Самсон
Мой край ваўкі зубамі шкамуталі.
З вачэй, закінутых журботна, слёзы,
Змяшаўшыся з крывёй, на дол плылі.
Я простым быў.
Я ўсё жыццё хацеў
Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы,
На святы ў недалёкім гарадку,
Пот змыўшы з цела, танцаваць з дзяўчынай…
І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край
Прыйшоў філісцімлянін.
Я не мог…
Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю.
Адное засталося — сіла зброі.
Адное засталося — песні гневу.
І я узняў свой сцяг. І легіёны
Пайшлі за мной.
У гневе ярай бітвы
Я перамог амаль.
І толькі сэрца
Ўсё тым жа засталося, чалавечым,
І сумавала па садах і хаце,
Па простых радасцях і па каханай,
Па ўсім, перагарэлым у сутычках, –
Што я забыў.
Адпомсціла яно.
Звяло мяне з падступнай і пяшчотнай…
Прыгожая — яна была каханай.
Далёкая — яна была жанчынай
З вачыма божай маці на іконах.
І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век
Мяне трымала ў радасным палоне,
І добрым называла, і прыгожым,
І пальцамі, слабымі, як пялёсткі,
Адняўшы сілу, выдала чужым…
Стаю, хістаючыся, над сталамі,
Прыкуты ёю да калон варожых,
І чую музыку, і гром кімвалаў,
І слёзы блізкіх, што рабамі сталі…
Няма, няма заступніка у іх!
Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца,
Што чую голас дарагой і любай
І пацалункі — ката і яе.
І трызняць вочы цёмныя, сляпыя,
Успамінаючы парог бацькоўскі
І маці, што прадзе штовечар воўну
На камені яго…
О гэты смеx
Прыгожай сукі у раскошнай зале!..
Што можаш ты паставіць супраць Маці!
Усе твае надуманыя словы –
Хлусня, як ты сама.
А маці ёсць.
І сонца ёсць. І ёсць мая радзіма.
Я сын яе. І я ў крыві ўстаю.
Хістаюся. Ўстаю і ажываю.
Я буду жыць. Я знішчу вашы вежы,
І род твой на зямлі забудуць людзі.
Ты памылілася і гэтай здрадай
Такога ворага
братам прыдбала,
Якога ў іх ніколі не было.
Хістаюцца калоны!
Дах трасецца!
Няхай загіну, але разам з вамі,
Таму, што я сляпы, таму, што цёмны,
Прададзены багамі і табой.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 160 — 162.