Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел чатырнаццаты

Можна было меркаваць, што сонца зрабіла адно абяртанне (я ўжываю слова «меркаваць» толькі таму, што сонца не паказвалася з-за хмар), калі я апоўдні з’явіўся ў павет. Гэта быў плоскі, як праснак, гарадок, горшы за самае дрэннае мястэчка, і аддзялялі яго ад яноўскага наваколля толькі вёрст васемнаццаць — дваццаць чэзлых лясоў. Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках. Худыя яўрэйскія козы іранічнымі вачыма глядзелі на мяне з гнілых стрэх.

Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі.

І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі.

На галоўнай плошчы бруд быў па калена, перад абшарпаным шэрым будынкам павятовага суда, амаль на ганку, ляжала штук шэсць свіней, якія дрыжалі ад холаду і часам рабілі дарэмныя спробы падлезці пад сябровак, каб сагрэцца. Гэта кожны раз суправаджалася эксцэсамі ў выглядзе пакрыўджанага рохкання.

Я прывязаў каня да канавязі і падняўся па рыпучых прыступках у калідор, дзе кісла пахла папяровым пылам, чарнілам і мышамі. Дзверы ў канцылярыю, абабітыя пашарпанай цыратай, ледзь адарваў, так яны набраклі. Увайшоў і спачатку нічога не разгледзеў: такое скупое, у тытунёвым дыме, святло прабівалася праз вузкія маленькія вокны. Лысы скурчаны чалавечак, у якога ззаду з прарэхі выбіваўся хвосцік кашулі, узвёў на мяне вочы і лыпнуў імі. Тут я вельмі здзівіўся: верхняе павека засталося нерухомым, а ніжняе закрыла ўсё вока, як у жабы. Я назваў сябе.

— Вы з’явіліся? — здзівіўся чалавек-жаба. — А мы…

— А вы думалі, — працягнуў я, — што я не з’яўлюся ў суд, ад’еду адсюль, уцяку. Вядзіце мяне да вашага суддзі.

Пратакаліст вылез з-за канторкі і патопаў перада мною ў глыб гэтага дымнага пекла.

У наступным пакоі за вялікім сталом сядзелі тры чалавекі ў сурдутах, зашмальцаваных да таго, што нагадвалі стары мультан.

Твары павярнуліся да мяне, і я заўважыў у вачах аднолькавы выраз хцівасці, здзіўлення перад тым, што я ўсё ж з’явіўся, і нахабства.

Гэта былі суддзя, пракурор і адвакат, адзін з тых «аблакатаў», што абдзіралі кліентаў як ліпку, а пасля здраджвалі. Галодны, хцівы і прадажны судовы кручок з галавою, падобнай на агурок.

І наогул гэта былі не бацькі і не дзеці судовай рэформы, а хутчэй пад’ячыя дапятроўскіх часоў.

— Пан Беларэцкі, — мятым голасам прагаварыў суддзя, — мы ажыдалі вас. Очань прыемна… Мы паважаем людзей са сталічным бляскам. — І ён, не запрашаючы мяне сесці, утаропіўся ў нейкую паперку. — Вы, навернае, ведаеце, што зрабілі что-та падобнае да крыміналу, кагда пабілі прыстава за какой-та нявінны жарт? Гэта — дзействіе ўгалоўна наказуемае, іба какурат супярэчыць норавам нашага наваколля, а такжа і зводам законаў імперыі Расейскай.

І ён паглядзеў на мяне праз акуляры з вельмі ганарлівым выглядам. Ён быў цалкам задаволены, гэты нашчадак Шамякі, задаволены тым, што чыніць суд і расправу ў павеце.

Я зразумеў, што, калі я не наступлю яму на мазоль, я загінуў. Таму я прысунуў да сябе крэсла і сеў на яго верхам.

— Мне здаецца, што ў яноўскім наваколлі трохі забыліся на далікатнасць. Таму я сяду сам.

Пракурор, ветлівы малады чалавек з сінякамі пад вачыма, як быццам ад ганебнай хваробы, суха сказаў:

— Пра далікатнасць пану трэба моўчаць. Вы з’явіліся сюды і адразу парушылі спокуй мірных абыватэляў. Скандалы, збуйства, спроба завязаць дуэлю са смяротным канцом на бале ў шаноўнай пані Яноскей. І, да таго ж, палічылі за годнае пабіць паліцэйскега чына пры выкананні службовых абовёнзкув. Чужак, а лезеце ў наша жыце…

Халоднае шаленства заварушылася ў мяне недзе пад сэрцам.

