Паэзія Ў.Караткевіча і вусная народная творчасць — Аркадзь Русецкі
Эх, каб яшчэ да легенд, якія ведаю, ды трохі
больш матэрыялаў, а то фантазія без цвёрдых
рамак разыходзіцца.
У.Караткевіч
Прыказкі, прымаўкі, загадкі, песні, прыпеўкі, легенды, казкі, казкі-міфы, гераічныя паданні, сказы, народныя паданні, замовы, нагаворы, галашэнні, духоўныя вершы, быліны — усё гэта народная мудрасць, усё тое, што называецца фальклорам, што ўзбагачала і ўзбагачае творчасць пісьменнікаў і паэтаў усіх эпох і народаў. «Мільтан і Дантэ, Міцкевіч, Гётэ і Шылер, — пісаў М. Горкі — узносіліся вышэй за ўсё тады, калі іх акрыляла творчасць калектыву, калі яны чэрпалі натхненне з крыніцы народнай паэзіі, бязмерна глыбокай, бясконца разнастайнай, моцнай і мудрай».
Моцны фальклорны струмень, да якога беспамылкова прыпаў У. Караткевіч, пранізвае ўсю яго паэтычную творчасць, напаўняе яе народным пачаткам, сінкрэтычнасцю, традыцыйнай паэтыкай. Бадай што няма ніводнага фальклорнага жанру, які не знайшоў бы свайго выкарыстання ў Караткевічавых творах. Таксама, як няма ніводнага паэтычнага зборніка, у якім бы чытачы не знайшлі, не ўбачылі ўплыву вуснай народнай творчасці як у тэматычных ці сюжэтных напрамках, так і ў творчых матывах, глыбока прасякнутых нацыянальнай і народнай традыцыяй.
Неяк М. А. Дабралюбаў, разважаючы пра лё беларусаў, адзначыў: «…Ва ўсякім разе, пытанне аб характарыстыцы беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў».
«Народная вусная творчасць, — лічыў адзін з класікаў беларускай літаратуры М. Гарэцкі, — дае багаты матэрыял і для лінгвіста-мовазнаўцы, і для гісторыка культуры, і для юрыста (народнае звычаёвае права), і для паэта, і для артыста-мастака, і для разьбяра і г.д. Народная творчасць наогул, а беларуская народная творчасць увасобку — гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Толькі трэба ўмець гэтыя скарбы дастаць».
Адным з тых беларусаў, хто паспрабаваў па-мастацку асэнсаваць гісторыю, нават перадгісторыю беларускага народа ў яе дыялектычным развіцці, з усімі цяжкасцямі, супярэчнасцямі, радасцямі, героікай і трагедыяй, не саромеючыся звяртацца па парады да самога народа, быў У. Караткевіч. Сваё крэда ён выказаў у адным з інтэрв’ю: «Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў, і кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым». У. Караткевіч цвёрда перакананы, што толькі пранікненне ў гістарычную памяць народа здольна забяспечыць непарыўнаць ланцуга паміж мінулым, сучасным і будучым і перасцерагчы людзей ад памылак і няшчасцяў. Мабыць, таму любоў да казак і паданняў, легендаў і сказаў, загадак і былін, майстэрскае пранікненне ў іх сутнасць, асэнсаванне гэтай сутнасці і яе выяўленне ў яго паэзіі, майстэрскае спасціжэнне глыбіні народнай мудрасці стала адной з важнейшых асаблівасцей і ўсёй творчасці У.Караткевіча, і ў першую чаргу яго паэзіі. Менавіта яны надаюць баладам, паэмам, песням, вершам паэта стылёвую адметнасць, рамантычную ўзнёсласць, рэалістычную народнасць і праўдзівасць. Менавіта яны адсылаюць чытача да мінуўшчыны, дазваляюць яму адчуць уплыў сярэднявечча на гістарычнае развіццё народаў. Менавіта народная творчасць, прасякнутая адкрытай дыдактыкай, проціпастаўленню пачуццяў добра і зла, феноменам чалавечай годнасці вельмі яскрава вылучае такія галоўныя накірункі творчасці У. Караткевіча, як пошук шчасця для бедных людзей, распятых «на дыбе тугі, нягодстве моцных», і праз яго як першапрычыну жыццядзейнасці пошук Ісціны, Праўды, Справядлівасці. Менавіта праз іх сучасны чытач пранікае ў духоўна-інтэлектуальную атмасферу далёкіх і блізкіх часоў, спасцігае працэс духоўнага развіцця беларусаў, адчувае яго накіраванасць у будучыню, веру народа ў свае творчыя, стваральныя сілы.
Нарэшце, праз творы паэта народны фальклор набывае новае жыццё, становіцца важным элементам беларускай мастацкай культуры, якая даволі актыўна садзейнічае маральна-інтэлектуальнаму абнаўленню грамадства.
Паўстаюць пытанні: «Што канкрэтна вабіла У. Караткевіча ў беларускім фальклоры?», «У чым ён бачыў яго прыцягальнасць і неадольную сілу?» і, нарэшце, «Што дало гэтае захапленне самой паэтычнай творчасці У. Караткевіча?».
