Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел семнаццаты

— Ты, Рыгор?

— Я, Андрусь. Праўдзівей, мы.

Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты «пацелі», нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў.

Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з’явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць.

То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі.

І ўсе яны ў месячным святле былі на адзін твар: як быццам сама гэта зямля адначасова нарадзіла іх. У двух я пабачыў доўгія стрэльбы, як у Рыгора, адзін трымаў у руках пулгак, астатнія былі ўзброены доўгімі рацішчамі і віламі, а адзін нават простай дубінай.

— Гэта хто? — здзіўлена спытаў я.

— Мужыкі, — нутром прагудзеў Рыгор. — Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць.

Міхал сапраўды нагадваў «Міхала — бурага дзедзіна». Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі — не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна.

— Хопіць, — зноў сказаў Рыгор. — Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада — усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці.

— Гэта ўсе?

— Не, — сказаў мой наваз’яўлены Чортаў Бацька, — гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там — мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай — сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы — Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога — дасылайце чалавека.

І Рыгор знік у цемры.

Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром — трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат. Трое павінны былі, у выпадку чаго, перагарадзіць паляванню шлях адступлення. Сам я стаў за вялікім дрэвам ля самай сцежкі.

Я забыўся яшчэ сказаць, што на кожнага з нас было па тры паходні. Дастаткова было, каб асвятліць, у выпадку патрэбы, усё.

Мае людзі ў шкурах як ляглі, так і зрасліся з зямлёю, нельга было адрозніць іх ад звычайных купін, а шэрая аўчына злівалася з шэрай, забітай восенню, травой.

Так мы ляжалі даволі доўга. Месяц плыў над балотамі, мільгацелі там нейкія блакітныя іскры, туман то сплываў у суцэльную, каню па калена, смугу, то зноў распаўзаўся.

Яны з’явіліся, як заўжды, нечакана. Два дзесяткі туманных коннікаў на туманных конях. Бязгучна і грозна насоўваліся яны. Не звінелі цуглі, не чуць было чалавечых галасоў. Бязлюдная маса рухалася да нас. Развяваліся доўгія валасы і плашчы. Паляванне імчала.

А наперадзе, як раней, скакаў кароль Стах, прыкрыўшы капелюхом твар. Мы чакалі, што яны прылятуць, як вецер, але крокаў за сто яны… спешыліся, павазіліся ля конскіх ног, і, калі паехалі пасля гэтага, паехалі павольным крокам, да нас даляцеў зусім нечаканы пасля маўчання ляск капытоў.

Павольна набліжаліся яны. Вось мінулі дрыгву, вось пад’ехалі да агароджы, вось мінулі яе. Кароль Стах ехаў проста на мяне, і я пабачыў, што твар яго белы, як крэйда.

Вось ён амаль ля майго дрэва. Я ступіў з-за яго і ўзяў каня за аброць. Адначасова левай рукою, у якой акрамя рэвальвера быў у мяне стэк, я пасунуў ягоны капялюх на патыліцу.

Трупна-бледны, глядзеў на мяне вялікімі мёртвымі вачыма твар Вароны. Ад нечаканасці ён, напэўна, не ведаў, што рабіць, але затое я добра ведаў гэта.

— Дык гэта вы кароль Стах? — спытаў я ціха.

І перацягнуў яго стэкам па твары.

Конь Вароны стаў дыбкі і кінуўся ад мяне ў натоўп.

У той самы момант грымнулі стрэльбы засады, і ўсё закруцілася ў шалёным моры агню. Уставалі дыбкі коні, падалі коннікі, хтосьці нема крычаў. Я запамятаў толькі твар Міхала, які хладнакроўна цэліўся з доўгай стрэльбы. Сноп агню вырваўся з яе. Потым праплыў перада мною твар скуластага хлопца з доўгімі касмылямі валасоў, што падалі на лоб. Хлопец гэты працаваў віламі, як на таку, пасля ўзняў іх і з жахлівай сілай усадзіў у жывот каня, што стаў на дыбкі. Коннік, конь і хлопец упалі разам. А я стаяў і, нягледзячы на тое, што стрэлы нарэшце загучалі і з іхняга боку, што кулі пасвіствалі ля маёй галавы, на выбар страляў па конніках, што мітусіліся ў нашым коле. Ззаду іх таксама палівалі агнём.