— Брудныя жарты ў хаце, у гаспадара якой ясі, трэба караць не бізуном па твары, а сумленнай куляю. Ён абражае гонар людзей, якія бездапаможныя перад ім, не могуць адказаць. Суд павінен займацца менавіта такімі справамі, змагацца за справядлівасць. Вы кажаце пра мірных абывацеляў. Чаму ж вы не звяртаеце ўвагі на тое, як гэтых мірных абывацеляў забіваюць невядомыя злачынцы. Вашу акругу тэрарызуюць, а вы седзіцё тут са сваімі ўваходзячымі і сыходзячымі… Ганьба!

— Размова пра забойства гасударственава праступніка, а аднака абыватэля і шляхціца Свеціловіча будзе весціся не з вамі, — зарыпеў суддзя. — Расейскі суд не акказвает нікаму ў абароне, дажэ праступнікам. Аднака дзела ідзе не пра тое. Вы ведаеце, што за скарбленіе прыстава мы можам… вас прысудзіць да дзвюх нядзель увязнення ілі штрафу і, как казалі продкі, баніцыі за прадзелы яноўскага наваколля.

Я раззлаваўся:

— Вы можаце зрабіць гэта сілаю. Але я знайду на вас управу ў губерні. Вы пакрываеце забойцаў, ваш прыстаў ганьбіў законы імперыі, казаў, што забойствам шляхціца Свеціловіча вы не намераны займацца!

Твар суддзі пакрыўся апаплексічнай малінавай чырванню. Ён выцягнуў шыю, як гусак, і прасіпеў:

— А свідзецялі этава разгавора, шаноўны пане Беларэцкі, у вас ёсць? Сведкі? Сведачкі? Дзе яны?

Адвакат, як дастойны прадстаўнік прыміраючага начала ў расейскім судзе, чароўна пасміхнуўся:

— Натуральна, пану Беларэцкаму нету светкі. І наогул, гэта ест глюпства: прыстаў не смог такое сказаць. Пан Беларэцкі сабе гэта проста ўявіць, апанента словы ён не схапіць.

Ён кінуў у рот манпансье, якое дастаў з бамбаньеркі, пачамкаў губамі і ціха дабавіў:

— Нам, дваранам, становішча ад пан Беларэцкі ест асабліва зразумелай. Мы не хочам вам непрыемна рабіць. Няхай вас ціха і мірна адсюль з’ехаць. Тады ўсё тут, як казаць, абразуецца, і мы справу замінаць будзем… Нун, гут?

Для мяне гэта было самым разумным выхадам, але тут мне да памяці прыйшла Яноўская.

«Што будзе з ёю? Для яе гэта можа скончыцца смерцю або вар’яцтвам. Я паеду, а яе, дурненькую, толькі лянотны не пакрыўдзіць».

Я зноў сеў у крэсла, сціснуў сківіцы і схаваў пальцы рук паміж каленямі, каб яны не выдалі майго хвалявання.

— Я не паеду, — сказаў я, — перш за ўсё, спаймайце злачынцаў, якія прыкрываюцца імем зданяў. А пасля я знікну адсюль назаўжды.

Суддзя ўздыхнуў:

— Мне кажацца, што вам прывядзецца пайсці адсюль хутчэй, ніж спаймаць гэтых мі… міхі…

— Міфічных, — падказаў адвакат.

— Вот-вот, міхічных праступнікаў. І прывядзецца пайсці атсуда не па собственнай ахвоце.

Уся кроў кінулася мне ў твар. Я адчуваў, што загінуў, што яны зробяць са мною тое, што ім захочацца, але біў ва-банк, ставіў на апошнюю карту, бо змагаўся за шчасце той, што была мне даражэй за ўсё.

Неверагодным намаганнем я прымусіў мае пальцы не дрыжаць, калі выцягнуў з партманета вялікі аркуш паперы і тыцнуў ім пад нос. Але голас мой перасякаўся ад ярасці:

— Вы, здаецца, забылі, што я з Акадэміі навук, што я член Імператарскага геаграфічнага таварыства. Вы бачыце гэта? І я абяцаю вам, што, як толькі я вызвалюся, я паскарджуся гасудару і не пакіну ад вашае смярдзючае нары каменя на камені. Я думаю, што гасудар не пашкадуе трох нягоднікаў, якія хочуць выдаліць мяне адсюль, каб уладжваць свае цёмныя справы.

У першы і апошні раз я назваў сябрам чалавека, якога саромеўся назваць нават суайчыннікам. Я ж заўжды імкнуўся забыць той факт, што продкі Раманавых паходзяць з Беларусі.

А гэтыя ёлупы не ведалі, што кожны другі член Геаграфічнага таварыства дорага даў бы, толькі б яно не звалася імператарскім.

Але я ўжо амаль крычаў:

— Ён заступіцца!

