Раманс вінаграднай лазы
Па туманах касыx
Вінаградныя вусікі
Ўюцца,
Ўюцца
І імкнуцца спаймаць
Малады
І гарэзлівы месяц.
За глыбокія вочы твае,
Што ў тумане,
Блакітным тумане
Смяюцца,
Хай мяне на праменняx
Туманных,
Абвітых,
Спайманыx
Праменняx
Павесяць…
Ах, як вішні цвілі!
Як здрадлівая
Белая мара!
Зацягнулі,
Завабілі
Песняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулкаx
Так плача гітара
Ненадзейнай,
Пакінутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясенняй парой
З вішань квецень
Зляцела
Завеяй,
Пяшчотнай
І сіняй.
Што з таго, што калісьці
Памруць
Пад асенняй
Халоднай касой
Залатыя вяргіні…
Вяргіні…
Вяргіні…
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценню,
Летам і маем.
Дваццаць год
Вінаградныя вусікі
Будуць віцца
Па месячных струнах…
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзлівы,
Месяц вясёлы
І юны.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 183, 184.