Мёртвае рэчышча
Мне сказалі: мяне ты шукаеш,
Зноў шукаеш — пасля ўсяго, —
Плынь начная, калісьці жывая,
Што пазбылася ложа свайго.
Усё дарэмна: пратокі-песні
Абмялелі пад рэзкай травой.
Я не Лазар, я не ўваскрэсну,
Нават голас пачуўшы твой.
Ні твой заклік, калісьці любы,
Ні пяшчотны дотык рукі,
Ні ад смагі пасохлыя губы
Не абудзяць вялікай ракі.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.62, з паметай: 24.V.62.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 181.