Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў
Возьмем звычайную геаграфічную карту свету. І паглядзім, як адчувае сябе на ёй кожны пісьменнік і кожная літаратура. У прасторы і часе. Пра якія саслоўі, праслойкі і класы гаворыць гэты пісьменнік, гэтая літаратура. У якіх краінах жывуць людзі, створаныя аўтарамі гэтай літаратуры. Якіх пісьменнікаў з далёкіх і блізкіх земляў хочуць наблізіць да свайго народа, зрабіць яму роднымі творцы гэтай літаратуры.
Руская літаратура, напрыклад, асабліва з эпохі Пушкіна, аднолькава вольна адчувала сябе ў Англіі і Германіі, Іспаніі і Францыі. Яна і пісала пра гэтыя і іншыя краіны і, шматлікімі перакладамі, зрабіла так, што для рускіх чытачоў сталі даступнымі многія і многія тысячы кніг. Практычна — усё вартае з духоўнага багацця, накопленага чалавецтвам.
Беларуская літаратура да Багдановіча была лакальная, за рэдкімі выключэннямі гаварыла толькі пра Беларусь. Аўтары яе перакладалі вельмі мала і скупа. І гэта наклала на наша прыгожае пісьменства адбітак нейкай недавершанасці і абдзеленасці. З часоў Вялікага Максіма шмат змянілася. З’явіліся многія сотні перакладаў, почасту вельмі добрых. З’явіліся дзесяткі перакладчыкаў, часам выдатных. Нябожчык С.Маршак сам (магчыма, з некаторай дозай аўтарскай сціпласці) сказаў, што пераклады Р.Бёрнса, зробленыя Я.Семяжонам, лепшыя, чым у яго. А «Гамлет» і «Лір» у перакладзе Ю.Гаўрука! А пераклады М.Танка, Я.Брыля, Э.Агняцвет, А.Куляшова (называю першае, што прыходзіць да галавы)! А цудоўны беларускі Байран! А Лорка ў перакладзе Р.Барадуліна! І на падыходзе «Фаўст», перакладзены В.Сёмахам.
З вялікай прыемнасцю мы ўзялі ў рукі першую кнігу літаратурна-мастацкага зборніка «Далягляды», у якім змешчаны пераклады літаратурных твораў многіх народаў свету. Уласна кажучы, яго трэба назваць «Далягляды — 1975», таму што пакуль ён адзін такі і выйшаў. Першынец. Адзін за год…
Трэба адразу сказаць, што тут атрымаўся зусім не «першы блін». Многа і старанна папрацавала рэдкалегія, пераклады на добрым, часам нават на выдатным узроўні. Пастараліся таксама і паліграфісты.
Яшчэ раз пераглядаючы прачытаную ўжо кніжку, хочацца сказаць з самага пачатку, што даты 1945 — 1975 да многага абавязвалі ўкладальнікаў. Вайна — гэта асколак, які і дагэтуль сядзіць у калясардэчнай сумцы кожнага з нас.
…А.Твардоўскі: «Той дзень, як скончана вайна». Магутны талент паэта захапляў і пры яго жыцці, а цяпер і пагатоў. Журботная памяць людзей заўжды ўзвышае паэта. І таму трэба мець вялікую смеласць, каб наважыцца на пераклад мастака такога маштабу. І — талент. Падзякуем Міколу Аўрамчыку (ён, дарэчы, пераклаў і «Ты помніш, Алёша, дарогі Смаленшчыны» К.Сіманава), які мае і тое, і другое.пераклады яго ўсхваляваныя і дакладныя. А гэта цяжка, калі вершы тыя з дзяцінства ведаеш на памяць. Але тут перакладчыку турбавацца няма чаго. Працу ягоную варта памянуць добрым словам. Хай вершы гучаць нязвыкла — не страчана нічога важлівага з таго, што казаў арыгінал:
«Мы вас пачакаем!» — казалi
загоны нам.
«Мы вас пачакаем!» — казалі лясы.
Ты знаеш, Алёша, здаецца мне поначы,
Што следам за мной іх ідуць галасы.
