Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел шаснаццаты

Агеньчык свечкі маячыў недзе далёка за цёмнымі шыбамі. Калі я падымаў вочы, я бачыў поруч з ім адбітак свайго твару з рэзкімі ценямі ў вачаніцах.

Я разбіраў паперы Бермана. Мне здавалася ўсё ж, што я змагу адшукаць у іх нешта цікавае. Берман быў занадта складаны характар, каб жыць простай авечкай.

І вось я з ведама гаспадыні выцягнуў усе паперы з бюро на стол, пераклаў на яго ж кнігі, лісты, дакументы і сядзеў, чхаючы ад пылу, які густа ўкрываў гэтыя рэліквіі.

Цікавага было, аднак, мала. Трапіўся ліст ад маці Бермана, дзе яна прасіла аб дапамозе, і чарнавік ліста Бермана ёй, дзе ён пісаў, што на яго ўтрыманні знаходзіцца брат, што брат цяпер не перашкаджае маці жыць так, як яна хоча, а ў астатнім яны — квіты. Гэта было дзіўна: які брат, дзе ён зараз?

Пасля я адшукаў нешта накшталт дзённіка, дзе поруч з грашовымі выдаткамі і вельмі разумнымі заўвагамі па беларускай гісторыі я прачытаў і такія-сякія разважанні Бермана. Вось некаторыя:

«Паўночна-Заходні край як паняцце — фікцыя. Справа, магчыма, у тым, што ён крывёй і мозгам сваім служыць ідэі цалкам усяго космасу, а не пяцёх губерняў, расплачваецца за ўсё і гатуе ў глыбіні сваёй новага Месію для ўратавання людской пароды. Таму яго лёс — пакутаваць. Справа, аднак, не датычыцца лепшых яго прадстаўнікоў, людзей сілы, арыстакратаў духу».

— Бач ты, рыцар духу, чалавек сілы ў прадзёртых портках, — буркнуў я.

«Адзіная любоў мая — брат. Часам мне здаецца, што ўсе астатнія людзі ёсць карыкатуры на яго, і патрэбны чалавек, які перарабіў бы ўсіх на яго капыл. Людзі павінны быць людзьмі цемры. Тады ў іхніх арганізмах лепей высоўваецца наперад тое цудоўна жывёльнае, што мы павінны зберагаць і любіць. Хіба геній не аддзяляецца ад ідыёта толькі фігавым лістком, які прыдумалі самі людзі. Беларэцкі мяне раздражняе сваёй звычайнасцю, і, дальбог, для яго было б лепей, каб ён хутчэй знік».

І яшчэ адзін запіс:

«Грошы — эманацыя чалавечай улады над статкам іншых (на жаль!). Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця. А лепшым даваць бязмернае шчасце, бо такая штука, як справядлівасць, не прадугледжана самой прыродай. Так і са мною. Мне патрэбен спакой, якога тут больш, ніж дзе-небудзь, і грошы, каб вынасіць ідэю, дзеля якой я з’явіўся на свет, ідэю вялікапышнай і надзвычайнай несправядлівасці. І мне здаецца, што першай прыступкаю магла б быць перамога над тым, да чаго імкнецца маё цела і што, аднак, неабходна знішчыць, над гаспадыняй Балотных Ялін. Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з’яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар’яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю».

Наступны лісток:

«Магчыма, калі я выканаю ролю боскай сілы, вышэйшага наканавання (бывала ж такое са звычайнымі смертнымі), духі зла пакінуць гэтыя мясціны, і я стану гаспадаром. Пераконваў калісь Беларэцкага, што галоўная небяспека — паляванне. А якая небяспека ад зданяў? Іншая справа Малы Чалавек.

Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душамі людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, мозг найвялікшых геніяў, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я праб’юся».

Я скамячыў паперкі і да болю сціснуў пальцы:

— Брыдота!

І раптам сярод іншых паперак рука мая натрапіла на складзены ў чатыры столкі аркуш пергаменту. Я расклаў яго на каленях і толькі галавою хітануў: гэта быў план будынка ў Балотных Ялінах, план ХVІ стагоддзя. І на гэтым плане выразна было азначана, што слухавак у мурах палаца аж чатыры, і яны так схаваны ў плафоне, што адшукаць іх ніяк нельга. Між іншым, адна з іх вяла ад сутарэнняў пад палацам да пакоя ля бібліятэкі (напэўна, каб падслухоўваць размовы вязняў), а другая злучала бібліятэку, закінутыя пакоі для слуг на першым паверсе і… пакой, у якім жыла Яноўская. Дзве другія былі невядома дзе: выхады іхнія былі ў калідоры, дзе жылі я і Яноўская, але далейшы іх ход быў старанна зацёрты пальцамі.

