Каравелы
З дубовым цяжкім задам, але з крыламі,
Пафарбаванымі ў блакіт і кроў,
Яны трапётка мора скарадзілі,
Як матылі, што трапілі ў Дняпро.
Бездапаможныя, валам чужыя,
Нязграбныя, яны паўзлі, плылі,
У шторм кружылі, ў мёртвы штыль тужылі,
Бастарды неба, пасербы зямлі.
Не лепшыя за рэшата па форме,
Смярчы лавілі паруснай сцяной,
Хаця, па ўсім сучасным нашым формулам,
Ад шэпту мусілі ісці на дно.
………….
Наш свет таксама: шэрыя адрыны,
Брандмаўэры, праварыны, муры,
Залева, што клякоча злосна ў рынах,
Неону бляск і чорныя двары.
Чаму ж у прыцемках пахмурна-сініх,
Чаму ў начах, ад ліхтароў рудых,
Мы марым аб нябачаных краінах,
І верым ім, і даплывём да іх?
Якою воляй, яраснай і смелай,
Якою сілай, грознай, бы ўраган,
Абсмеяныя нашы каравелы
Бяруць за грыву смерці акіян?!
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Машынапіс — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 4, с.56, з прысвяч. Н.Матвеевай.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 190.