І зноў вайна. М.Шолахаў: «Яны змагаліся за Радзіму». У перакладзе М.Лужаніна, раздзелы з рамана. Таксама даўно знаёмая і таму надта адказная для перакладчыкаў рэч. Але і тут добра. Несумненная ўдача ў стэпавых пейзажах, у малюнку хутара над рэчкай. А лепш за ўсё — Лапахін. Так добра перададзены яго то з’едлівы, то хуткі, то злосна-павольны, то проста з лютым гумарком, а то і вясёлы, балбатлівы гаварок разумніка-салдата. І яшчэ — бабка з яе крыклівасцю, бурчаннем. Такая — як мноства вясковых бабак. Гэтыя моўныя адметнасці, гэтыя дыялектызмы. М.Лужанін справіўся са сваёй задачай грунтоўна, хаця і не без непазбежных страт. Што ж, мы даўно, яшчэ з даваенных часоў, ведаем яго як добрага перакладчыка.
Вельмі дакладны і паэтычны пераклад «Паэзіі» У.Бранеўскага даў нам Ю.Гаўрук:
Калі арфу скамандуюць выбраць,
каб развеяць пякельныя хмары,
сабе жылы гатовы мы выдраць
і па іх, як па струнах, ударыць.
Трэба песняю біць аж да смерці,
знішчыць кодлішча гадаў варожых.
Пэўна ж, ёсць справядлiвасць
на свеце,
ёсць — любоў — і яна пераможа.
Вось тады дай слоў самых сардэчных,
найцішэйшых і поўных павагі,
а памерлых укрые хай вечнасць,
як парваныя віхрамі сцягі.
…Першы агрэх. Нехта не ўсё добра прадумаў. Чаму Тадэвушу Рыжэвічу такі гонар, што ён мае біяграфію перад сваім цудоўным апавяданнем «Сыны», а, скажам, Яўген Гуцала, той жа Бранеўскі і многія іншыя такога гонару не маюць? Скажам, Шолахаў не мае ў гэтым патрэбы, яго і так усе ведаюць. Але — Ян Костра, Данат Шайнэр ці Францэ Прэшэрн? Шмат хто ведае пра іх?
Увогуле, на мой погляд, у наступных кнігах «Даляглядаў» трэба даваць у канцы (як гэта паспяхова робяць часопісы «Маладосць» або «Иностранная литература») кароткае: «Нашы аўтары». Гэта і карысць прынясе, і адначасова не будзе разбіваць асноўнага тэксту.
А пераклад Т.Ружэвіча Янкам Брылём вельмі добры. Выкліваюць пярэчанне толькі некаторыя дэталі. Застрэлілі хлопца. Брат у моргу змочвае вялікі пук газет і запаўняе забітаму чэрап. Каб, значыцца, выглядала «па-людску»… Ёсць усё ж і для літаратуры забароненыя вобразы. Асабліва калі за іх няспрытна бяруцца. Але гэта закід аўтару вельмі добрага апавядання, а не перакладчыку, якому трэба сказаць ва ўхвалу, што тут ёсць мова. У адрозненне ад некаторых іншых перакладчыкаў, якія ўжываюць не ўласцівыя нашай граматыцы звароты.
Увогуле, «Далягляды» — подзвіг перакладчыкаў, за гэта ім нашае дзякуй. Бо так мала часу, каб прачытаць такое па-польску, чэшску, славенску.
Дарэчы, чэшская і славацкая паэзія. Усе пераклады выкананы тут добра, на высокім узроўні. Аднак насцярожвае почасту падбор вершаў. Вітазлаў Незвал, напрыклад, змешчаным у зборніку вершам робіць не зусім тое, што трэба, уражанне. Можна было выбраць штосьці лепшае.
Добра гучаць вершы Іозефа Горы, Станіслава Косткі Неймана, Даната Шайнэра. Дужа ўдалыя і некаторыя пераклады П.Макаля. Напрыклад, «Страхоўка» Андрэя Плаўкі, «Паўстаць» Іозефа Мігалковіча, «Старыя настаўніцы» Войтэха Мігаліка, «Каляндар» і «Вяселле» Міраслава Валека, «Я іду» Штэфана Жары, «Дрэвы» Яна Смрэкі. П.Макаль праявіў добры густ у адборы пісьменнікаў і меў дакладнае перакладчыцкае пяро. Толькі шкада, што не трапілі сюды вершы, скажам, Лаца Навамескага. І яшчэ шкада, што ўкладальнікі абмежаваліся паўсюль толькі сучаснымі паэтамі, не ўключаючы класіку.
Нельга, вядома, у адным зборніку «абняць неабдымнае», але ў наступных — варта падумаць, каб падаць асобных аўтараў і цэлыя літаратуры па магчымасці паўней.