Адказ на гэтыя пытанні, на наш погляд, можна знайсці толькі ў самой творчасці У. Караткевіча. Не прэтэндуючы на ўсёабдымнасць аналізу, паспрабуем пашукаць гэтыя адказы. І пачнём з асабістых прызнанняў У. Караткевіча: «Абрабляю народную легенду, якую назаву „Маці ветру“ (з часоў паўстання Вашчылы), абрабляю на апавяданне народную песню пра Сымона і ваяводу, думаю яе назваць або „Песня аб мячы“, або „Залаты век“. Штука выйдзе вельмі жорсткая. Думаю напісаць паэму па матывах казкі (падкрэслена аўтарам. — А. Р.) пра вужыную каралеву. …Працую над паэмай „Дзяўчына з Быхава“ — гэта будзе нешта амаль бессюжэтнае, як адзін дзівак выпадкова прыняў у дарозе дзяўчыну за замужнюю жонку і потым, даведаўшыся пра памылку, хадзіў тры поры па акрузе і шукаў, не ведаючы нават яе прозвішча і толькі прыблізны шлях…» Гэта з ліста яшчэ толькі пачынаючага паэта да Максіма Танка 12 лістапада 1955 года. І яшчэ адна спасылка на перапіску паэта. 27 мая 1956 года У. Караткевіч піша М. Танку (зразумела, што ў сваім артыкуле мы выкарыстоўваем толькі тыя месцы з перапіскі, што маюць непасрэдныя адносіны да разглядаемай праблемы): «Памятаю такіх (народных. — А. Р.) легендаў штук сорак, не менш. Як вы думаеце, ці варта ўсё гэта аднавіць у памяці, спытаць іншых людзей, якія іх чулі, і запісаць? Гэта, вядома, не будзе фальклор, таму можна і прыкрасіць. Магчыма, яшчэ хто-небудзь дабавіў бы тое, што чуў ён, і тады можна было б якую сотню легендаў выдаць для дзяцей, з каляровымі малюнкамі, пад назвай, скажам, «Легенды азёрнага краю».
І першыя цаглінкі ў падмурак такога вось «легендарнага» будынка паклаў сам У. Караткевіч. У канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў ён стварыў легенды — «Маці ветру» і «Легенду аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны», стварыў шэраг баладных і рамантычных твораў, прысвечаных малавядомым старонкам нашай гісторыі.
Такім чынам, ужо на пачатку творчага шляху У. Караткевіч адназначна выказаўся за спасціжэнне таінства фальклорнага багацця беларусаў. Здаецца, ужо тады паэт вызначыў для сябе галоўныя магістральныя кірункі ў вывучэнні ідэйна-эстэтычных якасцей фальклору. Яны, на наш погляд, не разыходзяцца з магістральным кірункам паэтычных твораў, а яшчэ больш канкрэтызуюць і робяць кантрастнымі мастацкія імкненні паэта. Па-першае, гэта спроба за дапамогай фальклору ўзнавіць мастацкімі сродкамі гісторыю «векавечнай бацькаўшчыны» на ўсіх этапах станаўлення і развіцця нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, па-другое, стварыць асабістыя паэтызаваныя вобразы народнных заступнікаў (незалежна ад таго, кім яны былі, — гістарычнымі асобамі ці легендарнымі стварэннямі народных апавядальнікаў, гусляроў, быліннікаў). Нарэшце, па-трэцяе, знайсці адказ на галоўнае філасофскае пытанне «Што ёсць чалавек?».
Машэка… Не аднаму твору ў беларускай літаратуры даў жыццё гэты легендарны вобраз народнага змагара з прыгонніцтвам і бяспраўем працоўнага люду. Не абышоў яго сваёй увагай і У. Караткевіч. І не толькі не абышоў. На аснове гэтай легенды быў напісаны першы паэтычны твор — верш «Машэка». Верш гэты не зусім звычайны. Нават калі разглядаць яго з пазіцый сярэдзіны 90-х гадоў ці канца ?? ст., амаль праз пяцьдзесят гадоў пасля з’яўлення ў друку. Не зусім звычайны не толькі з пункту гледжання традыцыйных падыходаў да ацэнкі першага верша паэта. Галоўная яго адметнасць, на наш погляд, у насычанасці народным духам, у глыбокім спасціжэнні фалькору, які не толькі цытуецца ці служыць дапаможнікам у якасці ўзору вершаскладання. Страсны маналог бунтара-адзіночкі — гэта не проста асабістая споведзь Машэкі аб пражытым і перажытым, гэта імкненне аўтара праз яе данесці да сучаснікаў набыткі вуснай народнай творчасці беларусаў, зліць у адно складаныя, казачныя, былінныя матывы і пачуцці канкрэтнага чалавека эпохі, аднаго з тых, хто ў свой час быў жывым матэрыялам для народных творцаў.
Чытач у вершы «Машэка» знаходзіць самыя разнастайныя фальклорныя жанры, узнікненне якіх характэрна для тых далёкіх часоў, калі ў барацьбе з панскім і феадальным засіллем пачынаўся працэс фарміравання нацыянальна-духоўнай самасвядомасці беларусаў. Тут і былінна-казачныя элементы (вобраз народнага заступніка Машэкі, ад рук якога «горы панскіх цел мой Дняпро панёс»), тут і прыказкі з іх пераносным сэнсам («і спячэцца пан на маім нажы»), і лаканічныя прымаўкі («Ночка нас з нажом, як братоў звяла», «стаю, як корч»), і элементы алегарычных казак («і ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, — у ім карэнні — столь, ложак — ліст сухі»). Побач з хрысціянскімі — язычніцкія элементы («Я стаю… ў воўчай скуры ўвесь, зліўся з дрэвамі…»). І ўсё гэта зліваецца ва ўласны твор, знітаваны адзінай ідэяй і напісаны на адзіным подыху. Неяк Р. Бярозкін, разважаючы пра твочасць У. Караткевіча, зазначыў, што галоўнай вартасцю «Машэкі» з’яўяецца тая песенная атмасфера, у якой жыве і дзейнічае герой легенды.
Яшчэ адзін верш — «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» з паэтычнага зборніка «Матчына душа». Паўстанец Ваўкалака — высакародны змагар супраць прыгнятальнікаў — быў смяротна паранены паюкамі (панскімі прысужнікамі), калі прабіраўся да роднай хаты ці то пабачыць родную сястру, ці то наведаць магілку маці.
