Замест заключэння, або невялікі роздум над запіснымі кніжкамі Ў.Караткевіча — Аркадзь Русецкі
У 1989 годзе (за два гады да гэтага рэдакцыя часопіса «Маладосць» данесла да чытача з архіўнага небыцця лісты У. Караткевіча да Максіма Танка, а часопіса «Полымя» — апавяданне «Маланькая балерына»), дзякуючы даследніцкай працы Н. Кучкоўскай і Я. Янушкевіча, рэдкалегіі часопіса «Полымя», чытачы маглі пазнаёміцца з запіснымі кніжкамі Уладзіміра Караткевіча «У дарозе і дома». Аказалася, што гэта не толькі асабістыя дзённікавыя запісы У. Караткевіча. Гэта — філасофскі роздум над убачаным і прачытаным, над мінулым і будучым.
Што перш за ўсё прыцягвае ўвагу пры знаёмстве з запіснымі кніжкамі «У дарозе і дома»? На наш погляд, найбольш адметнай іх акалічнасцю выступае здольнасць аўтара да апераджальнага разумення і асэнсавання праблем грамадства, нацыянальнага, культурнага развіцця. Вось, напрыклад, праблема нацыянальнай годнасці беларусаў, абуджэння нацыянальнай самасвядомасці. Канечне, і ў шасцідзесятыя гады сёй-той з прадстаўнікоў мастацкай інтэлігенцыі выказваў заклапочанасць лёсам беларускай мовы, помнікаў гісторыі, культуры і г. д. Аднак такія выказванні патаналі ў агульнай плыні прапагандысцкіх лозунгаў аб дружбе савецкіх народаў, «добраахвотным» імкненні грамадзян да адмаўлення ад роднай мовы, іншых «суперінтэрнацыянальных» праявах. Чытаем напісанае У. Караткевічам у 1963 годзе: «Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 гадоў, як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут. І яшчэ трохі — шчасця, падфарбаванага горкім гонарам. Таму што мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я непатрэбен і якім непатрэбна іх імя. І таму я бядн[ейшы] за апошняга жабрака і, адпаведна, самы багаты. Бо я магу дазволіць сабе раскошу любіць усіх.
Пакуль самаасэнсавання няма — калі трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыццё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы…»
Працуючы над матэрыяламі для новага твора «Шантаж» (на жаль, ён не быў закончаны), у 1970 годзе ён зноў звяртаецца да тэмы нацыянальнай самасвядомасці беларусаў: «І ўсё ўсе забываюць, што Беларусь — гэта „не бог, не царь и даже не герой“. Беларусь — гэта сівы мох у бары. І над ім востры ядловец. А пад ім — бацькі, якія за кожную пядзю. За кожны родны гук.
І таму, што б ні было — служы. Песціць — гэта ўсякі будзе цягнуцца. А вось пакрыўдзіла — уздай дабром, б’е — абарані, у дзярмо ўтаптала — глотку за яе перарві. Гэта не яна.
Які б ні быў — служы. Мову па дурасці забыў — нават і тут, папрашайка, жабрак няшчасны — і тут служы. Можа табе, за гэта хоць частку правіны даруюць і мох, і ядловец, і бацькі, і неба».
І яшчэ. Датавана тым жа самым 1970 годам. «Часам, у злыя гадзіны, я нават не ведаю, ці люблю я беларусаў, да якіх маю гонар належаць. За бязмежную цярпімасць да таго, да чаго не трэба, за мяккасць, што мяжуе з рэптыльнасцю, за тое, што яны занадта сумленныя і „верныя Янукі“. Але нават у тыя хвіліны я разумею, з пагардай да самога сябе (бо яны — гэта я), што адна справа не любіць чалавека і зусім іншая — не ратаваць яго, калі ён топіцца.
Я стану ратаваць. Нават цаною гэтай паношанай шкуры і спрацаваных мазгоў, якія падсохнулі ўжо і тарахкаюць.
І хаця на таўшчыню воласа, наколькі хопіць маёй сілы, я прыбліжу да іх паратунак. Уратую іх».
Ужо ў тыя гады ўсеагульнага замілавання меліярацыяй і хімізацыяй У. Караткевіч адчувае ўсю пагрозу, якую яны нясуць сельскай гаспадарцы, лядзям пры няўмелым іх выкарыстанні. І ён робіць у сваіх дзённіках наступныя запісы: «У свеце навукі». «Палессе ўчора, сёння, заўтра». Я мяркую, што пры гэткай навуцы — ніякага «заўтра» ў Палесся быць не можа. Хіба што загаджанае, занесенае падчас чорных бураў тарфяным пылам і пяском.
А я яшчэ з сярэдзіны шасцідзесятых, таму ўжо дваццаць год, званіў ва ўсе званы аб шкодзе меліярацыі і смяротнай шкодзе гербіцыдаў. У адказ — выспяткі з усіх бакоў (бедная мая……!), і загадана разбіраць на ўсіх партсходах…"
«…Просяць артыкул пра крыніцы. Адмовіў, аблаяўшы іх непрыстойна. Як 13 год таму за «Званы ў прадоннях азёр» не было быдла — ад вярхоў і да апошняга выканкома, — якое б не патапталася па маіх костках, так цяпер няма нікога, хто не прасіў бы артыкул на гэту тэму. А я ж першы сказаў, што гербіцыды і беспардонная меліярацыя — злачынства. Дык тады я вораг, а цяпер — праніклівы «мудрэц, які яшчэ тады глядзеў у корань».
Дарэчы, захаванне навакольнага асяроддзя ад забруджвання і прыняцце мер для зберажэння прыроды У. Караткевіч ніколі не лічыў толькі праблемай беларускай, нацыянальнай. Ён добра разумеў глабальнасць біяхімічных працэсаў, залежнасць ад іх усёй тэрыторыі Зямлі: «А чалавек як сляпы ці ачумела. Я схільны думаць, што калі чалавецтва не адумаецца, то яно загіне, хутчэй за ўсё не ад атамнай бомбы. Хутчэй за ўсё яно захлынецца ва ўласным дзярме, як „заключаны ў збан“ у сярэдневяковых італьянскіх турмах.
І калі яно не паразумнее, можна ўявіць сабе войны будучыні, якія ідуць за чыстую ваду, як яны ідуць зараз за вугаль, сланцы, нафту.
І гэта будзе жах. Людзі з узбярэжжаў Рэйна (Дуная і г. д.) ідуць вайной на людзей з берагоў Байкала, Нарачы, Асвеі (калі мы не загадзім у хуткім часе і іх)».
У. Караткевіча хвалявалі ўсе тыя непрадуманыя рашэнні, што абяднялі прыродныя і культурныя багацці рэспублікі, ускладнялі яго экалагічныя абставіны: «Там (у Раўбічах. — А. Р.) скора вадасховішчам, якое забяспечыць спартсменам грэблю і г. д., а дзяржаўныя дачы стабільнай вадою, будуць загублены адны з самых гожых вёсак і адзін з самых гожых ландшафтаў, якія бачыў. Высеклі і выкарчавалі вербы над рэчкай, а яна крынічная, чысцюткая. І такія сады, новыя і старыя, закінутыя, такія джунглі дзікай мяты, перачнай і простай, так лілавеюць узгоркі ад чабору. Усё пойдзе на дно…»
Але ўсё ж большую цікавасць выклікаюць разважанні У. Караткевіча аб літаратуры, мастацтве, мастацкай творчасці, у якіх аўтар закранае як праблемы сусветнай культуры, так і вострыя пытанні сучаснага мастацкага працэсу. Вось некаторыя з іх.
Памечана 1975 годам: «Пушкін — з’ява, прыдуманая і створаная богам (або прыродай, як вам будзе зручней), каб у кожным учынку, кожным гуку, жорстка і непрадузята праверыць сябе на праўду і фальш. Праверыць і часам пасаромецца».
Год 1976: «Цікава, мабыць, было б напісаць кнігу аб анатоміі здрады. І не так, як «Сотнікаў», а здрады на самым вышэйшым узроўні. Скажам, Уласаў. Толькі не так, як Арк. Васільеў, а па-сапраўднаму. Каб здрыгануліся, а не проста «каўбаснік у генерал-лейтэнанцкім мундзіры».
Год 1980: «Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім».
Год 1982, 28 лютага: «…Мне не шкада ні жрацоў, ні канкістадораў. Шкада, што пала ў руінах спадарожніца нават такога жорсткага грамадства, спадарожніца ўсякага (выдзелена У. К. — А. Р.) грамадства. Пала бязвінная і вялікая чалавечая культура. Прыціснутая і ўсё ж жывая пала ў прах, рассыпалася, згніла. Бязвінная адказчыца за грахі тых, што так не давалі ёй дыхаць, так груба і так падступна катавалі яе.
Яны выблыталіся — хай сабе прыняўшы чужую рэлігію з яе аўтадафэ, стаўшы са жрацоў — біскупамі. А вось самы дакладны дагэтуль каляндар у свеце — загінуў. А вось кнігі спалілі. А вось мастацтва знішчылі молатам і агнём. Рэшткі ад яго засталіся. Знішчалі яго і старыя і новыя, рэнегаты і заваёўнікі, але каб не вартыя жалю рэшткі ягоныя не было б апраўдання перад ісцінай усім мільёнам гэтых існаванняў на зямлі. Пляваць бы нам было на тых, каго елі і хто еў. Каго забівалі і хто забіваў».
Год 1982, 29 красавіка.
«…Ідзе сцэна апазнання. Гэтае кіно з’еў бы з кашай. Валяць на спецыфіку і ідзе прызнанне ў каханні на 10 хвілін на фоне праходу герояў па лесапарку. І хоць бы слова. І хоць бы пейзажам выявілі пачуцці людзей. Ні чарта не ўмеюць. У неарэалістаў я такое магу сто раз бачыць на фоне праходу па памыйках. Умею[ць] гаварыць пейзажам, святлом, музыкай. Нашы ўмеюць толькі балбатаць, як папугаі ў клетках, на сходах пра вобраз станоўчага героя. Ты — пішы яго, паказвай яго, а не дундукай».
І яшчэ колькі радкоў — аб адносінах У. Караткевіча да таленту, таленту сапраўднага, людзьмі прызнанага і прынятага, і таленту амбіцыйнага, фальшывага, дутага. Зноў жа на прыкладзе ацэнкі канкрэтных асоб з нацыянальнай мастацкай культуры. У першым выпадку размова пойдзе пра народнага артыста Беларусі Паўла Дубашынскага: «…Адзін з самых таленавітых людзей, якіх я ведаю. І не толькі як акцёр, ён якраз менш за ўсё грае, хіба толькі сваю слаўную душу. Гэта як… дзядзькі такія бываюць на вёсцы: гавораць — заслухаешся, салавей, калі можна сабе ўявіць салаўя з пачуццём гумару, і ўсё гэта робяць, як кажуць, не для хлеба куска, а для пана Езуса.
Расказваў такія гісторыі, што смяяцца і плакаць хацелася, і — жывая праўда, якой не выдумаеш, хоць язык адкусі, хоць бэркавец паперы з’еш. І разумны, як не толькі мала хто з акцёраў, а і мала хто з пісьменнікаў. Мабыць, некаторыя і не вераць…
І які талент увогуле. Расказаў чатыры голай праўды гісторыі, якія, каб запісаць так, як ён расказаў, — цаны б ім не было. Локці кусалі б усе нашы г… …Праўду кажуць, што калі ўжо таленавіты, то нават дровы таленавіта сячэ, нават малюе — на ўсе рукі майстар. А так, мабыць, і трэба».
У другім — пра вядомага беларускага этнографа Адама Багдановіча — бацьку паэта М. Багдановіча: «…Бо мяне аж калоціць ад злосці пры ўспаміне аб гэтым чалавеку. Напышлівы псеўдавучоны, які свету не бачыў за сваімі выгаданымі (і галоўнае, нуднымі) тэорыямі і ідэямі, ад якіх святых вон вынось. Праўда, няма горш за прэтэнцыёзную бяздарнасць, ды яшчэ і рэнегата. Я б на месцы Горкага не грошы пасылаў былому сваячку і надуманай велічыні (а не саромеўся ж браць), а выдаў бы гэты „Язык зямлі“ (асноўнае даследаванне А. Багдановіча. — А. Р.), а раптам там знойдзецца божая іскра хоць адна для нейкага там генія будучых стагоддзяў.
Сядзіць на фотапартрэце, падбіўшыся ручкай, Пляханаў гэткі. І — як паслугу — торкае: „Не перашкаджай жыць“.
…І ўсё пра сябе, усё для сябе, усё сам. Гразнова мне расказвала, што яны баяліся хадзіць да яго, бо, як пакладзе на стол гэты жалезабетонны блок рукапісу ды як пачне чытаць — усе пазасынаюць. Ну, гэта, паложым, не прыклад. Пачні чытаць „Загублены рай“, і мы паснем. Маглі не разумець яны, магу не разумець і я (хаця, каго сагрэе кніга, у якой нічога няма для нас сённяшніх, якая ўся і толькі (выдзелена У. Караткевічам. — А. Р.) для будучыні), але яго адносіны да сына і ягонага служэння сваёй зямлі, выпакутаванага ў маральных і фізічных цярпеннях — гэта ўжо занадта.