— Браткі, нам здрадзілі!

— Даскакаліся!

— Ратуйце!

— Божа! Божухна!

На тварах гэтых бандзюкоў я пабачыў жах, і радасць помсты авалодала мною. Ім трэба было думаць раней пра тое, што адплата прыходзіць. Я бачыў, як чалавек з дубінай удзёрся ў сярэдзіну коннага натоўпу і біў ёю наводмаш. Уся застарэлая ярасць, усё доўгацярпенне зараз выбухнула прыпадкам нечуванага запалу, баявой смеласці. Хтосьці рыўцом сцягнуў з сядла аднаго з паляўнічых, і конь пацягнуў яго галавою па карэннях.

Праз дзесяць хвілін усё было скончана. Коні без седакоў працягла гігаталі, пехцярамі ляжалі на зямлі забітыя і параненыя. Толькі Варона, як д’ябал, круціўся сярод мужыкоў, адбіваючыся мячом. Рэвальвер ён заціснуў у зубах. Біў ён вельмі добра. Пасля пабачыў у натоўпе мяне. Твар яго перакрывіўся такой жахлівай нянавісцю, што нават зараз я памятаю яго і часам бачу ў сне.

Стаптаўшы канём аднаго з сялян, ён схапіў рэвальвер:

— Трымайся, падла! Адняў яе! Табе таксама не мілавацца!

Селянін з доўгімі вусамі пацягнуў яго за нагу з каня. І толькі таму я не ўпаў на зямлю з дзіркай у чэрапе. Варона зразумеў, што яго зараз сцягнуць з каня, і стрэлам ва ўпор паклаў на месцы даўгавусага.

І тады я, паспеўшы ўставіць новыя патроны, высадзіў у яго ўсе шэсць куль. Варона хітнуўся ў сядле, хапаючыся рукамі за паветра, але ўсё ж павараціў каня, збіў на зямлю скуластага хлопца і памчаў у напрамку да балот. Ён усё хапаўся рукамі за паветра, але яшчэ сядзеў у сядле і разам з сядлом (відаць, лопнула папруга) з’язджаў набок, пакуль не павіс паралельна зямлі. Конь збочыў, і галава Вароны з маху ўдарылася аб каменны слуп агароджы.

Варона з’ехаў з сядла і гопнуўся аб зямлю, застаўся ляжаць на ёй нерухомы, мёртвы.

Разгром быў поўны. Страшнае дзікае паляванне ляжала на зямлі, разбітае рукамі звычайных мужыкоў у першы ж дзень, калі яны трошкі паднатужыліся і паверылі сваім прымхлівым мазгам, паверылі, што нават супраць зданяў можна ўстаць з віламі ў руках.

Я прайшоў па месцы бойкі. Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі.

І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер’ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала.

Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу.

Мы лаяліся. Міхал бінтаваў мне галаву, а я крычаў, што гэта глупства. Між тым сярод паляўнічых адшукалі аднаго і падвялі да кастра, які мы расклалі. Перада мною стаяў з вісячай, як бізун, рукою Марка Стахевіч, той самы шляхцюк, размову якога з Пацуком я падслухаў тады пад дрэвам. Ён быў вельмі каларытны ў сваёй чузе вішнёвага колеру, у маленькім капелюху, з пустымі похвямі ад шаблі на баку.

— Ты, здаецца, пагражаў мужыкам, Стахевіч? Ты памрэш, як гэтыя, — спакойна сказаў я. — Але мы можам адпусціць цябе, бо адзін ты няшкодны. Ты паедзеш за межы яноўскага наваколля і будзеш жыць. Мы адпусцім цябе тады, калі ты раскажаш нам пра вашу дзейнасць.

Ён павагаўся, паглядзеў на жорсткія твары мужыкоў, залітыя чырвоным сяйвом вогнішча, на кажухі, на рукі, якія сціскалі вілы, і зразумеў, што літасці тут чакаць нельга. Вілы з усіх бакоў абкружалі яго, датыкаючыся да цела.

