Жанчыне з бэзам
І я прайшоў калісьці паўз цябе.
Паўз вусны смелыя і рук прынаднасць,
І змрок вачэй, глыбокіх, як сусвет.
На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,
Далёка так, што цэлага жыцця
Мне не хапіла б даляцець да іх…
Не паляцеў…
І гэта так было,
Як быццам качаня не захацела
Агіднае да лебедзя ляцець.
О лебедзь мой, які я быў дурны!
Якой дарогай сноўдаўся па свеце,
Каму сябе аддаў і раздарыў?!
Начамі сон бяжыць вачэй халодных.
Начамі змрок. Халодны вецер свішча,
Каб разбудзіць змярцвелыя дубы.
Крывавыя пупышкі вінаграда
Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён.
А ты ляжыш, і трапятанне вей
Бяссоннае, як трапятанне крыл…
…І сёння я ўначы цябе успомніў:
Ты крочыла па вуліцы вясенняй,
Трымаючы ў руках шалёны бэз,
Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў,
І сонца ў люстрах дажджавых ляжала
Пад кожным крокам дарагім тваім.
А вочы — два глыбокія сусветы —
Паўзверх вільготных і пахучых гронаў
З пяшчотаю глядзелі на мяне.
Я зразумеў.
Яны ж мяне вучылі
Калісьці нездрадліваму каханню,
Каханню маладому, на якое
Не зменіш вопыт схаладнелых год.
Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга,
Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту
І подла здрадзіць бэзу і сабе…
…Якая раніца ляжыць над светам!
Які разліў! Да гарызонта сінь!
І ветразі зялёных вербалозаў
На сініх водах — зараз страпянуцца,
Напоўняцца і ў грэкі паплывуць.
Ты, што мяне чакаць даўно забыла,
Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла…
…Будзь блаславёна, доўгае жыццё,
Яшчэ не скончанае ў добрым свеце.
Ўсё будзе. Толькі гронаў тых не будзе,
Цябе не будзе і тваіх вачэй.
А можа?
Глянь, як свет вакол чакае
Святла і цеплыні, даўно забытых.
Чакае дуб скарэлы на пагорку,
Чакаюць хаты сонечных праменняў,
Чакаюць вішні белых пакрывалаў.
Душа чакае крыл.
І на адхонаx
Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.66, з прысвяч. Л. і паметай: 4.V.62, Рагачоў.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 178, 179.