Мярзотнік адшукаў план у архіве і схаваў яго.

І было яшчэ тое-сёе цікавае. У вонкавым муры палаца была пустэча, выразна быў адзначаны вузкі праход і тры нейкія клетушкі. А выхад з прахода быў намечаны якраз за павароткай калідора, дзе я калісьці аддзіраў дзверы ў сапраўды забітым пакоі.

Я лаяўся так, як ніколі ў жыцці. Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз. Я схапіў свечку, глянуў на гадзіннік (палова на адзінаццатую ночы) і хутка пабег пераходамі да свайго калідора.

Стукаў я, напэўна, з палову гадзіны, пакуль не натрапіў на месца, якое адказала на стук гулкім водгукам, быццам я лупіў дно бочкі. Я шукаў на панелі месца, за якое можна ўзяцца і аддзерці яе ад астатніх, але дарэмна. Пасля пабачыў у адным месцы лёгкія драпіны, пакінутыя як быццам нажом. Таму я дастаў сцізорык і пачаў торкаць ім у ледзь прыкметныя шчыліны між гэтай часткай панелі і астатнімі. Даволі хутка мне ўдалося намацаць лязом нажа нешта, што паддавалася. Я націснуў мацней — нешта зарыпела, і пасля панель павольна пачала паварочвацца вакол свайго цэнтра, кажучы мне вузкую шчыліну. Я паглядзеў на адваротны бок панелі ў тыя месцы, куды торкаў лязом, — там была глухая дошка, знутры панель адчыніць на калідор было нельга. Я нават спусціўся быў уніз прыступак на пятнаццаць, але дзверы за спіною жаласна заспявалі, я пабег да іх і якраз своечасова паспеў прытрымаць іх нагою, каб яны не захлопнуліся. Не, аставацца ў нейкай пацуковай нары аднаму, з пагрозай прасядзець тут да другога прышэсця, ды яшчэ з абгаркам свечкі — гэта было глупствам.

Таму я пакінуў дзверы напаўзачыненымі, паклаўшы ля восі ўласную хустку, а сам сеў непадалёк на падлогу, паклаўшы на калені рэвальвер. Свечку давялося загасіць, бо святло яе магло спудзіць істоту, калі б яна задумала вылезці з патаемнага ходу. І, аднак, свечка за павароткай калідора, якая гарэла ўсю ноч, хоць цьмяна, але асвятляла калідор, ды і ў акно ліўся няпэўны шэры водбліск.

Не ведаю, колькі я так праседзеў, уткнуўшы падбароддзе ў калені. Было каля дванаццаці, калі раптам дрымота пачала падаць на мяне, навальвацца цяжарам, стуляць павекі. І я ўпарта дзюбаў носам, як ні намагаўся змагацца са сном: даліся мне ў знакі мінулыя бяссонныя ночы. У адзін з момантаў прытомнасць адмовіла мне, і я праваліўся кудысьці ў цёмную душную бездань.

Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва? Паспрабуйце. Вы пераканаецеся, што пачуццё падзення, якое вы часам адчуваеце, лежачы пад цёплай коўдрай, ёсць шостае пачуццё, што перайшло нам у спадчыну ад продка нашага, малпы, што яно было ёй неабходна, каб не ўпасці з дрэва. І, седзячы ля дрэва, вы ў сне будзеце падаць вельмі часта, і адкрываць вочы, і зноў засынаць. І нарэшце дзіўныя сны авалодаюць вашай душой, знікне мільён год чалавечага існавання, і вам здасца, што пад дрэвам дапатопны мамант ідзе на вадапой і вочы пячорнага мядзведзя гараць з-пад скалы.

Прыблізна ў такім настроі быў і я. Сны… Сны… Мне здавалася, што я сяджу з доўбняю на каленях недзе на дрэве і мне страшна злезці, бо пада мною, па зямлі, ідзе нейкі пітэкантрап. І ноч, і стогнуць ваўкі за дрэвамі. У той самы момант я ўпаў і раскрыў вочы.

Проста ў паўцемры рухалася паўз мяне дзіўная істота. Зялёнае старадаўняе ўбранне было ў пыле і павуцінні, галава, доўгая, выцягнутая назад, як боб, задуменна апушчана, павекі, як у жабы, ледзь не закрывалі журботныя вочы, а рукі былі апушчаны ўніз, і доўгія-доўгія пальцы іх амаль даставалі да зямлі.