У «Баладзе пра паўстанца Ваўкалаку», як і ў вершы «Машэка», чытач сустракаецца з шэрагам асаблівасцей і элементаў з розных жанраў вуснай паэтычнай творчасці. Праўда, у адрозненне ад «Машэкі», у якім жанравыя асаблівасці народнай творчасці выступаюць сінкрэтычна, без выдзялення сутнасных характарыстык кожнага жанру, паэтычны расказ пра Ваўкалаку адназначна азначаны аўтарам як балада — гэта адзін з самых распаўсюджаных жанраў у славянскай народнай паэзіі. Менавіта баладная форма дазволіла У. Караткевічу знітаваць у непадзельнае цэлае драматычнасць і трагізм жыцця і кахання героя, лірызм у апісанні роднай прыроды і багатыя магчымасці вуснай народнай творчасці.
Своеасаблівым злучальным пачаткам балады выступае трохслоўны кампазіцыйны рэфрэн «Лісце аб’еш, алень». Смяротна паранены Ваўкалака з такімі словамі звяртаецца да ляснога аленя, што ідзе да вадапою. Яны гучаць і як просьба, і як заклінанне, і як апошняе перадсмяротнае жаданне. «Лісце аб’еш, алень», каб праз кусты можна было б хоць убачыць хату, дзе жыве родная сястра і могілкі, на якіх ляжыць маці бунтара. «Лісце аб’еш, алень», каб яшчэ, ужо ў апошні раз, не толькі адчуць радасць і глыбіню кахання, але і зразумець і пераканацца, то нават гэтае жыццядайнае чалавечае пачуццё не можа быць прамяняна на волю, магчымасць да канца жыцця змагацца за шчасце простых людзей. «Лісце аб’еш, алень», каб апошнім перадсмяротным позіркам акінуць родныя прасторы, адчуць іх непаўторнасць, хараство і веліч. Мабыць, адметнасць гэтай балады якраз і заключаецца ў тым, што дзеянне твора рухае не эпічная паэзія, паводле баладнага жанру (хоць у аснову балады пакладзена жыццё гістарычнай асобы), а яе аналаг — лірычнае перажыванне падзеі. Такое вось спалучэнне баладнага і лірычнага пачаткаў надае народным павер’ям і легендам асаблівае гучанне, робіць іх прывабнымі для сучаснага чытача.
Выкарыстанне азначанага прыёму характэрна для такіх жанраў вуснай народнай творчасці, як нагаворы, плачы, замовы, калі чалавеку верылася, што пэўнымі заклінальнымі словамі можна ўздзейнічаць у пажаданым кірунку на прыродны, жывёльны свет, на другіх людзей і нават на Бога. Таму зусім апраўданым для паэта і зразумелым для чытача з’яўляецца зварот-заклінанне Ваўкалака да аленя, менавіта ў якім герой балады бачыць адзіны сродак спаўнення свойго перадсмяротнага жадання. Дарэчы, такі прыём У. Караткевічам больш не выкарыстоўваецца ні ў баладах, ні ў вершах ці паэмах. На наш погляд, гэта яскравае сведчанне разумення паэтам неабходнасці беражлівых адносін да вуснай творчасці народа і ашчаднага выкарыстання яго багацця.
Верш «Машэка» і «Балада пра паўстанца Ваўкалаку» не з’яўляюцца нейкім своеасаблівым выключэннем у выкарыстанні У. Караткевічам вуснай народнай творчасці. Амаль усе яго балады, у першую чаргу «Чорная балада Гаркушы», «Балада аб трыццаць першым сярэбраніку». «Балада плахі», «Балада пра дзіка і чалавека», «Партызанская балада», «Балада пра галубіныя пер’і», «Балада пра Невядомага, Першага», «Балада пра развітанне», «Балада пра архангелаў», многія вершы («Заяц варыць піва», «На пачатку дарог», «Баявыя вазы», «Мокрыя травы», «Засуш», «Здратаваныя магілы», цыклы вершаў «Старыя сувоі», «Таўрыда», «На Беларусі бог жыве…», «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў», «Бекеш, або Ода Ерасі», «Армянскія ананімныя прытчы», «Раманс пра караля, што пакінуў трон», «Паэма пра явар і каліну»), драматычныя творы нясуць у сабе магутны фальклорны струмень.
Звычайная вясковая «талака», калі ў адной з гаспадынь збіраюцца жанчыны, каб супольна выканаць якую-небудзь работу (у дадзеным выпадку, нашаткаваць капусты) —
А каб казаць па праўдзе, паспяваць,
Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру,
Гарэлю выпіць пасля працы лёгкай
І пачасаць нязлосна языкі«… —
(І, 12 — 13)
апісана У. Караткевічам у вершы «На пачатку дарог», якім адкрываецца першы паэтычны зборнік «Матчына душа». Майстэрства бытапісання, умелае валоданне словам, рытмікай верша. Але не гэта прадстаўляе цікавасць у кантэксце разглядаемай праблемы. Тут упершыню ў вершаванай форме (бадай, найбольш выразна) сфармуляваны паэтам яго асабістыя адносіны да народных песень, казак, вуснай беларускай паэзіі.
У час талакі (яна ж не толькі калядная, але і велікодная) гучаць каляндарныя і бытавыя, вясельныя і масленічныя, купальскія і пятроўскія песні. Упершыню «жадобна ловіць гукі» песень чатырохгадовы дзіцёнак, «які на зэдліку сядзіць ля печкі». І хоць
Ён шмат чаго яшчэ не разумее:
Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку,
Чаму не поўна рэчанька, чаму
Андрэеўна нажом сябе забіла,
Калі магла яна забіць султана?
Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае?
(І, 13)
Разуменне прыйдзе потым. Цяпер важна тое, што ўжо з маленства «гукі гэтых песень навекі застануцца жыць у сэрцы».
І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня,
Плыве ў душу, у сэрца хлапчука,
І ён яе ніколі не забудзе.
(І, 14)
Як не забудзе «словы першых кніжак дарагіх»:
«Савось-распуснік», «Пра сабаку Бума»,
«Пра пана-жываглота», «Вярнідуб»,
Старая чытанка ў пажоўклых корках
І казкі, казкі, казкі Беларусі,
Трапёткія, як першыя пралескі,
Пякучыя, як гнеўная маланка,
Загадкавыя, як агонь у лесе,
Багатыя, як жнівень залаты.