…«На ціхім возеры» Ю.Нагібіна. І апавяданне выдатнае, і пераклад Ф.Янкоўскага таксама. Ёсць дзве-тры недакладнасці. Напрыклад, наколькі я памятаю, у аўтара было «салодкі кліч прыроды», а не «далікатны». Гэта адно з найлепшых апавяданняў аўтара па сваёй чалавечнасці і глыбіні. Таму, што старонні чалавек паказаў нам саміх сябе збоку, падумаў пра нас так, як мы вельмі рэдка думаем пра сябе, і лепей, чым мы самі пра сябе думаем. Мне шмат даводзілася ездзіць і хадзіць па шляхах Беларусі з нашымі гасцямі, і ўсе яны здзіўляліся нашым людзям, а для нас сваё — непрыкметнае. На многае яны прымусілі мяне зірнуць іхнімі вачыма і яшчэ больш палюбіць тое, вышэйшае, імя чаму — Народ.
…На высокім узроўні і пераклады А.Зарыцкага з Луіса Фюрнберга. Але зноў жа здзіўляе (і гэта ў многіх месцах) нібы наўмысны падбор лірыкі рытарычнай.
Пераклады з украінскай таксама на вышыні. Вось «Чэмпіён» Ю.Смоліча, вось «Дружба» А.Галаўко і іншыя, усяго шэсць апавяданняў. Усе пераклаў Леў Салавей. Але, мне здаецца, трэба было падбіраць на кожную аўтарскую індывідуальнасць — індывідуальнасць перакладчыцкую. Увогуле, да працы над кнігай прыцягнулі занадта малую колькасць людзей, знаўцаў моў. А яшчэ нашто было ўключаць у падборку апавяданні накшталт «Вышыня-206» І.Лэ. Я люблю гэтага пісьменніка, у прыватнасці раман «Налівайка», але гэтае апавяданне папсавана газетчынай і штампамі. Апавяданне напісана даўно — яшчэ, мабыць, у вайну. Тады так можна было пісаць, не да «красот» было. А сёння як чытаецца вось хаця б такое:
«У кожнага (з байцоў. — У.К.) у вачах гарэў агонь рашучасці і бясстрашша. Усіх забраў бы ды і павёў… на рашучы бой, на славу». «Генерал стаяў і сачыў, як вярталася бясконца дарагое жыццё байца-героя». «Паўтараю: «Клімаў бярэ каманду на сябе, калі раптам мяне заб’юць (хіба забіць можна і „не раптам“ — У.К.)… Раздольскі і Ліхтэрман сваімі грудзьмі заступаюць шлях пагоні…»
Яшчэ пра тое, што было натуральна ў Даўжэнкі і што не гучыць у яго паслядоўнікаў:
«Ноч сцерагла сарамяжлівую ўдзячнасць юнака, начныя росы абмывалі вочы».
«Вакол рабілася штосьці неверагоднае».
Гэткае «штосьці неверагоднае» ёсць у кожнага з нас. Але трэба адвучвацца. Вось як у вялікага паэта «бясконца дарагі баец-герой» яшчэ ў вайну гаварыў з палкоўнікам, пераплыўшы ледзяную раку:
И с улыбкою неробкой
Говорит тогда боец:
— А еще нельзя ли стопку,
Потому как молодец?
Зразумела, аўтар апавяданняў тут ні пры чым, адказнасць нясе той, хто ўключыў іх у зборнік, выдадзены ў 1975 годзе.
Гэты «ляп» адзін з зусім нешматлікіх у вельмі добрай кнізе. Але на свята вельмі не хочацца, каб на гожым і дарагім твары была «пад носам клякса». Накшталт грузінскага «аула» (с.111), якіх там звеку не было.
Ці мае права перакладчык «паляпшаць» такія рэчы? Думаю, што, са згоды аўтара, мае. А калі той не разумее такой карысці і не згодзен — тады не трэба перакладаць такое ўвогуле. Так, апавяданне бабкі (с.112) немагчыма чытаць пасля «Мы з вогненнай вёскі…». І немагчыма ўжо чытаць сцэну бою з танкамі (с.117), якая нагадвае славутую песню з не менш славутага, неўміручага Швейка.
Добрае ўражанне робіць твор Я.Гуцалы «Стэфка». Тут і перакладчык зрабіў усё. Гэта найлепшы з усіх перакладаў Л.Салаўя, змешчаных у зборніку.