Малы Чалавек Балотных Ялін прамінуў мяне і праплыў далей, а я сачыў за ім з рэвальверам. Будынак быў яму, відаць, добра знаёмы. Ён адчыніў акно, пасля другое, пасля вылез у адно. Я высунуў за ім галаву і пабачыў, што гэта істота з малпячым спрытам ідзе па вузкім, у тры пальцы, карнізе. Ён амаль бег, як павук, з нечалавечай жвавасцю. Па ходзе справы ён адшчыкнуў з галіны ліпы, якая падыходзіла да сцяны, некалькі плодзікаў. Пачамкаў іх. Адной рукой ён дапамагаў сабе рухацца. Пасля ён зноў пралез у калідор, зачыніў вокны і павольна рушыў кудысьці калідорам, страшны ў сваёй нечалавечнасці. Аднойчы мне пачулася нейкае мармытанне, Малы Чалавек хлопнуў сябе па лбе і знік у цемры, куды не даставала святло далёкай свечкі. Я хутка накіраваўся за істотай, бо баяўся знікнення. Калі я апынуўся ў цемры, я пабачыў два ззяючых вокі, што глядзелі з кута з невымоўнай пагрозай.

Я кінуўся да яго, але яно застагнала цяжка і пабрыло кудысь, хістаючыся на нагах. Утаропіла на мяне свой позірк, пасварылася пальцам.

Аслупянеўшы на імгненне, я апамятаўся, дагнаў Малога Чалавека і схапіў яго за плечы. І радасна страпянулася маё сэрца, бо гэта не была здань.

Калі я выцягнуў гэтую істоту на святло, яна торкнула сябе пальцам у рот і сказала няпэўным рыпячым голасам:

— Гам-гам!..

— Ты хто такі? — трасянуў я яго за плечы.

І Малы Чалавек, былая здань, адказаў завучана:

— Я Базыль. Я Базыль.

І раптам хітрасць, якая бывае і ў ідыётаў, асвяціла яго вочы:

— Я вас… бачыў. Гы-гы! Я сядзеў пад сталом… пад сталом, брат мяне карміў. А вы раптам — шась!

І зноў зачамкаў вялізным, да вушэй, ротам. Я зразумеў усё. Два мярзотнікі — кіраўнік дзікага палявання і Берман — дадумаліся, уласна кажучы, да аднаго і таго ж самага. Берман, які ведаў, што ён з’яўляецца сваяком Яноўскай, прыехаў у Балотныя Яліны і тут напаткаў план хадоў у мурах і слухавак. Пасля гэтага ён таемна паехаў у горад і, кінуўшы маці на волю лёсу, прывёз сюды брата, які не таму ўнікаў людзей, што любіў самоту. Брат проста быў непапраўным ідыётам, і нездарма ў клубе здзівіліся яго дрэннаму выхаванню (Берман, вядома, прывёз у клуб не брата, а нейкага захожага чалавека). Калі ён прывёз яго сюды, ён змясціў яго ў сваім пакоі, карыстаючыся тым, што да яго ніхто не заходзіў, і загадаў сядзець ціха. Пад час аднаго з гадаванняў я і заспеў іх на месцы злачынства. Малы Чалавек тады сядзеў пад сталом, і я мог бы схапіць яго, працягнуўшы руку.

Уначы Берман заводзіў яго ў хады, і той крочыў па начных пераходах, абуджаючы ў слухаўках гукі, якія чулі жыхары дома.

Зрэдку яго выпускалі і ў калідор: у гэтым выпадку ён апранаў назнарок пашыты стары ўбор, а Берман чакаў яго ля адчыненых дзвярэй ходу, бо адчыніць іх Малы Чалавек не мог. Сяды-тады яму дазвалялі пагуляць і на свежым паветры. З малпячым, а хутчэй з павучыным спрытам ён бегаў па карнізах будынка, глядзеў у асветленыя вокны і, у выпадку трывогі, маланкава знікаў за шматлікімі кутамі будынка.

Яму тым лягчэй было гэта рабіць, што ў яго пячорным мазгу зусім адсутнічаў інстынкт самазахавання. Ён ішоў па гэтым карнізе так раўнадушна, як мы часам, забаўляючыся, ідзём па чыгуначнай рэйцы.

Пад час адной такой пагулянкі і адбылося яго спатканне са мною. Што ж здарылася пасля? «Лікол» даслаў мне ліст, у якім, каб выбавіць мяне з хаты, рэкнуў здуру, што ведае штосьці пра Малога Чалавека. Берман, які апошні час сачыў за мною, прачытаў ліст і пайшоў на месца сустрэчы, каб неяк дамовіцца з невядомым. Там яго палічылі за мяне, і адбылася трагедыя, познім сведкам якой я быў.

А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы — ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў.

Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар’ятаў.

І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам.