Дзяўчына пад дажджом

Над лесам, над садам дзікім
Дожджык забалбатаў,
І успыхнулі раптам гваздзікі
У нетрах абмытых траў.
Цёплыя кроплі скачуць
Па залацістай лазе;
Дожджык – “царэўна плача”,
Сонца ў кожнай слязе.
З нізкай цёплай адрыны,
Учуўшы ласкавы капёж,
Ў лёгкай сукенцы дзяўчына
Выбегла проста пад даждж.
Кроплі яе цалавалі
Палка, пяшчотна, да слёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра з ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасця спявала.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Стронцый быў у дажджы.

  1. Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
  2. Аўтограф — у лісце да Ю. К. Гальперына ад 20.04.1960.
  3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 138.
Яндекс.Метрика