Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел шосты

Калі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава.

Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: «Што ж гэта было? Што?»

Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай: такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго:

«Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай».

Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна).

Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і… пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу — пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з’ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з’явілася — не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына!

Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў.

Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.

Пасля пайшла па сходах па першы паверх.

І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д’ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:

— Надзея Раманаўна, вы спіце?

У адказ я пачуў соннае мармытанне.

Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

Яндекс.Метрика