Снягір
О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне,
Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Ёй былі непатрэбныя звялыя травы,
І, ад вераса горкі, вятрыска павеў,
І твая некрыклівая гордая слава,
І твая перамога, і мукі твае.
Зараз нехта другі перад ёю варожыць,
Сыпе золата мар, лье славесаў ваду…
Што паробіш? Была яна вельмі прыгожай.
За такімі і ў пекла мужчыны ідуць.
Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме
Можна ўскласці на ногі цярпення браню
І ўсё роўна спяваць аб азёрах радзімы,
Плечы гордыя ўзняўшы над морам агню.
І няхай першы камень у вочы мне кіне
Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець,
Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну —
Залатога пяску на брынклівую медзь.
І канец. Сталі толькі маім успамінам:
Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,
Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней
І рука, што лягла на маю далонь.
І для шчасця, для сонечнай вечнай кароны
Не хапіла мазка адзінага мне:
Не хапіла радзімы, іскры чырвонай,
Снегіра на заснежанай сіняй сасне.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.82, з паметай: 10 лютага 60 г., Орша.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 169, 170.