…Не будучы тэарэтыкам у вершаскладанні, нічога не магу сказаць пра санеты Р.Гамзатава ў перакладзе Язэпа Семяжона. Пераклад першакласны, чытаецца з прыемнасцю. Аднак мне хочацца паўтарыць за перакладчыкам, проста сказаць следам за ім аб «спрэчнасці самога з’яўлення формы санета на аварскай мове…»
Сілабіка? Мы ведаем цудоўныя санеты па-французску і па-польску. Вядома ж, адпаведна характару моў.
Іншыя адметнасці аварскай мовы, аж да алітэрацыі і цэзуры, — ну што ж, бывала і гэта. Але традыцыйная для аварцаў адсутнасць «рыфмы ў канцы радка» (Я.Семяжон) — гэта я ўжо не ведаю.
Я.Семяжон перапісвае аварскія «санеты» на еўрапейскі манер, робіць гэта, як заўсёды, вельмі добра. Але гэта не Гамзатаў і не санеты.
Адсутнасць рыфмоўкі ў арыгінале. А што ж тады дасць гэтым творам санетны замок, апошняе, самае важнае двухрадкоўе? Што звяжа санет? Колькасць радкоў? Разбіўка верша на два катрэны і два тэрцэты (у перакладзе мы і гэтага не бачым).
Санеты пісалі ўсялякія. «Хвастатыя», «безгаловыя», «перакуленыя», але ўсе гэтыя формы не былі класічнай формай санета. А ўжо санет без рыфмы? Не ўяўляецца.
Урэшце, будзем памяркоўныя. Магчыма, мы прысутнічаем пры нараджэнні формы, якую нейкі будучы тэарэтык літаратуры назаве «аварскім санетам». Толькі тады трэба будзе перакладаць такія санеты, не набліжаючы іх да санетаў Шэкспіра (дарэчы, таксама «няправільных»), а так, як яны гучаць на мове арыгінала.
…Перачытваеш наступныя старонкі і прыемна здзіўляешся. «Абрабаваны» Фелікса Піта Радрыгеса ў перакладзе С.Дорскага. Цудоўнае апавяданне ў добрым перакладзе. Вось гэта сапраўды мікракосм і адначасова макракосм, адно ў адным, чаго так не хапае ўсім апавяданням кнігі. Тут увесь свет на некалькіх старонках: абрыдлівы свет грошай — і свет мастацтва, абмежаванасць — і тое, што мы называем «богам у сабе». І прырода, і вялікая душа чалавечая.
Эстонская проза. Перакладчык Ян Скрыган. Ніхто ніколі не сумняваўся ў ягонай мове. І «Маргіналіі» Фрыдэнберта Тугласа, і ягоныя «Уцёкі» — гэта хораша (не толькі хораша аўтар выказаў думкі аб тым, як трэба пісаць, але так і напісаў).
А пранізлівы, шчымлівы боль «Халасцяка» Лілі Промет, схаваны за некаторай нават «весялосцю», ад якой хочацца плакаць.
А лірычная свежасць Эрні Крустэна ў апавяданні «Немаўля», уся гэтая старасць і маладосць у вечным бегу, у вечным чаргаванні, у вечнай змене змяркання і дня.
А Васіль Бялоў, прадстаўлены трыма цудоўнымі маленькімі апавяданнямі (пераклад Алены Шарахоўскай). Вельмі ж добра перакладзены няўлоўны бялоўскі гумар, так шчыльна сплецены з лёгкай — а часам і не вельмі лёгкай — журбой.
Лёс рускай вёскі, так блізкі да лёсу вёскі нашай.
Увогуле, на гэтай кнізе добра відаць адна вельмі адметная рыса: уменне адчуваць строй думкі суседа. Вось жа здолеў Разанаў зразумець «Homo sum» Юсцінаса Марцінкявічуса з яго адметным стылем.
Балгарыя. Аўтар Іван Вострыкаў. Перакладчык У.Анісковіч. «Сашо забівае ваўка». Суцэльны смех праз слёзы.
Уяўляеце вы сабе сімпатычнага брандахлыста, фантазёра, які проста голы кароль? Прачытваючы апавяданне, пранікаешся адчуваннем таго, якая гэта вялікая сіла — бязмежнае, адданае жаночае каханне. Каханне, якое наўрад ці чакае нешта добрае наперадзе.
