Крэсіва. Іскры. Агонь
Памятаеце, прыдбаў андэрсенаўскі салдат цудоўнае крэсіва? Ударыш ім — і спраўдзіцца нават немагчымае. Вось прыблізна ў гэткім стане і я. У руцэ ў мяне «Крэсіва», кніга вершаў паэта Васіля Зуёнка. Але спачатку нкалькі заўваг. Занадта, бадай, дэкларатыўны першы верш зборніка — «Мільёны год». Нягледзячы нават на пругкі рытм і някепскую канцоўку (што, увогуле, для невялікага верша зусім няблага). Але такі ўжо ў нас звычай: напхаць у пачатак кнігі самых сярэдніх вершаў. Нібы адчэпнага даць: за сярэднасць не лаюць, то вось вам пад удар пешку, абы зберагаліся фігуры другой лініі.
Некаторая спрошчанасць верша «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў» — таксама не радуе. Боль ва ўсіх аднолькавы, калі сын не вярнуўся з вайны. Ды толькі гаварыць пра яго трэба кожны раз іначай. Калі гэтага няма — тады ўвогуле не трэба. Васіль Зуёнак гэта ведае. Ведае хаця б таму, што побач стаіць верш «Помнік», дзе гэтая адметнасць зроку выяўлена высакародна, па-свойму, сапраўды па-народнаму.
Перад намі паэт. Паэт адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця, слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам.
Няма патрэбы тлумачыць розніцу паміж паэтам і нейкім іншым чалавекам. Усе ведаюць, напрыклад, са школьнага курсу фізікі, што чалавек, падскочыўшы, штурхае нагамі шар зямны, і той не адкочваецца толькі таму, што неверагодная розніца ў масе, але ўзаемадзеянне між чалавечым целам і зямлёй — роўнае. Усе ведаюць, і ўсе, каму гэта не спатрэбілася ў пасляшкольным жыцці, — забываюць. Але ніхто з тых, хто прачытае верш паэта, — не здолее забыць. Паэзія запамінальная да смерці.
Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем —
Ля Халопенiч,
на Беларусі.
Нiхто не пачуў —
Ні людзі,
нi травы,
ні вецер…
Ніхто.
А шар зямны
Здрыгануўся.
Гэта не ілюстрацыя да закону фізікі. Дзеля гэтага трэба было самому ляжаць пад той яблыняй і адчуць, як яблык упаў у траву, як азвалася — гулка на дасвецці — зямля. Трэба было, каб, як ад кожнай сапраўднай паэзіі, здрыгануўся не толькі шар зямны, але і сэрца таго, хто чытае. А калі чытаеш і мурашкі бягуць па спіне, гэта і ёсць — яе вялікасць Паэзія.
Хочацца сказаць аб галоўнай якасці паэзіі В.Зуёнка. Якасць гэтая — сапраўдная чалавечая дабрата, той гуманізм, якому павінна вучыць паэзія і дзеля якога яна толькі і існуе на зямлі.
Ён у паэта ва ўсiм. Птушкi недаверлiва злятаюць з гнёздаў, i чалавек, каб не астылi гнёзды, iдзе прэч. Ён ведае, што iх занадта многа крыўдзiлi. Адкуль iм ведаць, што паэт здатны «пiць з жураўлямi пiва», што ён «свой»? У недаверы птушак — той недавер, якi занадта часта iснаваў мiж людзьмi ў гiсторыi i якога не павiнна iснаваць. Таму што чалавецтва стала дарослае i недавер пахне смерцю. I гэтая дабрата i ўсёразуменне ў аўтара «Крэсiва» паўсюль. У вершы «Добры прыезд». У ненадакучлiвай фiласафiчнасцi «Часа абнаўлення, часа вяртання». Словам, Васiль Зуёнак з тых, хто стаў бы нарогам, рунню, дажджом, хлебам i,урэшце, зноў чалавекам.
Духмяных бы лустаў накроіў:
Прыходзьце —
Усе,
хто не снедаў,
Хто полудзень меў упрыглядку,
Хто ноч сустракае нiшчымна, —
Прыходзьце.
У маленькай кніжцы шмат вершаў з сапраўды глыбокай філасафічнасцю. Так, ёю: бо сказанае аб простасці, чысціні, празрыстасці зусім не выключае складанасці. І не выключае глыбокага майстэрства. Напрыклад, у найтанчэйшым па інструментоўцы вершы «Успамін».
Завіхалася,
шчыравала,
Абдымала ды мілавала…
О, рукі,
Рукі ў ільняной старонцы…
Духмянасць поля i гарачнасць
сонца…
Мачулiшча —
блакіт палёў,
Нябёс,
Блакiт вачэй —
блакіт туманны
Слёз.
Падобнае за апошні час нячаста даводзілася бачыць. А тут тое сустракаем у вельмі асацыятыўным, часам нават занадта ўскладнённым вершы «Ралля — аснова». Шукаць, урэшце, трэба і тут. На кожнай сцежцы нашай паэзіі. І паэт шукае.