(І, 13)
«Паэзія Караткевіча, — адзначыў адзін з яе даследчыкаў А. Верабей, — вызначаецца інтэлектуальнай заглыбленасцю, багаццем, свежасцю і арыгінальнасцю мастацкіх вобразаў, разнастайнасцю рытмікі. Караткевіч як паэт валодае значнымі творчымі магчымасцямі. Ён імкнецца абнавіць сучасны беларускі верш, вызваліць яго з цесных рамак формы, напоўніць філасофскім зместам».
Звернемся для падмацавання гэтай думкі да створанага У. Караткевічам на аснове вуснай народнай творчасці вядомага верша «Заяц варыць піва». Глыбокае веданне духоўнага і маральна-этычнага вопыту народа, прымножанае фантастычна алегарычным прачытаннем беларускай народнай казкі пра зайца-півавара, дазволіла У. Караткевічу стварыць цікавы верш, арганічна спалучаючы міфалагічны погляд на жывёл з паказам галоўных звычак звяроў, іх характару і паводзін. Скажам, заяц баязлівы, але ён і кемлівы, і лоўкі, і ўсё робіць дзеля дабрабыту сваёй сям’і. А калі такія паводзіны аздоблены лагоднай усмешкай паэта, здаровым народным гумарам — узнікае новы твор, сучасная казка-прыпавесць, якая дапаўняе і развівае народную традыцыю:
…А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць з ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц зварыць густа,
А на закуску — бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
«Цвіцела морква» завядуць.
Пабачыш — не гані з абсады,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасць
Перад халоднаю зімой.
(І, 18 — 19)
Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта са знаёмства з беларускай народнай казкай, з яе багатым жыццёвым зместам, з яе станоўчымі героямі-змагарамі за народнае шчасце, узнёслай фантастыкай і надпрыроднай гіпербалізацыяй (успомнім, як характарызуе беларускую казку сам Караткевіч: «І казкі, казкі, казкі Беларусі, трапёткія, як першыя пралескі, пякучыя, як гнеўная маланка, загадкавыя, як агонь у лесе, багатыя, як жнівень залаты» (І, 13) пачынаецца для кожнага чытача дарога да твораў Багдановіча і Купалы, Цёткі і Коласа, сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.
Вядома ж, для стварэння арыгінальнага мастацкага твора на народнай аснове мала толькі ведання вуснапаэтычнай народнай творчасці. Тут, як пісаў у адказе на пытанні польскага вучонага Міраслава Ахоцкага У. Караткевіч: «…павінен быць адпаведны настрой. Яго ствараюць розныя рэчы. Пачуццё вялікага спакою, або, наадварот, нейкая падзея, што скалане цябе аж да глыбіні душы, або нешта такое, што спалучае і тое і іншае.
…Часам наштурхоўвае на гэта нават кніга. Прычым не толькі ў тым сэнсе, што вычытаны недзе дакументальны факт, які адразу нараджае цэлы рой ідэй, вобразаў, тыпаў, але і ў тым сэнсе, што, бывае, нейкая думка кнігі нараджае асацыяцыю «ад супрацьлеглага», асацыяцыю-пародыю або ўспамін. Ён абрастае другімі ўспамінамі і ўрэшце ператвараецца ў супрацьлегласць, у рэч, якая мае самастойную каштоўнасць.
…Ну вось, настрой створаны, усё адно чым, матэрыял заўсёды пад рукой, бо ўсё жыццё ты толькі і рабіў, што жыў і збіраў убачанае і чутае (выдзелена аўтарам. — А.Р.). І тут толькі трэба берагчы гэты настрой, не расплюхаць яго і чакаць, пакуль цябе «панясе». Словы гэтыя асабліва важныя, бо самым характэрным для У.Караткевіча было спасціжэнне гісторыі роднага краю ці то праз вывучэнне гістарычных дакументаў, ці праз запіс народных паданняў, ці праз шматлікія сустрэчы са старажыламі розных тэрыторый Беларусі.
У гэтым сэнсе найбольш паказальным з’яўляецца лірычны цыкл «Таўрыда» з паэтычнага зборніка «Мая Іліяда». Знаходзячыся ў Крыме, паэт наведаў месцы, дзе раней жылі таўры, адзін са старажытных народаў з высокаразвітой культурай (асаблівае развіццё атрымалі ткацтва і ліццё з бронзы), сваімі норавамі, побытам.. Адчуванне таго, што гэты народ знік поўнасцю (на Аюдагу, напрыклад, «замест муроў валы з расыпаных каменняў. Усё зарасло паўдзённым лесам, абвілося плюшчом. Ледзь відаць квадраты, рэшткі вежаў»). Зніклі мова народа, яго песні. Усё было настолькі ўражальнае і так глыбока запала ў «каморы памяці» паэта, што прымусіла яго больш дэталёва вывучыць гісторыю Таўрыды. У выніку з’явіўся лірычны цыкл «Таўрыда», цыкл, створаны на такім веданні жыцця і побыту старажытнага народа, таўраў, а таксама тых народаў, якія асімілявалі з іх і жылі ў Крыме ў ХVII — ХІХ стагоддзях, што, здаецца, напісаны ён чалавекам, які толькі і займаўся гістарычнай навукай. Паэтычныя апісанні Аюдага, Чатырдага, Генуэзскай крэпасці, Гурзуфа, вадаспада Учан-Су, гары Шайтан-Мярдвень, Чурфут-Кале і іншых мясцін, звязаных з жыццём таўраў, так перасыпаны ўсходнімі мудрасцямі, эпітэтамі, параўнаннямі, што ствараюць для сучаснага чытача добрую магчымасць спазнаць навакольную рэчаіснасць, у якой жыў і змагаўся за сваё існаванне народ старажытнай Таўрыды. Вось на Чатырдагу
Расце каравае дрэва,
Абпаленае перунамі.
