Апошняя песня Дантэ
Арлену Кашкурэвічу
У пошуках за любай і адзінай,
Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі
Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,
У нетры той нязведанай зямлі,
Дзе нават пекла ўлада асяклася,
Дзе павуціння д’яблы не плялі
На душы самых горшых, тых, што гасяць
У чалавеках праўду і любоў,
На душы, дзе кублом гадзюк сплялася
Атрута вераломства. Злосць звяроў
Узнагарылася бы поруч з ёю…
І там пабачыў я бяздонны роў.
Бязмежнаю варонкаю густою
Зрываўся ён ля самых нашых ног
У нетры зла. І гэтаю сцязёю
Сам божы сын — і той прайсці б не змог.
Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,
Схіл зла і слёз, адчаю і трывог,
Пакут і безнадзейнасці пякучай.
І нехта там варочаўся на дне,
Дарэмна поўз на ледзяныя кручы
І ўніз зрываўся, грузны, як свінец.
Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутаx
Ён ланцугамі пачынаў звінець,
Стагнаў і выў раз’юшана і люта,
І роў, як львы і гарпіі — адзін, –
Як быццам дэман там крычаў прыкуты
Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін…
І я пабачыў, што вакол бязодні
Стаяў натоўп занураных мужчын.
Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.
Там быў мой брат з крывёю на губах,
Мой друг, апечаны агнём паходні.
Распятыя на болю і дратах,
Яны вакол стаялі і чакалі,
Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.
Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі
Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых,
Якія скавыталі і стагналі
Аб літасці на розныя лады,
А ураган, імпэтны і імклівы,
Іх кідаў на адхон, на край, на льды.
І вось тады натоўп людзей маўклівы,
Над прорваю схіліўшыся ніжэй,
На гэтых, што спаўзалі па абрыву,
Стаў кідаць срэбных і цякучых змей.
І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,
У кіпці, што чапляліся за глей.
Яны зрываліся. І там пачвара,
Ўздымаючыся змрочнай галавой,
Задыхала атрутнай, мерзлай парай
І забурчэла з радасцю нямой.
І спадарожнік мне сказаў з трывогай:
«Горш сатаны царыца прорвы той.
Яе адроддзе пазабыла бога
І, д’яблаў горш, пануе на зямлі,
У вёсках, гарадах і на дарогах.
О справядлівасць, душы іх спалі!
Развей іх попел! Пракляні іх семя!
Да сотага калена спапялі!
Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя
І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,
На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!
Каб дзерла твары ім, як баразной,
Каб паспыталі многіх простых мукі,
І каб пачвара зжэрла гэты гной,
Як змеянят сваіх жарэ гадзюка…
Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык, –
І зацвітуць зямлі пакутнай лукі,
І заплыве правал, як свет стары,
Бо здохне з голаду дракон-пачвара,
Бо злосць яго без паліва згарыць».
…………….
Ён скончыў. І прадбачаннем кашмара
Я ў яме зведаў ворага майго…
Ты, вечная любоў мая і мара,
Загінула ад подыху яго,
Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,
Пакінуўшы мяне з маёй тугой.
«Настаўнік, — я спытаў (нясцерпна-дзікай
Была здагадка. Я хацеў стагнаць), –
Хто там крычыць у ярасці вялікай?»
І ён сказаў: «Не бачыш ты?
Вайна!»
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с. 40 — 41, з паметай: 3.1.61. Орша.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 154 — 157.