— Гэта ўсё Дубатоўк, — сказаў ён панура. — Палац Яноўскіх павінен быў перайсці да Гарабурды, але Гарабурда вельмі запазычыўся Дубатоўку. Ніхто пра гэта не ведаў, акрамя нас, людзей Дубатоўка. Мы пілі ў яго, і ён даваў нам грошы. А сам ён марыў пра палац. Ён не жадаў нічога прадаваць адтуль, хоць палац каштаваў многа. Варона казаў, што, каб прадаць усе рэчы адтуль па музеях, можна было б атрымаць многа тысяч. Выпадак звёў іх з Варонай. Варона не жадаў спачатку забіваць Яноўскую, хоць яму і паказалі на дзверы. Але пасля таго, як з’явіўся Свеціловіч, згадзіўся і ён. Казка пра дзікае паляванне караля Стаха прыйшла Дубатоўку да галавы яшчэ тры гады таму. У Дубатоўка аднекуль ёсць прыхаваныя грошы, хоць жыве ён назнарок бедна. Ён наогул вельмі хітры, вельмі скрытны, вельмі хлуслівы чалавек. Самага разумнага абкруціць вакол пальца, такім мядзведзем прыкінецца, што далей няма куды. І вось ён паехаў да самай лепшай у нашай краіне стайні, да збяднелага за апошнія гады пана, і купіў усіх дрыкгантаў, а пасля перавёў іх да Яноўскай пушчы, дзе мы пабудавалі сховішча і стайню. Усіх здзіўляла, як гэта мы можам імчаць па дрыгве, дзе і кроку ступіць нельга. А ніхто не ведае, як мы плазавалі па Волатнай прорве, шукаючы патаемных сцежак. І адшукалі. І вывучылі. І імчалі па мясцінах, дзе сцежка была на локаць пад тванню, а з бакоў бездань. І, да таго ж, гэтыя коні — цуд! Яны бягуць на голас Дубатоўка, як сабакі. Яны чуюць багну і, калі трэба, робяць над месцамі, дзе сцежка перарываецца, вялізныя скачкі. І яшчэ: мы заўжды выязджалі на паляванне толькі ўночы, калі туман паўзе па зямлі. І ўсе таму лічылі нас прывідамі. А мы яшчэ і маўчалі заўжды. Гэта была рызыка. Але што ж нам было рабіць, падыхаць з голаду на чвэрці валокі? А Дубатоўк плаціў. І, да таго ж, мы не толькі даводзілі гэтым да вар’яцтва або смерці Яноўскую, мы яшчэ і вучылі нахабных хлопцаў, каб ведалі жах божы і не думалі пра сябе занадта многа. Дубатоўк праз Гарабурду прымусіў тады Кульшу выклікаць да сябе дзяўчыну, бо ведаў — бацька занепакоіцца. І мы падлавілі Рамана, перастрэлі яго. Ух, і гонка гэта была!.. Уцякаў, як чорт… Але яго конь зламаў нагу.

— Мы ведаем гэта, — з’едліва сказаў я. — Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.

У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.

— Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з’явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар’яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам — гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць.

— Між іншым, — сказаў я, — я ніколі не думаў ажаніцца з ёю.

Стахевіч невымоўна здзівіўся.

— Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.

— Далей, — кінуў я.

Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба.

— З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п’янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку.

— А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною?

— За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб’юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта — ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след — было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б — не пашчасціла б табе.

— А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз?

Стахевіч павагаўся:

— На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі — вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут — армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда.

— Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы?

— Што ты, што ты, — захітаў Стахевіч галавою, — здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б.

«Гэта, напэўна, Берман зрабіў», — падумаў я, а ўголас сказаў:

— А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца.

Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў:

— Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць.

Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі.

— Кажы. Іначай мы цябе тут…

— Добра. Ваша сіла… Радуйцеся, хлопцы… А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся. Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар’ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з’яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар’яткай стала.

Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет.

— Далей, паскуднік!..

— Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з’явіліся тады да палаца.

— Хто гэта крычаў тады? — сурова спатаў я.

— Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць… Пацук…

Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось «Баладу» Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою.

— Ды і я магу амаль так крычаць.

І ён закінуў галаву — жылы надуліся на яго шыі — і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй. Апошні раз я пачуў крык дзікага палявання: нялюдскі, жахлівы, дэманскі.

— Раман! — рыдаў і галасіў голас. — Раман! Раман! Авой! Помста! Мы адпачнём! Раман у дваццатым калене, выходзь!

Голас яго пакаціўся над Волатавай прорвай кудысьці далёка, пачаў пераклікацца з рэхам, запоўніў сабою ўвесь абшар. У мяне мароз пайшоў спіною.