Думаецца мне, што яны трохі завагаліся. Суддзя зноў выцягнуў шыю і… усё ж шапнуў:

— А ці будзет прыятна гасудару, што член такога паважнага обшчаства знюхался з гасударственнымі праступнікамі? Многія паважныя дзедзіцы пажалуюцца на гэта таму самаму гасудару.

Яны абклалі мяне, як харты. Я сеў паклаў нагу на нагу, склаў рукі на грудзях і сказаў спакойна (я быў надта, надта спакойны, такі спакойны, хоць тапіся):

— А вы не ведаеце тутэйшых сялян? Яны, так бы мовіць, пакуль што шчырыя манархісты. І я абяцаю вам, калі вы толькі выганіце мяне адсюль — я пайду да іх.

Яны аж пазелянелі.

— Зрэшты, я думаю, што да гэтага справа не дойдзе. Вось ліст ад асобы самога губернатара, дзе ён прапануе мясцовым уладам падтрымліваць мяне. А вы ведаеце, што бывае за непаслушэнства такім загадам?

Пярун над вухам не так бы ўразіў гэту публіку, як звычайны аркуш паперы са знаёмым подпісам. А я, вельмі нагадваючы генерала на падаўленні бунту, павольна цадзіў, адчуваючы, што мая справа паляпшаецца:

— Вы што, паляцець з пасады пажадалі?! Я зраблю гэта! А за патуранне дзікім учынкам нейкіх вылюдкаў вы таксама адкажаце!

Вочы ў суддзі забегалі.

«Ну што ж, — вырашыў я, — хоць які сказ — адзін адказ».

Я паказаў астатнім на дзверы. Яны пахапцам выйшлі з пакоя. Я добра бачыў у вачах суддзі боязь, як у зацкаванага тхара, бачыў і яшчэ нешта прыхаванае, злоснае. Я падсвядома быў упэўнены зараз, што ён звязаны з таямніцай дзікага палявання, што выратавацца ён можа толькі ў тым выпадку, калі я загіну, што зараз паляванне пачне паляваць на мяне, бо гэта пытанне іхняга жыцця, і я, магчыма, яшчэ сёння атрымаю кулю ў спіну, але шалёная злосць, ярасць, нянавісць сціснулі мне глотку. Я зразумеў, чаму нашых продкаў звалі шалёнымі і казалі, што яны б’юцца нават мёртвымі.

Я зрабіў крок, схапіў чалавечка за шкірку, выцягнуў з-за стала і падняў у паветра. Патрос.

— Хто?! — раўнуў я і сам адчуў, як збялелі мае вочы.

Ён надзіва правільна зразумеў маё пытанне.

— А-вой! Не ведаю, не ведаю, пане. Ох, што мне рабіць? Яны заб’юць мяне, заб’юць.

Я шпурнуў яго на падлогу і схіліўся над ім:

— Хто?!

— Пане, пане. Ручкі-ножкі пацалую, не трэба…

— Хто?!

— Я не ведаю. Ён даслаў мне ліст і пры ім трыста рублёў з патрабаваннем выдаліць вас, бо вы перашкаджаеце. Там быў толькі адзін сказ, і там гаварылася, што ён мае цікавасць да пані Яноўскай, што яму карысна яе смерць або замужаства з ім. І яшчэ там было сказана, што ён малады і моцны і здолее ў выпадку чаго заткнуць маю глотку.

Схожасць суддзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты слязьмі твар гэтай жывёлы і, хоць падазраваў, што ён ведае трохі больш, чым кажа, з гідлівасцю адштурхнуў яго. Не мог я пэцкаць рукі аб гэтага… Не мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды.

— Вы яшчэ адкажаце за гэта, — кіўнуў я ад дзвярэй. — І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі! Бедныя мужыкі!

…Я ехаў па дарозе праз лес і меркаваў аб усім, што здарылася. Гэта было зараз больш-менш лёгка, усё, здаецца, ставала на месцы. Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар’ятка ў сядзібе Кульшаў. Я перабраў усіх, нават тых, на каго нельга было і падумаць, бо стаў вельмі недаверлівы. Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай,або шлюб з ёй. Значыцца, ён мае нейкае права на спадчыну. Гэты чалавек, як падазраваў Свеціловіч, быў на бале ў Яноўскіх, ён неяк уплываў на Кульшу.

Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Але чаму Варона так па-дурному трымаў сябе са мною? Не, хутчэй за ўсё гэта Берман. Ён ведае гісторыю, ён мог натхняць нейкіх бандзюкоў на гэта. Трэба толькі даведацца, якая яму карысць ад смерці Яноўскай.

Але хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына Балотных Ялін? Галава мая круцілася, і ўвесь час стаяла ў ёй тое самае слова. «Рука…» «Рука…» Чаму рука? Вось-вось прыпомню… Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа… Ну што ж, трэба шукаць дрыкгантаў і ўвесь гэты маскарад. І хутчэй.