Стаіць і ў цвіценне верыць —
Адно супраць сцюж і абвалаў, —
Смерць хаваючы ў сэрцы,
Жыццё — ў каранях між скалаў.
(«Дрэва на Чатырдагу». І, 193)
Вось сам Чатырдаг, «пан вечнасці», якога
…пільнуе прорваў жах
І ўверсе зорак лёд, як кроплі слёз,
Закатаваных вечнасцю нябёс.
Смерць пад нагой і смерць над галавой.
(«Чатырдаг». І, 194)
Вось Аюдаг, які як
…мядзведзь на спакойнае мора усперся
І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе,
На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.
(«Гурзуф уначы». І, 198)
Але за вонкавым хараством таўрыйскай прыроды хаваўся жорсткі ханскі дэспатызм, здзекі над простымі людзьмі, прыніжэне іх чалавечай годнасці. Па-майстэрску перадае паэт плач беларусак-паланянак аб сваім трагічным лёсе ў вершы «Фантан слёз»:
…О божа наш мілы!
Дай нам радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б’юць,
Дай нам, глухі, лебядзіныя белыя крылы,
Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.
Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,
Тужым па лепшай на свеце сваёй старане
У гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,
У гэтай цясніне, дзе божаму свету канец.
Выйсце? Іх два. І абое замкамі замкнёны:
Злева — пустэчы, дзе косткам бязрадасна тлець,
Справа — гняздо караімаў і пракажоных,
Горад ізгояў, пячорны Чуфут-Кале.
Дзе вы, далёкі наш Нёман, Дняпро, Белавежа?
Клетка і скалы вакол, і нябёсы дзярэ мінарэт.
Хана пяшчота праклятая, еўнуха вежа,
Чахлы садок, і фантан, і гарэм, гарэм, гарэм.
(І, 213)
Непадробнай тугой аб сваім цяжкім лёсе, растаптанай чалавечай годнасці, згубленых жыццёвых радасцях і шчасці напоўнены маналогі тых, хто і па сваёй волі і супраць яе дапамагаў трымаць у пакорнасці другія народы — воіна Мехмета («Песня Мехмета») і маці хана, і жонкі хана Джаніке-ханум («Маўзалей Джаніке-ханум»). Мела час падумаць і паразважаць аб сваім жыцці Джаніке-ханум. Відаць, разумная была жанчына, калі зразумела, што не ў багацці і не ва ўладзе над людзьмі шчасце. Час усё расстаўляе на свае месцы, і перад смерцю заўсёды прыходзіцца даваць адказы на адвечныя пытанні: «Як пражыў жыццё?», «Што пакідаеш людзям?». Устаюць яны і перад Джаніке-ханум: «Што такое багацця гной, улада ўся, усё золата свету перад простай людской цеплынёй? Што такое нянавісць у сэрцы, кроў, падкопы, людзі-багі перад простай ісцінай смерці, перад вечнай спякотай магіл?!» Усё гэта —
Непатрэбная чэрапу ўлада,
Непатрэбнае золата тло.
І ніхто не скажа: «Ты — радасць».
І не крыкне ў адчаі: «Ты — зло!»
(«Маўзалей Джаніке-ханум». І, 208)
Адзінота… Адзінота сярод багацця і пустэча ў душы — вось ён, лёс чалавека, які шукае ісціну ў царстве страху, сваволля і дэспатызму. Просты воін Мехмет, які ўсё сваё жыццё правёў у набегах, і войнах у імя вялікага хана, таксама разумее нялюдскасць такога жыцця. Акумуліруючы ў сваёй песні беды людскія, ён адназначна выказваецца:
І нашто былі нашы пакуты
І пакуты вакольных людзей?
Справядлівасць і вера стаптаныя!
Хай у крыві пад васкрылляў звон
Не на простых — на голаў хана
Цяжка рухне народаў праклён!
(«Песня Мехмета». І, 106)
Свой прысуд жорсткасці, злу «без літасці й сумлення», раскошы і распусце крымскіх ханаў У. Караткевіч выносіць вуснамі вандроўнага цюркскага філосафа ХVII стагоддзя Насрэдзіна Ахмет-Аха эфендзі:
Вакол мяне душыцеляў гайня.
Каранам б’юць па чалавечых марах,
А ў кожнай суры — нізкая хлусня…
І нізасць рабская у кожным твары.
Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй,
Гнілым мулам і хцівым царадворцам,
Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу,
Гной ішака ўсхваляюць свелым сонцам.
А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо.
Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць.
Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо
У раба й султана, ў гяура і святошы.
Каго мне джаліць і каго караць?
Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку,
Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край
Ці два, ці ры з найменнем Чалавека?
(«Нараканні Насрэдзіна Ахмет-Аха эфедзі». І, 209 — 210)
Паэтычны цыкл «Таўрыда» У. Караткевіча наскрозь прасякнуты матывамі цюркскага фальклору, ён неяк мімаволі выклікае аналогію з крымскімі творамі А. С. Пушкіна, якія напоўнены старажытнасцю, легендарнымі вобразамі і падзеямі. Пушкіназнаўцы, даследчыкі іншых навук, якія займаюцца вывучэннем гісторыі і культуры Крымскага паўвострава, неаднаразова адзначалі той уклад, які ўнёс у асэнсаванне гісторыка-культурнай спадчыны крымскай зямлі вялікі рускі паэт. Напрыклад, савецкі археолаг і гісторык А. А. Формазаў лічыць, што ў паэтычных творах А. С. Пушкіна на гістарычную тэму ўсё ж перамагае паэт. Хоць сілай свойго паэтычнага ўяўлення, паэтычныя фантазіі ён стварыў такое аб’ёмнае паняцце аб Крыме (з яго Бахчысараем і храмам Артэміды), такія паэтычныя вобразы (Зарэма і Марыя), якія наўрад ці мелі б такое доўгае жыццё ў часе і прасторы, калі б нават яны вышлі да чытача са старонак гістарычных фаліянтаў.
