Крумкачы
Стаяў жахлівы позні лістапад.
Навекі зніклі лебедзі з каналаў,
А з сэрца знікла радасць.
І вясна
З каханнем і з птушынай прагнай песняй
Была далей, чым маладосць мая.
Чым горш, тым лепш.
Таму я не пайшоў
На вуліцы, дзе маладосць спявала,
А кінуўся да кручаных завулкаў
І заглыбіўся ў іх.
Старая Рыга
Мяне ўзяла, як змучанага сына.
Я ведаў, што яна мяне суцешыць.
Калі ж не зможа даць спакой жыцця,
Дык дасць спакой хоць небыццём стагоддзяў.
І я выходзіў зноў на тыя ж вулкі,
І зноў, і зноў. І мне здалося ўрэшце,
Як быццам той, што йдзе перада мною,
Я сам. Ссутулены. У чорнай шапцы.
Што бачу сам сябе я са спіны…
Засекі. Склады. Блокі на вяроўках.
Маслісты брук. Куродым соцень год
На мёртвых дахах. Мордачкі анёлаў
З парочнаю усмешкай на парталах, –
Ўся тая Рыга, што аж шэсць стагоддзяў
Смактала сок з твайго народа, друг.
З народа, што уласнымі рукамі
Паклаў тут кожны камень. Для чужых…
Бляшаны пеўнік копціцца ў дыму
Над комінам.
Туман (ці, можа, хмары)
Абняў за пояс Домскую званіцу,
І толькі шпіль узносіцца над ім.
І раптам з Домскай вежы проста ў хмары
Ўзняліся з хрыплым крыкам крумкачы,
Як чорныя крыжы вякоў мінулых;
Што год, то крыж. Яны лятуць угору,
Вышэй, вышэй.
Над шпілем.
Над Даўгавай.
Над Рыгай, над Лaчплесісам, над краем,
Над бедным пеўнікам, што ад трывогі
На бронзавым прутку замітусіўся.
Знікаюць у тумане крумкачы…
Іду далей. І вуліцамі цягне
Такім халодным, горкім, страшным дымам,
Як быццам там, за рогам гэтай вулкі,
На плошчы, зноў святошы паляць латаў.
І цень крыжа лягла на твар палонных,
На струшчаныя ў бітве іх мячы.
О Рыга! Што гэта са мной?
Я мару?
Нішто.
Хіба у сонечнага пеўня
Няма мільёнаў дужых абаронцаў?
Хіба яны трымаць не могуць зброю?
Хіба не тут мой друг?
Туманны горад,
Ты вылечыў мяне пасля хваробы:
Ты скінуў мне цяжар вякоў на плечы,
Цяжар забітых, страчаных, палонных,
Цяжар паўстанняў, і распраў, і слёз –
Пакуль ва ўсёабдымным болю гэтым
Не патануў мой непрыкметны боль
І я не выпрастаўся.
Крумкаччо!
Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах.
Вам хмары, нам — зямля. Яе — не рушце.
Кажу апошняе святое слова:
Мой меч з мячамі балтаў, з Рыгой, з другам,
З усёй латышскай добраю зямлёй.
Мой друг, мой брат,
Ад гэтых вузкіх вуліц,
Што мне далі спакой, і гнеў, і сілу,
Іду да новых вуліц. Да цябе.
Прыпомні месца, дзе ў тузе і шчасці
Узнікла наша вернае сяброўства.
Былі там песні, і віно, і смех.
І там была яна. Ты памятаеш?
Яе згубіўшы, я цябе прыдбаў,
Тваё сяброўства і тваю радзіму.
Так, шчасце мне, відаць, не задалося.
Але пакуль лунаюць крумкачы
Над вулкамі заблытанымі Рыгі,
Пакуль са мною плачуць вочы друга
Над цяжкай стратай — ёсць яшчэ жыццё.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.Машынапіс — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 11 — 14, з паметай: снежня 60, Рыга — Масква.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 144 — 146.