Зноў Расія. Пераклад Т.Мартыненка «Сцёпкавага кахання» Васіля Шукшына, які так рана пайшоў ад нас. Пераклад добры. Але тут адна заўвага. Шукшын, мабыць, як ніхто з сучасных рускіх пісьменнікаў, цяжка паддаецца перакладу. Гэтая алтайская, сібірская, папраўдзе руская, самабытная мова патрабуе і нейкіх эквівалентаў у адным з дыялектаў беларускіх.
І яшчэ адна думка. Правамерна, калі перакладаецца руская класіка або сучасная класіка (дадамо да Нагібіна, Бялова і Шукшына яшчэ і цудоўны пераклад «Ручніка з пеўнямі» М.Булгакава, зроблены Я.Скрыганом). Гэта прыносіць карысць самому літаратурнаму працэсу. А вось перакладаць з рускай нешта сярэдняе — па-мойму, няма рацыі.
У «Даляглядах» заўсёды будзе цесна. Тым не менш трэба даваць больш месца мовам, якія нам незразумелыя. Няхай больш гавораць усходнія паэты, паэты Паўднёвай Амерыкі, манголы, грэкі, арабы, японцы, дый ці мала хто яшчэ. Хай «з берагоў Арпачая» часцей далятае да нас голас вялікага варпета — майстра Авеціка Ісаакяна, які з такой сілай данёс да нас у сваіх перакладах Рыгор Барадулін.
Не ведаючы славенскай, не магу меркаваць з пэўнасцю аб якасцях перакладаў Н.Гілевіча. Думаю, што яны дакладныя. Зноў шкада толькі, што няма хаця б слова-другога пра кожнага са славенскіх паэтаў, якія гавораць тут з намі, і ўвогуле пра славенскую паэзію.
Урэшце дабраліся да смеху.
Перакладзены Янкам Брылём «Непрычасаныя думкі» Станіслава Ежы Леца. Тонкі, філігранны, з’едлівы гумар славутага польскага аўтара гучыць і па-беларуску:
" — Калі скажаш «Святых няма!», абражаюцца нават атэісты.
— Калі няма з чаго смяяцца, нараджаюцца сатырыкі…«
Прыклады можна было б множыць і множыць. Але і так відаць, як упрыгожваюць кнігу гэтыя, «непрычасаныя». Шкада, што іх мала. Будзем спадзявацца на тое, што яны з’явяцца і ў новых «Даляглядах». А ўвогуле гэты гумарыстычны раздзел у наступных кніжках трэба пашыраць.
Дабраліся мы ўрэшце, аж на старонцы 259, і да крытыкі з публіцыстыкай. «Слова пра Івашкевіча» К.Федзіна (добры пераклад В.кудраўца), грунтоўнае даследаванне Н.Гілевічам балгарскай паэзіі пра апошнюю вайну, вельмі цёплае слова А.Гардзіцкага пра Альбінаса Жукаўскаса, вернага сябра Беларусі.
На жаль, тут малавата дадзена прасторы нашым замежным сябрам. Толькі адзін артыкул славака Душана Слабодніка — пра беларускую прозу. Ды і той — па неабходнасці — малы.
Рыхтуючы наступныя кнігі, трэба пра гэта падумаць. Магчыма, нават заказаць аўтарам з-за мяжы падобныя артыкулы. Трэба падумаць і аб рубрыцы «Пра нас пішуць». У гэтай кнізе яна прадстаўлена толькі змястоўнай публікацыяй Я.Семяжона аб водгуках нямецкага друку на выданні беларускіх твораў у ГДР і вельмі цікавым фрагментам з артыкула Марыі Чурак (Польшча) аб беларускай літаратуры пра другую сусветную вайну і аб успрыманні яе ў Польшчы.
…Ну вось, мы нібыта прайшліся па розных частках свету. Усе яны ў гэтай не дужа вялікай кнізе, якая, аднак, значна пашырыла наш кругагляд.
Зразумела, што яна яшчэ не без недахопаў, але карысць такога выдання — бязмерная.
У той жа час шкада, што ў кнізе няма англічан, італьянцаў, іспанцаў і г.д. Шкада, што няма хаця б малога раздзела перакладаў з класікі іншых народаў.
Так, ёсць хібы. Але ж гэта толькі пачатак вялікай справы: планамерна пазнаваць іншыя краіны і народы. Перадумовы для гэтага ёсць. Патрэбна толькі быць упартымі, увішнымі, працавітымі. Патрэбны школа перакладчыкаў і максімум прыкладзеных да гэтай справы сіл.
Упершыню — «Полымя», 1976, № 5. 2. Набор зроблены па тым жа выданні.