Прыкладна такая ж сітуацы і з крымскім цыклам У. Караткевіча. Створаны ім лірыка-гістарычны эпас аб таўрыйскім народзе — тут нельга не пагадзіцца з Т. Чабан — узнаўляе падзеі мінулых стагоддзяў не з пазіцый гістарычнай храналогіі з усёй яе шматпланавасцю падзей, фактаў, характараў, багаццем народнага фальклору. Паэт зыходзіць з разумення найбольш агульных характарыстык эпохі, дзе праўда мастацтва не канфліктуе з праўдай гісторыі. У. Караткевіч дае сваю, рамантызаваную карціну жыцця старажытнага народа, больш прыгожую і сапраўдную, чым эмпірычная рэальнасць цюркскай крымскай дзяржавы, не ідэалізуе яе, а імкнецца бачыць адмоўныя бакі, выкрываць іх антыгуманную сутнасць. Літаратуразнаўцы такі падыход, у якім рамантызацыя, як ступенька да раэлізму, з’яўляецца асаблівай формай канцэнтрацыі і выяўлення гістарычнай праўды, ацэньваюць як слушны і аб’ектыўны.
А. Асіпенка ў сваіх успамінах, напрыклад, піша, што ў творчасці У. Караткевіча «дзіўным чынам ужываліся ўзнёслы да наіўнасці рамантызм з бязлітасным рэалізмам… Ён глядзеў на свет як бы праз дзве прызмы: адна прыводзіла яго да экстазу перад прыгажосцю і буйнасцю жыцця, другая — да роспачы перад пачварнасцю і несправядлівасцю і гвалтам. Іншы на ягоным месцы раздваіўся б, згубіў бы арыенціры ды і пайшоў па жыцці і літаратуры, як усе, — па праспекце. Караткевіч застаўся верны сабе і сваім прыхільнасцям. У яго быў добры дарадца — мудрасць. Яна — узровень чалавечага інтэлекту. Памножаная на апантанасць, мудрасць нараджае сапраўдныя дзівы мастацтва, якімі і былі творы Уладзіміра Караткевіча».
У кантэксце разглядаемай праблемы асаблівую цікавасць выклікае некалькі вершаў — я назваў бы іх «маленькім армянскім цыклам», — змешчаных у першым томе Збору твораў У. Караткевіча. Тут усё прасякнута народнай мудрасцю, напоўненай, з аднаго боку, глыбокім філасофскім зместам і, з другога, гумарам, але гумарам менавіта армянскім, з’едлівым, саркастычным, што выкрывае заганы эксплуататараў.
Хан кліча лекара-табіба зрання:
— Баліць азадак. Маю барыша.
Лячы хутчэй, бо заўтра мне ў дыване
Дзяржаўныя пытанні вырашаць.
— Ды вылечым. Але прабач, мой хане,
Магчыма, у неразумнасці сваёй
Я нейк лічыў, што гэтыя пытані
Рашаюць пераважна галавой.
(«Хан і табіб», І, 292)
Як задумаў свіння — Асманскі султан
З Каўказам сілаю мерацца,
Ён — меру гароху прыслаў для армян,
А яны — пяць струкоў чырвонага прецу.
І кожны султанаў мудрэц, як баран,
Разглядаў іх і сэнсу не бачыў…
(«Пяць струкоў перцу», І, 291)
Аказваецца, у гэтых пяці струках быў захаваны іранічны, але глыбокі змест:
…Войска іхняе — пяць пярчын — прад табой,
Праглыні, найвялікшы султане,
І згарыш ці да смерці уп’ешся вадой:
Ні Севан, ні рэчак не стане…
(І, 291)
Яшчэ некалькі радкоў з вершаў, пазначаных У.Караткевічам як «Армянскія ананімныя прытчы», у якіх яскрава адчуваецца цяга паэта да твораў, створаных народам, твораў, што нясуць на сабе пячатку мудрасці старажытнага Урарту, Малой і Вялікай Арменіі, сярэднявечнай Арменіі часоў Дэвіда Сасунскага. Адна з прытчаў прысвечана V стагоддзю, часам, калі па ўсёй краіне ішла антыіранская вайна, калі ў жорсткай барацьбе на змену аднаму правіцелю прыходзіў другі, калі паўсюдна адчуваліся і прадажніцтва, і здрада, і абман.
Воўк авечкам сказаў: «Мір вам светлы й святы».
Нада мной і над вамі — адзіны Бог«.
І Баран сказаў: «О сёстры й браты! —
Ратуйся, хто як і хто змог!»
(«Армянскія ананімныя прытчы». І, 290)
І «ратаваліся» хто як мог, пачынаючы з V стагоддзя і да нашых дзён. Адны адгаворкамі, другія фальшам і прыслужніцтвам, адданасцю «власть имущим», трэція, як крылоўскае ягня, надзеяй на «справядлівае» вырашэнне ваўкамі праблем «дабра і зла». Але ў адказ — над усімі «ваўчыны бог», адна «ваўчыная ісціна»: «Ты вінаваты ўжо ў тым, што хочацца мне есці…»
А якім сарказмам прасякнуты словы апошняга чатырохрадкоўя адзначанай прытчы:
Калі часам пачую голас святы:
«Абавязкі!!!
Прагрэс!!!
Ідэі!!!
Правы!!!» —
Мне таксама хочацца крыкнуць: «Браты!
Ратуйся, — на злом галавы!!!»
(І, 290)
Другая прытча — з ХХ стагоддзя:
Ганарылася стронга перад печкуром:
«Рыбакі мной цароў частуюць»! А ты?!.
Галадранец кожны нясе цябе ў дом,
Купіўшы за шэлег сто тры хвасты«.
І пячкур адказаў : «Ну і хай сабе голь,
Хай ламаны шэлег за сто тры хвасты.
Ты ж — бясплатна вандруеш на панскі стол.
Значыць, нават таго не вартая ты».