І Стахевіч зарагатаў:

— Ты не выйшаў тады, Беларэцкі. Нічога, на тваім месцы другі здох бы з жаху. Мы спачатку падумалі, што ты спудзіўся, але на другі дзень здарылася амаль непапраўнае. Свеціловіч нарваўся на Варону, які ездзіў для вярбоўкі новых паляўнічых і спазніўся. І гэта было якраз ля сцежкі, што вядзе ў пушчу, да нашай схованкі. А пасля мы прасачылі, што ён сустрэўся з табою, Беларэцкі, у лесе. І хоць ён не сказаў табе гэтага пакуль што, мы разумелі — яму нельга даць ані гадзіны жыцця. Палову людзей накіравалі да трох хвояў. Дубатоўк даслаў Свеціловічу ліст і выбавіў з хаты. А пасля з паловаю людзей, з трыма старымі хлопцамі і навічкамі, паехалі да Балотных Ялін. Сам Дубатоўк спешыўся тады і падкраўся да цябе ззаду. Але ты паспеў ужо даць некалькі стрэлаў, і нашы неабстраляныя кампаньёны кінуліся ўцякаць. І яшчэ адно дзіва: ты наклаў у патыліцу Дубатоўку і так даў яму, што ён дагэтуль не сядае на каня, сядзіць дома. Дома ён і сёння, так што ты сцеражыся, хлоп. А цябе, Беларэцкі, ён добра тады абкруціў. Ты і ачуняць не паспеў, а ўжо яго падсаджваў на каня. Затое з Свеціловічам нам пашанцавала. Варона дачакаўся яго, спытаў коратка: «Адкрыў дзікіх паляўнічых?» Той толькі плюнуў у бок Вароны. Тады Варона стрэліў. І тут з’явіўся ты, страляў па нас, аднаму прастрэліў руку. А пасля ты пабіў станавога, а пасля цябе выклікалі ў павет не без нашай дапамогі. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе павінны былі заарыштаваць, а пасля забіць па дарозе «пры спробе ўцячы». Але ты быў занадта спрытны, д’ябал, табе пашанцавала, і ліст губернатара прымусіў суддзю адмовіцца дапамагаць нам. Ён на каленях маліў Дубатоўку, каб цябе хутчэй застрэлілі. Дарэчы, Варона чакаў тады Свеціловіча пад дрэвамі, страляў па ім і ўжыў такую хітрасць, якой ты ніколі не адгадаеш.

— Чаму не, — раўнадушна сказаў я. — Дубатоўк выдраў з часопіса ў Яноўскай некалькі аркушаў, і з іх зрабілі клак. Вы думалі, што я, калі выб’юся жывым з вашых лап, грунтуючыся на гэтым, буду падазраваць Бермана.

Скручаныя, падобныя на кіпцюры пальцы Стахевіча драпалі сабе грудзі.

— Д’ябал! — ледзь прахрыпеў ён. — Не трэба было нам звязвацца з табою. Але хто думаў? Вось яны, не думаючыя, ляжаць тут зараз, як торбы з дзярмом, нінавошта не вартыя.

Пасля зноў пачаў гаварыць:

— І вось яшчэ наша памылка. Глядзелі за табою, а за хлопамі пакінулі глядзець, за Рыгорам пакінулі. А яны дабраліся да нас, да схованкі, да патаемных сцежак…

І нават ля крыжа Рамана табе пашанцавала, мы забілі кураня, выпусціўшы цябе з лап. Забілі на скаку, не спыняючыся. Кокнулі — і далей. І пасля толькі пайшлі праверыць. І нават тут нарваліся на цябе, як дурні. А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі…

— Хопіць, — сказаў я. — Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі — мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не — выпусцім.

Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў:

— Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе.

Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх.

Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне:

— Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся.

Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка — яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць. Трэба ўзяць сёння ж уначы.

Ззаду пачуліся стогны і лямант. Там дабівалі параненых. Я паспрабаваў павярнуцца — і не мог. Шчыпала ў глотцы. Але хіба яны не зрабілі б з намі яшчэ горшага?

Дагналі яны мяне на палове дарогі да лагчыны. Імчалі на дрыкгантах з віламі ў руках.

