Нямыя дрэвы
Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба,
Што яно насядае на дым і гне яго да зямлі.
На лютаўскіх вуліцах такія пахмурныя твары,
Пахмурныя, як хмары, як ноч у міліцыі,
Што не хочацца лезці ў аўтобус,
а хочацца ўзяць таксі.
На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы,
Што вароны і тыя неахвотна сядаюць на іх,
Не жадаючы пустую сваю сварлівасць
Цяжка саджаць на сусветную дрэў тугу.
Ах, нямыя дрэвы, нямыя, як мёртвыя рыбы,
Нямыя, як паэты ў ліхалецце, ў гады мярзоты,
Нямыя, як я, што бязмэтна іду пад імі,
Бо Яна забарону паклала на словы кахання.
Аб чым мне яшчэ? Я нямею, нямею, нямею,
Але ўсё ж безнадзейныя крокі, адбіваючыся
ў завулках,
Безнадзейна і нема лямантуюць супраць немага неба,
Супраць твараў пахмурых,
супраць гэтых дрэваў маўклівых,
Маўклівых і голых, як даўні шкілет дыназаўра.
Кожны крок — гэта крык аб высокім і сонечным небе,
Што блішчыць, як Элады блакіт між калон Парфенона,
Аб усмешках, дзіцячых і шчырых,
бліскучых, як лёд агнявы,
Аб дубах, што спяваюць зялёную, звонкую песню.
Аб дазволеных спевах, што ў неба ўзвіваюцца гімнам,
Каб, мінуўшы сусвет, ціха ўпасці каханай да ног.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.61 [1962 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 167 — 168.