(І, 290 — 291)
Калі творы «маленькага армянскага цыкла», пра якія размова ішла раней, поўнасцю асноўваюцца на вуснай народнай творчасці армян, то пра верш «Арарацкая даліна» трэба выказацца асобна. Верш невялікі па памеру — усяго дванаццаць паэтычых радкоў, што выказваюць пачуцці і ўражанні паэта ад наведвання армянскай жамчужыны. Але ён так насычаны метафарамі і такімі нечаканымі параўнаннямі, што цяжка нават успрымаць іх. Мяркуйце самі пра тую арарацкую зелень, што яна «такая зялёная, ажна сіняя!» (падкрэслена аўтарам. — А.Р.). Ці сам Арарат, які ўзвышаецца над далінай па-царску, «прысыпаўшы лысіны пудрай цукровай, захутаўшы ногі ў ліловыя хмары». Ці, нарэшце, кожны домік жыхароў даліны, што «ў агні буяным згарае купінай неапалімай». Як можна ўбачыць зелень такой, што яна замест зялёнай успрымаецца як сіняя? Што гэта за пажар, у якім дом «гарыць» ад павешаных сушыцца на ім струкоў перцу, але застаецца купінай неапалімай? Адказ на гэтыя пытанні, на наш погляд, можна знайсці ў самім характары паэтычнай творчасці У. Караткевіча. Такой смеласцю ў выкарыстанні паэтычных прыёмаў можа валодаць той мастак, які не толькі спасцігнуў тайну народнай паэтыкі, але і беражліва да яе адносіцца, ашчадна выкарыстоўвае выяўленчыя сродкі мудрасці шматлікіх пакаленняў.
Трэба адзначыць і такую адметную рысу ўзаемадзеяння паэзіі У. Караткевіча з вуснай народнай творчасцю, як імкненне спазнаць народную мудрасць не толькі ў часе, але і ў прасторы. Веданне вусна-паэтычнай творчасці старажытнай Таўрыды, як і даўняй Арменіі, — гэта не адзінкавыя прыклады пранікнення паэта ў народную мудрасць розных краін і народаў. Багата насычаны элементамі вуснай народнай творчасці вершы, прысвечаныя Латвіі і Рызе («Крумкачы»), Літве і Вільнюсу («Вільня ў дождж», «Чурлёніс»), Расіі і Украіне («Дняпро і Ака. Ён і яна»), «Таруская віла», «Цар-гармата», паэма «Слова пра чалавечнасць»), асабліва старажытнай Эладзе і яе людзям («Балада пра сыноў Пітакоса», «Здратаваныя магілы», «Энкелад»).
Успомнім толькі некалькі радкоў з плачу-звароту старой грачанкі да свойго сына Петраса Антэаса, які гераічна змагаўся за свабоду Элады:
Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?
Ты не вер дактарам. Мне не цяжка прыйшлося.
Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.
За труною людзей — нібы ў полі калоссяў,
Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.
Мне не цяжка. Мне іншае горка, мой родны,
Што цябе ўладары ліхалецця і ночы,
Баючыся за «Грэцыі роднай свабоду»,
Не пусцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.
Хто ж з іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя
Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?
На Галгофу калісьці пусцілі Марыю,
А цябе — на магілу маю не пусцілі.
Праз абшары марэй, праз світанні і ночы
Я кажу са сваёй здратаванай магілы:
— Ты не плач, маё сонца, мой любы сыночак,
Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.
(«Здратаваныя магілы». І. 139 — 140)
Верш напісаны У. Караткевічам у 60-я гады. Але які блізкі ён да плачаў, заклінанняў, маленняў тых маці-грачанак, якія яшчэ да нашай эры выпраўлялі сваіх сыноў змагацца за свабоду роднай краіны супраць рымскіх легіянераў і персідскага нашэсця.
Мабыць, непасрэдага дачынення да толькі што азначаных праблем верш «Апошняя песня Дантэ» не мае. Але, на наш погляд, зусім справядлівым будзе засяродзіць увагу чытача на адной (у межах тэмы нарыса) акалічнасці: наколькі глыбока і ўражліва намаляваў У. Караткевіч апакаліптычную карціну біблейскага пекла, дзе ўсякая ўлада асяклася.
Дзе павуціння д’яблы не плялі…
Бязмежнаю варонкаю крутою
Зрываўся ён ля самых нашых ног
У нетры зла. І гэтаю сцязёю
Сам божы сын — і той прайсці б не змог.
Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,
Схіл зла і слёз, адчаю і трывог,
Пакут і безнадзейнасці пякучай.
І нехта там варочаўся на дне,
Дарэмна поўз на ледзяныя кручы
І ўніз зрываўся, грузны, як свінец.
Ў бяссільнай злосці, з ярасці пакутах
Ён ланцугамі пачынаў звінець,
Стагнаў і выў раз’юшана і люта,
І роў, як львы і гарпіі — адзін, —
Як быццам дэман там крычаў прыкуты…
(«Апошняя песня Дантэ». І, 155)
А калі грэшнікі (нават тыя, хто быў прымусова вызначаны ў гэтую катэгорыю) прасілі «аб літасці на розныя лады», тады назіральнікі за «парадкам» у біблейскім царстве кідалі на іх
…Срэбных і цякучых змей.
І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,
У кіпці, што чапляліся за глей.
Яны зрываліся. І там пачвара,
Ўздымаючыся змрочнай галавой,
Задыхала атрутнай, мерзлай парай
І забурчэла з радасцю нямой.
(І, 156)
Гэтыя жудасныя відовішчы па сваёй выразнасці не менш пераканальныя, чым казкі, быліны, легенды, народныя паданні аб усякіх страшыдлах, цыклопах, што імкнуліся трымаць працоўны люд у страху і супраць якіх выступалі казачныя асілкі, былінныя багатыры, народныя заступнікі.
Яшчэ адзін якасны бок творчасці У. Каратквіча, што пераканаўча паказвае яе непарыўную сувязь з вуснай народнай паэзіяй. Гэта стварэнне рамантычных карцін «роднай бацькаўшчыны» праз багатае выкарыстанне асацыяцый, параўнанняў, метафар, эпітэтаў.