— Сядай, атаман, — дабрадушна сказаў мне Міхал. — З гэтымі скончылі. А прорва-матухна не раскажа нікому. Вось як з імі…

Я зусім спакойна адказаў:

— Ну і добра. А зараз хутчэй да Рыгора. Пасля, разам з ім, пойдзем на дом Дубатоўка.

Мы дамчалі да лагчыны ў вокамгненне і там таксама заспелі самы канец трагедыі. Рыгор і два дзесяткі мужыкоў збіліся ў лагчыне. Рыгор стрымаў слова, хоць са спайманымі ўдзельнікамі палявання не ўчынілі расправы, як з канакрадамі, а проста забілі. Перад Рыгорам ляжаў на спіне апошні з жывых: зусім маладзенькі шляхцюк. Я так і кінуўся да іх. А той, пазнаўшы па маёй вопратцы, што я не селянін, раптам закрычаў:

— Матулька! Матулька! Мяне забіваюць!

— Рыгор, — узмаліўся я. — Не трэба, ён зусім яшчэ малады:

І я ўчапіўся ў яго плячо, але тут мяне схапілі ззаду за рукі.

— Прэч! — гаркнуў Рыгор. — Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі… з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось «хлопчык малады» сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім зараз учынім, як у песні, «Ваўкалакаву ноч».

І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі.

Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы:

— Дурань ты, дурань… Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо — дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. «Малады»! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся… Пусці яго — суд сюды з’едзецца. Мяне з табою — у пятлю. Міхала і астатніх — на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць.

— Я разумею, — адказаў я. — Трэба, каб ніводны з іх не ўцёк. Я толькі што Свеціловіча ўспомніў. Трэба, браце, падавацца да апошняга з жывых, да Дубатоўка.

— Добра, — ласкава прабурчаў Рыгор. — Вядзі.

І атрад рушыў за мною ў бок дома Дубатоўка. Мы ляцелі намётам, і коні імчалі так, як быццам за намі гналіся ваўкі. Месяц цьмяна асвятляў нашу кавалькаду: кажухі мужыкоў, вілы, змрочныя твары, пудзілы на некаторых конях. Нам давялося агінаць балота вакол Яноўскай пушчы. Мы даволі доўгі час марудзілі там, пакуль перада мною не ўзніклі верхавіны ліп ля дома Дубатоўка. Месяц заліваў іх мярцвячым святлом, і, нягледзячы на позні час, пад ліпамі міргалі тры ружовыя агеньчыкі.

Я загадаў людзям спешыцца сажнях у пяцідзесяці ад дома і акружыць яго плотным колам. Паходні трымаць у руках і быць гатовымі па сігналу запаліць іх. Загад выканалі моўчкі. Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым святлом месяца.

— Хто з коньмі? — спытаў я ў Рыгора, які ішоў за мною.

— Хлопец адзін. Ён, у выпадку чаго, сігнал нам дасць. Свішча надта ўжо добра. Проста салавей-разбойнік: коні на калені падаюць.

Мы краліся далей, і боты нашы мякка ступалі па мокрай, ільснянай, як мак, зямлі. Я падышоў да акна: Дубатоўк быў у пакоі і нервова хадзіў з кута ў кут, часта пазіраючы на вісячы гадзіннік.

Я ніколі не бачыў такога твару. Гэта быў другі Дубатоўк, і тут, сам-насам з сабою, вядома, сапраўдны. Куды падзеліся дабрыня, памяркоўнасць, ружовы твар каляднага дзеда. Гэты твар быў жоўты, з моцна апушчанымі кутамі рота, з рэзкімі зморшчынамі ля носа. Вочы запалі, глядзелі мёртва і змрочна. Я жахнуўся, пабачыўшы яго, як жахаецца чалавек, які праспаў ноч у ложку і толькі ранкам знайшоў у ім змяю, якая залезла туды для цеплыні.

«Як я мог быць такім бестурботным?» — з жахам падумаў я.

Не, з ім трэба было канчаць. Ён сам — больш небяспечны, чым дзесяць дзікіх паляванняў. Добра, што я пазбавіў яго тады на некаторы час магчымасці ездзіць верхам, іначай мы б не выкруціліся. Ён бы не паехаў проста на кулі, ён бы не драбніў атрад, ён бы раздушыў нас з Рыгорам, як кацянят, капытамі сваіх коней, і зараз мы ляжалі б недзе на дне прорвы з выкалатымі вачыма.

