І сніў Адам…

Н. Н.

Ў той дзень зямля святло і празарэнне
Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,
Не зведаўшы яшчэ грэхападзення, –
Як кветка, як алень, як зоркі спеў.
Травою пахнулі яго далоні,
Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.
А побач верылі дрымотна коні
У вечны свет без бойняў і сядла.
І сніў Адам:
Камета ўстала ў небе
Барвяным страшным зракам — і тады
Крывёю пачала сачыцца глеба
І згінулі эдэмскія сады.
І пакаціўся ён, бяздольны, голы,
Як пералёт, адсохлы на карню,
Несустрач болю і насустрач волі,
Насустрач злу і сернаму агню.
І сніў Адам:
Зямля ў глыбінным лоне
Няволю нараджае для жывых.
Дрымотныя, даверлівыя коні
Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.
І сніў Адам:
Да светлых зор сусвету
Імчыць, як лямант, шматвяковы жах, –
Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,
Рагнеды плач і Хірасімы прах,
І дыбіцца шалёны свет гарою
Над цалаванай брызам і вадой,
Карункавай ад сонца і прыбою,
Блакітнаю каралавай градой.
…Туды… сюды…
…Туды… сюды…
Над прыскам,
Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,
Бязгучная гайдаецца калыска,
Як паміж небам і зямлёй труна.
…І плакаў ён,
Хаця ў праменнях сініx
Эдэмская купалася зямля,
Бо лепш у самым чэраве загінуць,
Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.
Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!
Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!
………….
І Ева падышла і працягнула
Далоні сонных і пяшчотных рук.
І ён з трывогай, з радасцю няпэўнай
І з мужнасцю суровай, як праклён,
Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай,
Бо ён любіў…
Бо добра помніў сон.

Упершыню — «Беларусь», 1966, № 2.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с. 1, з паметай: 9 жніўня 62 г., Рагачоў.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 153 — 154.

Яндекс.Метрика