Для яго Беларусь — зямля
…Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край —
Твой дом і сабор…
(«На Беларусі Бог жыве». І, 242)
Кнігі — «Гэта рэкі суць, рэкі, што назаўсёды пяюць вечную нашу ўсяленную («Кнігі»), мова — адна «сярод іншых святынь неаджыўшых…» («Мова»), гарадскія вуліцы — гэта «Вуліцы Першай Радасці», вуліцы «Бацькаўшчыны і Мовы», гэты «Бясконцы Тракт Неўміручасці» («Вуліцы»). Усе названыя тут вершы ўзяты з апошняга паэтычнага зборніка «Быў. Ёсць. Буду». А рэтраспектыўны погляд на пачатак паэтычнай творчасці У. Каракевіча адкрывае новыя метафары і параўнанні. Туман над ракой выклікае асацыятыўны вобраз татарскай конніцы («Таруская віла»), песня жаўранка — звонкая, «срэбная ніць» з сэрца «аж да самага неба» («Жаўранак — звонкая ніць»), сонца — «Завесаў распалены шчыт» («О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора»). Такімі метафарамі-асацыяцыямі напоўнены многія вершы першых паэтычных зборнікаў. Напрыклад, «Бацькаўшчына», «Эмігранты», «Бабіна лета» ў зборніку «Матчына душа»; «Мокрыя травы», «Месяц заснуў на коміне хаты», «Засуш», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля» ў зборніку «Вячэрнія ветразі».
Зусім правільна лічыць Тамара Чабан, што гістарычныя эпітэты, параўнанні, метафары надзвычай арганічна ўплятаюцца ў тканку вершаў, якія часаь ўяўляюць сабой нешта накшталт гістарычных алегорый. Нават там, дзе, здавалася б, ніколі не напамінае гісторыю, паэтычнае мысленне У. Караткевіча ўлоўлівае гістарычныя вобразы, супастаўленні, ствараючы драматычна-візуальную сітуацыю. Так, драчыная песня ў жыце чымсьці нагадвае паэту скрып вазоў сялянскага паўстаня Вашчылы — і вось ён ужо бачыць
…вілы, конскія грывы
І акутыя меддзю вазы.
Едуць, едуць, драныя, босыя.
У рызе біскупскай кожны конь.
А на вочы звісае валоссе,
А ў вачах — пажараў агонь.
(«Баявыя вазы». І, 65)
Гістарычны «падсвет» надае пейзажу рамантычную велічнасць, экспрэсію, драматызм, напамінае, што адзінства чалавека з прыродай немагчыма без адзінства са сваім народам, з яго гісторыяй, яго матэрыяльнай і духоўнай культурай.
Нават той матэрыял, які выкарыстаны ў нашым раздзеле, пераканаўча даказвае вызначальны ўплыў вуснай народнапаэтычнай творчасці на паэзію У. Караткевіча. Але было б не зусім справядліва не звярнуць увагу і на другі бок медаля, а менавіта на тое, наколькі сама творчасць паэта стала ўкладам, наколькі яна ўзбагаціла народную мудрасць. І тут не будзе перабольшаннем сказаць пра ўзаемасувязь гэтых дзвюх літаратурна-грамадскіх з’яў, дыялектыку іх развіцця і ўзаемаўзбагачэння. Цяжка пералічыць тыя паэмы, балады, вершы У. Караткевіча, дзе ёсць радкі, сказы, асобныя выразы, якія не проста сталі афарызмамі, а на ўзроўні прыказак і прымавак значана ўзбагацілі скарбонку беларускай народнай мудрасці.
У якасці прыкладаў выкарыстаем некаторыя з іх:
Усе шляхі прыводзяць не да Рыма,
А да родных вербаў і бяроз.
(«У дняпроўскіх хвалях». І, 40)
І, можа, шчасце менавіта ў гэтым,
Каб…
Не быць ніколі вербным херувімам…
(«Трагедыі не знікнуць пры Камнуе…». І, 67)
Я з табою да крыві апошняй,
Мужны мой, адвечы мой народ.
(«Гусі-лебедзі». І, 70)
Хто забыў сваіх продкаў — сябе губляе,
Хто забыў сваю мову — усё згубіў.
(«Слова пра чалавечнасць». І, 114)
Бо жачыны панствуюць і ў мане,
А мужчыны і ў праўдзе — рабы.
(«Чырвоны шар», І, 166)
Наймічку таксама добра каля печкі цалаваць,
Калі лёс не шле царыцы, суджанай навек табе.
(«Апымізм». І, 189)
Мяне пахаваюць людзі,
Лепшыя за мяне.
(«Мой век». І, 241)
І ведай: гіне ў пракляццях
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
(«Мова». І, 243)
Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы,
Нельга ні уджаліць, ні забіць.
(«Рэчка-Папараць». І, 271)
Маўчанне адназначным не бывае.
(«З амбона хтось крычаў…» І, 289)
Але хопіць прыкладаў: незалежна ад таго, ці іх будзе на адзін, два, тры больш або менш, сутнасць не зменіцца. Паэтычная творчасць У. Каракевіча дае нам добрае сведчанне таму, да якіх вяршынь майстэрсва можа падняцца паэт, спалучаючы асабістую манеру вершавання з творчым засваеннем гісторыі роднага народа, яго духоўнай культуры і культуры іншых краін. Менавіта ў такім выпадку ў паэтычных формах знаходзяць месца гіпербала, алегорыя, параўнанне, метафара, іншыя літаратурныя прыёмы, якія не толькі дазваляюць аўтару пазбегнуць манатоннасці і аднастайнасці рытмікі, але значна пашыраюць магчымасці паэзіі, узбагачаюць яе, надаюць ёй тыя духоўныя якасці, без якіх сапраўднае жыццё паэзіі ў часе і прасторы проста немагчыма.