…Не, апантанасць уласнай бяскрылай шызафрэніяй».
Такія вось яны, караткевічаўскія меркаванні і ацэнкі — эмацыянальна-выразныя, лаканічна-канкрэтныя, праўдзіва-пераканальныя.
На жаль, у запісных кніжках У. Караткевіча мы не знаходзім звестак аб тым, як ішла праца над галоўным гістарычным творам «Каласы пад сярпом тваім». Але затое ёсць магчымасць прасачыць, як самааддана ён працаваў над такім складаным драматургічным творам, як трагедыя «Маці ўрагану». На наш погляд, храналогія творчага працэсу будзе цікавай і для чытача.
3 студзеня 1982 года. — Пачаў «Маці ўрагану».
4 студзеня… — Прац[аваў] над «Маці ўрагану».
5 студзеня… — Працую над «Маці ўрагану».
26 студзеня… — Працую над сцэнай з пракажоным. Скончыў карціну з пракажоным.
27 студзеня, 23.10. — Скончыў першую дзею «Маці ўрагану».
31 студзеня… — Не паехаў у Заслаўе (на этнаграфічнае свята. — А. Р.), а засеў за 4-ю карціну «Маці ўрагану».
1 лютага… — Яшчэ трэба пісаць сцэну ў Радзівіла.
2 лютага, 7.50. — Скончыў сцэну ў Радзівіла.
7 лютага, 21 гадзіна. — Скончыў другую дзею. За няпоўныя (увесь час перарывалі) тры дні ўсю шостую карціну. Асвячэнне зброі, разгром Данавана, штурм Крычава, разгром і адыход пад Царкавішча. Вялізная карціна. Выціснуты.
8 лютага… — Не працуецца, а з «Маці ўрагану» трэба канчаць.
14 лютага, 14.00. — Скончыў сцэну ў замкнутых сутарэннях.
21.20. — Скончыў «разгром пад Царкавішчам».
15 лютага, 18.20 — 21. — Скончыў «Маці ўрагану».
20 лютага. — Адкладу эсэ для Грышы, трэба вычытаць «Маці ўрагану», можа, удасца, здаць на машынку.
23 лютага. — Скончыў праўку «Маці ўрагану».
24 сакавіка. — Пасля забраў з машынкі «Маці ўрагану».
29 сакавіка. Раніцай. — А там зноў вычытванні, на гэты раз з машынкі «Маці (ўрагану)». А калі нешта не прахадное, а сапраўднае — чорт яго ведае.
Ну, «Маці ўрагану», вядома, не прахадная. Я, можа, яшчэ і сам толькі прадчуваю, які каменьчык я збіраюся бяздумна кінуць осам у гняздо.
31 сакавіка. — Ды не, чорта з два. Спачатку вычытаць «Маці ўрагану», звесці ў Віцебск і здаць.
2 красавіка. 0.20. — Скончыў вычытку першых трох экземпляраў «Маці ўрагану». Сёння буду вычытваць яшчэ тры, а там трэба званіць у Віцебск і ехаць туды на чытку.
5 красавіка. — Недзе ў 13 — 14 скончыў вычытку (выдзелена У. К. — А. Р.) апошніх трох з шасці экземпляраў «Маці ўрагану».
Якім драматычным талентам, якім веданнем гісторыі, якім майстэрствам патрэбна было валодаць, каб толькі за тры месяцы (з улікам удзелу ў пленуме Саюза пісьменнікаў БССР, секцыі прозы, сустрэч з чытачамі, зборам матэрыялаў для кнігі пра Мсціслаў і г. д.) стварыць трагедыю, якіх не ведала і пакуль не мае падобных беларуская літаратура. Так мог працаваць толькі чалавек, які вельмі тонка адчуваў адказнасць пісьменніка перад часам і перад народам. Чалавек, размову аб якім лепш за ўсё скончыць запісам з яго кніжак: «Аптымізм беларускі ў тым, што калі мы, нягледзячы на ўвесь пісімізм і безнадзейнасць мінулага, усё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым: «Калі ўжо наша мінулае з намі нічога не зрабіла, значыць, і будучыня нам па плячы».