— Дасылай сюды, Рыгор, чалавек сем. Яны будуць выбіваць дзверы тут, вы — з параднага ўвахода, а я паспрабую ададраць дошку ў імшаніку і кінуцца на яго. Толькі ўсім адразу.

— А можа, паспрабаваць выдаць сябе за паляванне, пастукаць у акно і, калі адчыніць, схапіць. Сваякоў ён на гэтую ноч адаслаў, сам у доме, — прапанаваў Рыгор.

— Нічога не атрымаецца. Гэта хітры ліс.

— А ўсё ж паспрабуем. Разумееш, крыві шкада…

— Глядзі, хлопча, каб горш не было, — пакруціў я галавою.

Коней падвялі да дома. Людзі мае загаманілі. Я з радасцю пабачыў у акно, што твар пана Рыгора прасвятлеў, як быццам ён дачакаўся нарэшце. Ён пайшоў са свечкаю да дзвярэй, але раптам спыніўся, непаразуменне адбілася на яго твары. У той самы момант ён дзьмухнуў на свечку, і пакой патануў у цемры. Справа зрывалася.

— Хлопцы! — крыкнуў я. — Акружайце дом.

Пачуўся тупат бягучых ног, воклікі. З двух бакоў пачалі ламаць дзверы, біць у іх цяжкім. А з мезаніна адначасова прагучаў стрэл.

І адразу за стрэлам пачуўся з вышыні нялюдскі ад ярасці голас:

— Абклалі, сабакі. Чакайце! Шляхта так не здаецца!.. З другога акна мезаніна вылецеў сноп агню. Дубатоўк, відаць, перабягаў ад акна да акна, страляючы ва ўсе бакі па падступаючых людзях.

— Ого, ды ў яго там цэлы арсенал, — ціха сказаў Рыгор.

Словы яго перарваў яшчэ адзін стрэл. Малады хлопец поруч са мною пакаціўся па зямлі з прабітай галавою. Дубатоўк страляў лепш за лепшага паляўнічага-палешука. Яшчэ стрэл.

— Прыціскайцеся да сцен! — крыкнуў я. — Там кулі не дастануць.

Кулі нашых хлопцаў, што стаялі за дрэвамі, адбівалі трэскі ад бярвенняў мезаніна, пырскалі атынкоўкай. Але зразумець, у якім акне з’явіцца Дубатоўк, было нельга. Перамога наша абяцала быць Піравай.

— Андрэй! — грымеў голас Дубатоўка. — Ты таксама атрымаеш сваё. Па маю душу прыйшлі, д’яблы — аддасцё свае душы!

— Паходні паліце, — крыкнуў я. — Кідайце іх на дах. У той самы момант палыхнулі вакол дома тры дзесяткі агнёў. Некаторыя з іх, апісаўшы ў паветры паўкола, падалі на дах і, распырскваючы вакол сябе смалу, паступова пачыналі працягваць языкі полымя да акон мезаніна. У адказ на гэта пачуўся роў.

— Сорак на аднаго! Ды і то агнём карыстаецеся! Высакароднасць!..

— Маўчы! — крыкнуў я. — А на адну дзяўчыну дваццаць коннікаў выпускаць высакародна?! Унь яны, твае коннікі, зараз у багне ляжаць. І ты там будзеш.

У адказ ля маёй галавы цокнула аб атынкоўку куля.

Дом Дубатоўка палаў. Жадаючы быць далей ад сценкі, я мятнуўся да дрэў і ледзь не ўпаў: куля караля Стаха праспявала ля майго вуха. Нават валасы заварушыліся.

Полымя ахапіла мезанін. Я ўскінуў рэвальвер і адначасова стрэліў.

Дубатоўк дзіка завыў.

Полымя заглядвала ў мезанін, і там, у агні, самі пачыналі страляць загадзя зараджаныя стрэльбы. Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома.

— А-ах, — прарыпеў зубамі Рыгор. — Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць.

А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго.

Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера — далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей — хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком.

— Трымайцеся, пацукі!.. — даляцеў да нас ягоны страшны голас. — Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся — выражу вас разам з дзецьмі.

Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст…

Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых.

Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх.

Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней.

Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар’яцелыя коні збочылі таксама.

Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас:

— Ратуйце! О, кароль Стах!..

У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.

— Кароль Стах!.. — даляцела да нас.

Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.

Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.

Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.

Яндекс.Метрика