Ніхто чамусьці не задумаўся, а чаму ў нас малавата вершаў на так званую «рабочую» тэматыку і чаму яны не заўсёды першакласныя па якасці? Якая таму прычына? Можа, яна ў тым, што праца, скажам, селяніна, рыбака, паляўнічага апаэтызавана самім шматтысячагадовым існаваннем паэзіі, што вакол яе традыцыя, звычкі, вакол яе — народная песня, прырода, што жыццё горада, жыццё завода здаецца, па неабходнасці, нівеліраваным. А можа, прычына ў тым, што мы гаворым пра паэзію «сялянскую», «рабочую», паэзію «для нешматлікіх» (глупства якое!!!) і пры тым забываемся на тое, што існуе адна паэзія — чалавечая і дзеля чалавека, у неадрыўным адзінстве і ў разнастайнасці почыркаў.
І вось перад намі вершы: «Над лесам — заводскія гмахі», а найперш — «Соль», ледзь не найлепшы ў зборніку, сапраўдны гімн працы і чалавеку.
Не ад сонца ідзём у глыбіні —
Па сонца ідзём.
Сонца гіне:
У кайданы крышталёў
закута —
Ляжыць у падземных закутках.
Ідзём —
магутныя —
Вызваліць брата
З-за кратаў.
Немагчыма працытаваць увесь верш з вольнай і мужнай яго інтанацыяй. Трэба прачытаць самому.
Яшчэ адной якасцю паэта ёсць — трывалая і дыхтоўная, моцная народная стыхія. Я пазнаю гэтыя радкі нават у перакладзе: па тыпова беларускай, вясковай пяшчоце і мяккасці, па адной гэтай падзяцы:
…Дзякуй, яблынька,
дзякуй, белая,
За казку…
Гэта тая дабрата і ласкавасць супакутавання, якая пераварочвае душу, калі бачыш аднаногага салдата ў лазні, які не пусціў з сабою на паліцу хромавую нагу. Гэта дабрата да тых, хто ў небыцці, але гэта яшчэ і дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці, як у адным з найлепшых вершаў зборніка «Ідуць дажджы»:
Ідуць дажджы…
І ліст лілеі
Над смерцю рыб —
хаўтурны стол,
Ідуць…
і стронцыю ўдары
Цвiкi у труны
б’юць і б’юць…
А ў небе хмары,
хмары,
хмары…
Ідуць дажджы…
Дажджы ідуць.
Народная стыхія паэтава яшчэ і ў спеўнасці. Не ў той, што нараджае шлягеры, а ў той, што бярэ інструментоўку народнага — «Шчыравала пчала» — і надае ўсяму гэтаму сучасны змест. І гэта больш сучасна, чым вольны верш, які кананізавалі некаторыя з нашых паэтаў.
Вершы «Калі б так проста кахалася», «Я не ведаю дзень той», «Прадвесне», «На Начы», «Чырвоныя ветры» — сучасныя.
І шмат яшчэ чаго з народнай стыхіі ёсць у творчасці В.Зуёнка. Гэта і гонар чалавека, які «жыве сяўбой, бярэ сяўбой». І страсная любоў да роднай прыроды, уменне пісаць аб ёй так, што верш хвалюе, як яна сама. Вось выезд восені:
Лейцы верасень сплёў з павуціны,
Пугу звіў кастрычнік з пянькі,
Лістапад
лiсця ў воз падкiнуў, —
Паганяй!
Нацянькі!
Едзе восень,
глядзіць задаволена,
Як ляцяць ад яе і бягуць,
Як чарот ліхаманіць ад золі,
Як iрве з багнiшча нагу —
Уцякаць сабраўся мачэўнік…
Ды не ўцёк — падвялі карані.
Едзе восень —
па пнях, па карчэўю…
Едзе восень
на рабым кані.
Гэта сарказм і іронія («Каменная філасофія», «Стары цецярук»). І цудоўная лірыка разлукі і кахання, то гарачая, то празрыстая і чыстая снегавой беллю («Ля далёкіх паўстанкаў»). І тое ж язычаскае «Нахіляўся, як дзікі лясун», — з такой нечаканай і таму поўнай чароўнасці празаічнай канцоўкай.
Чалавек, які сказаў, што кнігаўкі — трыццатае калена марскіх чаек і — рыдаюць, бо трызняць аб назаўсёды страчаным моры, гэты чалавек — паэт. Ён паэт, бо сказаў пра зялёную поўню, што праз тыдзень выйдзе над лесам, што хмарка і верабей б’юць крыламі, купаючыся ў лужыне.
Але нават каб нічога не было напісана, акрамя верша «Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе», — аднаго з найлепшых за апошнія гады, пра які гаварыць і гаварыць бы асобна — хапіла б і яго. Філасофія, глыбіня, сіла высакароднага сімвалу. Верш, над якім думаць і думаць, перажываць і перажываць. Верш з соснамі, рабрыстымі, як здані, да падсочкі, з соснамі, што пазбаўлены жывіцы, крыві — чаму і знікае смольны дух з хат, звонкасць — з цымбал, вышыня думкі — у паэтаў. Цудоўны, высокі верш, які якраз і сцвярджае, што не знікае і не знікне вышыня думкі ў сапраўдных паэтаў.
Хацелася б напаследак пажадаць маладому аўтару доўгага шчаслівага, добрага шляху. Каб яго крэсіва заўжды высякала, распальвала сапраўдны, святы агонь паэзіі.
Упершыню — «Маладосць», 1966, № 8.
Апублікавана ў кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 379 — 384.