тваю! Гэта яшчэ не зараз! Потым! Заўтра… Пасля! Але мы прыйдзем! Прыйдзем!

І цішыня. Яна ляжала ў маіх абдоймах, і як быццам ціхая музыка пачала найграваць недзе, можа, у маёй душы. Ціхая-ціхая, далёкая-далёкая, пяшчотная: пра сонца, малінавыя ад канюшыны лугі пад дымнай бліскучай расою, пра залівісты спеў гівала ў шатах вялікіх ліп. Яе твар быў такі спакойны, як у спячага дзіцяці. Вось прарваўся ўздых, раскрыліся вочы, здзіўлена паглядзелі вакол, пасуравелі.

— Прабачце, я пайду.

І яна накіравалася да сходаў на другі паверх — маленькая белая постаць…

Толькі тут я, яшчэ дрыжучы ад узбуджэння, зразумеў, якая мужная, якая нязломная была душа ў гэтай да смерці запалоханай дзяўчыны, калі яна пасля «такога» выходзіла мяне сустракаць і двойчы адчыніла дзверы: тады, калі я, невядомы, прыехаў сюды, і тады, калі я бег да яе дзвярэй, у трывозе, пад ляск капытоў дзікага палявання пад самымі вокнамі. Напэўна, яно і цёмныя асеннія ночы штурхнулі яе на гэта, як пачуццё даверу прымушае зацкаванага хартамі зайца прыціскацца да ног выпадковага чалавека. У дзяўчыны былі надта добрыя нервы, калі яна вытрымала тут два гады.

Я сеў ля каміна і пачаў глядзець у агонь. Так, небяспека была жахлівая. Тры чалавекі супраць усіх гэтых цёмных сіл, супраць невядомага. Хопіць пяшчоты. Яны праязджаюць у парк ля Волатавай прорвы — заўтра ж я зраблю там засаду. Рукі ў мяне дрыжалі: нервы былі напятыя, як струны, і агульны стан не на сабаку.

«Можа, паехаць адсюль?» — варухнулася ў душы спозненая думка, водгук той маёй «ночы жаху», і памерла перад напорам безнадзейнасці, жалезнай рашучасці і жадання біцца.

Хопіць! Перамога або Волатава прорва — усё адно. Пакінуць? Не, я не мог пакінуць гэты агідны халодны дом, бо тут жыло тое, што я пакахаў. Так, пакахаў. Я не саромеўся гэтага. Да гэтага часу ў мяне, як амаль ва ўсякага здаровага, маральна неразбэшчанага і пазбаўленага залішняй пачуццёвай цягі чалавека, былі да жанчын роўныя сяброўскія адносіны, часам нават не пазбаўленыя нейкай незразумелай агіды. Так яно і павінна быць, пакуль не прыходзіць Сапраўднае. Яно прыйшло. Ісці? Я быў тут, поруч, такі для яе магутны і вялікі (мае ўнутраныя хістанні яе не датычыліся), яна спадзявалася на мяне, яна ўпершыню, напэўна, спала спакойна.

Гэты момант, калі я трымаў яе ў абдоймах, вырашыў для мяне ўсё, што хавалася ў маім сэрцы яшчэ з тых часоў, калі яна паўстала ў абарону бедных там, ля верхняга каміна. З якой насалодаю я ўзяў бы яе адсюль, павёз кудысьці далёка, цалаваў гэтыя заплаканыя вочы, маленькія рукі, ахінуў яе, як цёплым, надзейным крылом, дараваў бы свету яго непрытульнасць.

Але што я? Як ні жорстка пра гэта падумаць, яна ніколі не будзе маёй. Я — галяк. Яна таксама бедная, але яна з ліку старэйшых родаў, блакітная кроў, гордая слава бясконцых пакаленняў за плячыма. «Гордая слава»? Я ведаў яе зараз, гэтую гордую славу, якая скончылася адзічэннем, але мне ад гэтага не было лягчэй. Я плебей. Не, я буду маўчаць пра гэта. Ніхто ніколі не скажа, што я дзеля карысці ажаніўся з прадстаўніцай даўняга роду, за які, магчыма, паміраў недзе на полі вайны мой просты прашчур. І ніхто не скажа, што я ўзяў яе, скарыстаўшыся з яе бездапаможнасці. Адзінае, што мне дазволена, гэта легчы за яе ў дол, пакласці душу сваю і хоць гэтым трошкі аддзячыць за гэтае ззянне неймавернага шчасця, якое азарыла маю душу ў гэты змрочны вечар ля вялікага непрытульнага каміна. Я дапамагу ёй выратавацца — і гэта ўсё.

Я буду верны, назаўжды буду верны гэтай радасці, змешанай з болем, горкай прыгажосці яе вачэй і адплачу ёй дабром за добрыя думкі пра мяне. А пасля — канец. Я пайду назаўжды адсюль, і шляхі радзімы бясконцай істужкай лягуць перада мною, і сонца паўстане ў вясёлкавых колах ад слёз, якія просяцца на веі.

Яндекс.Метрика