Крокі ўначы

Цёплы дзень дагарэў. Скача полымя з гулам,
Саснячок над ракою ў зялёнай імгле…
За дзень сонцам з вадою ўвесь твар абцягнула,
Ногі ў голках сасновых. Далоні ў смале.
Ўвесь Дняпро у кругах: ходзіць рыба шалёна.
На слупах фарватэрных — скупа — агні.
Побач з намі — чырвоны, наводдаль — зялёны,
Наш адзін, а ў таго у прадонні — двайнік.
Раптам — водар халодны свежага сена.
Раптам плеск. Гэта стог, вялізны, да хмар,
На чаўне, што не большы ніяк за палена,
Быццам прывід, плыве на зялёны ліхтар.
Над ракою дымок. Ціха полымя шастае,
Ты і я ў будане на сене ляжым.
Калі ёсць на зямлі дзве унцыі шчасця, —
Ўсё яно, без астачы, ў сэрцы маім.
Што шукаў ты ў чужой зямлі, чалавеча?
І нашто імкнуўся сябе ашукаць,
Калі вось пад рукой тваёй цёплыя плечы,
Вось віно і вогнішча, ноч і рака.
І кахаю, як быццам стакрот паміраю,
Поўны кожнай пражытай сваёй вясной.
О ўтрапёны агонь, як ты хутка згараеш,
І якая кароткая летняя ноч!
У вялікім спакоі зямлі шырокай,
Да якога праз хвалі мы праплылі,
Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі
Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі.
Нехта бераг трасе цяжкімі нагамі,
Нехта ноч разрывае, бы глупства чаўпе.
Не палохайся. Гэта не зубр і не мамант,
Гэта бакеншчык гасіць ліхтар на слупе.
Цішыня. Над вадою туманныя вежы.
Дай мне гэту зямлю з табою абняць.
Ты — празрыстасць, ты ўся — нерухомая свежасць,
Ўся — глыбінная, аж да канца, цеплыня.
Ты не чуеш, як падаюць росы патокам,
Як гарлачыкам трызніцца новы дзень,
Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі
Над вялікай ракою каханне ідзе.

Упершыню — “Полымя”, 1966, № 10.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 182.

Яндекс.Метрика