Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел адзінаццаты

У той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час — таксама.

Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін«, але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце.

Ці доўгі час я так ляжаў, ці не — не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя.

Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з’яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям.

Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер.

Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў?

Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся.

Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў:

— С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы…

Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць.

…Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў:

— Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя!

Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся:

— Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце.

— Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю.

— Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!..

Я падняў з зямлі рэвальвер.

— І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк?

— А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б’ешся.

Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д’ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў.

Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена.

Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з’явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з’явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!»

Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою — так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп — і так чатырыста разоў, топ-топ — пяцьдзесят разоў. Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю.

Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй:

— Каго гэта тут носіць?

Гэта быў стары дзед, былы «дзядзька», які жыў разам са Свеціловічам.

— Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі.

— А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся?

Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой — свечку.

— Пан дома? — ліхаманкава спытаў я.

— Н-няма, — спакойна адказаў ён.

— А куды пайшоў?

— А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе.

— Вядзі ў пакой, — грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю.

— Нашто?

— Можа, ён пакінуў нейкую запіску.

Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер’і. На сцяне партрэты: гравіраваны — Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам — Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад.

Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: «Няўжо ён?» Я хапіў пляцёнку для папер і высыпаў яе на падлогу: там нічога цікавага, толькі канверт з шурпатай паперы, на якім лёкайскім почыркам было напісана: «Андрусю Свеціловічу».

— Былі сёння пану якія лісты? — спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата.

— Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома.

— Ён быў не ў гэтым канверце?

— Чакайце… Ну, вядома, так.

— А дзе сам ліст?

— Ліст? Д’ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы?

Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы — адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго — почырк быў той самы, што на канверце.

— Шчасце тваё, чортава душа, — вылаяўся я, — што ты рана вытапіў печку.

Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць.

«Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем… ха… Надзеі Раманаўне небяспека… мая до… (тут быў выпалены асабліва вялікі кавалак) …кутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен… пайшоў у павет… Дрыкганты — гало… ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкі на… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь.

Твой добразычлівы Лікол…»

Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе «…ніны, дзе тры асобныя хвоі». Што гэта за «…ніны»? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі.

— Кандрат, дзе тут непадалёк на раўніне тры асобныя хвоі?

— Ляд яго ведае, — задумаўся ён. — Хіба што толькі ля Волатавай прорвы. Там стаяць тры вялізныя хвоі. Гэта там, дзе коні караля Стаха, — кажуць людзі, — ускочылі ў дрыгву. А што такое?

— А тое, што над панам Андрэем жахлівая небяспека… Даўно ён пайшоў?

— Ды не, напэўна, гадзіну таму.

Я выцягнуў яго на ганак, і ён, ледзь не плачучы, паказаў мне шлях да трох хвой. Я загадаў яму заставацца тут, а сам пабег. Я не ішоў на гэты раз, перамяжаючы бег. Я ляцеў, я імчаў, я выкладваў апошнія сілы, як быццам хацеў там, ля трох хвой, упасці мёртвым. На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою. Бегчы стала трохі лягчэй. Я скінуў бы нават боты, каб для гэтага не трэба было затрымацца. Гэта быў шалёны бег. Па маіх разліках, я павінен быў дабегчы да хвой хвілін на дваццаць пазней друга. Жах, адчай, нянавісць надавалі мне сілы. Вецер, які ўзняўся раптам, падштурхваў у спіну. Я не заўважаў, што хмары нарэшце заснавалі ўсё неба, што нешта цяжкае, давячае навісла над зямлёю: я — імчаў…

Тры вялізныя хвоі ўжо вымалёўваліся над чэзлымі хмызамі, а над імі была такая цемра, такое змрочнае неба… Я рынуўся ў хмызы, ламаючы іх нагамі. І тут… здалёк прагучаў стрэл старажытнага пулгака.

Я крыкнуў дзікім голасам, і, як быццам у адказ на мой крык, цішыню ночы раздзёр шалёны тупат конскіх капытоў.

Я выскачыў на паляну і пабачыў далёка цені дзесяці коннікаў, якія на поўным намёце паварочвалі ў хмызы. А пад соснамі я пабачыў чалавечую постаць, якая павольна, вельмі павольна асядала на зямлю.

Пакуль я дабег туды, чалавек упаў дагары тварам і шырока раскінуўшы рукі, як быццам жадаў целам сваім прыкрыць сваю зямлю ад куль. Я паспеў яшчэ стрэліць некалькі разоў у бок уцякаючых коннікаў, мне здалося нават, што адзін з іх пахіснуўся ў сядле, але адразу за гэтым выбух нечаканага гора зваліў мяне на калені поруч з ляжачым чалавекам.

— Брат! Брат мой! Брат!

Ён ляжаў перада мною зусім як жывы, і толькі маленькая ранка, з якой амаль не цякла кроў, гаварыла мне жорсткую непапраўную праўду.

Куля прабіла скронь і выйшла ў патыліцу. Я глядзеў на яго, на гэта бязлітасна загубленае маладое жыццё, я ўчапіўся ў яго рукамі, зваў, тармасіў і выў, як воўк, як быццам гэта магло дапамагчы.

Пасля сеў, узяў яго галаву на калені і пачаў гладзіць валасы.

— Андрусь! Андрусь! Прачніся! Прачніся, дарагі!

Мёртвы, ён быў прыгожы нейкай вышэйшай, нечалавечай, прыгажосцю. Твар закінуты, галава павісла, і стройная шыя, як выразьбленая з белага мармуру, ляжала на маім калене. Доўгія светлыя валасы пераблыталіся з сухой жоўтай травою, і яна лашчыла іх. Рот усміхаўся, быццам смерць прынесла яму нейкую разгадку жыцця, вочы былі мірна закрыты, і доўгія веі зацянялі іх. Рукі, такія прыгожыя і моцныя, што жанчыны маглі б цалаваць іх у хвіліну шчасця, ляжалі ўздоўж цела, як быццам адпачывалі.

Як скарбячая маці, сядзеў я, паклаўшы на калені сына, які прайшоў пакуты на крыжы. Я выў над імі і кляў Бога, бязлітаснага да свайго народа, да лепшых яго сыноў.

— Божа! Божа! Усемагутны, усяведны! Каб ты знік, адступнік, які прадаў свой народ.

Нешта бабухнула нада мною, і ў наступны момант цэлы акіян вады, жахлівая зліва абурылася на балоты і пусткі, на загублены ў лясах край. Стагналі пад ім яліны, прыгіналіся да зямлі. Ён біў мне ў спіну, якою я закрыў твар мёртвага, выў, наўскос, парывамі паласаваў зямлю.

Я сядзеў, як звар’яцелы, не заўважаючы нічога. Словы лепшага чалавека, якія я чуў некалькі гадзін таму, гучалі ў маіх вушах.

«Сэрца маё баліць… ідуць, гінуць, блытаюць, бо сорамна стаяць… і не ўваскрэснуць пасля распяцця… Але, думаеш, усіх перадушылі? Гады, гады наперадзе! Якая залатая, якая чароўная далячынь, якая будучыня чакае!.. Сонца!»

Я застагнаў. Сонца закацілася за хмары, будучыня, забітая і халадзеючая пад дажджом, ляжыць тут, на маіх каленях.

Я плакаў, дождж заліваў мае вочы, ліўся ў рот. А рукі мае ўсё гладзілі гэту залатую юнацкую галаву.

— Радзіма мая! Гаротная маці! Плач!

Яндекс.Метрика