Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел другі

Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.

Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.

Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры.

І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі.

Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор’е. Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны.

Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі.

«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».

Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.

І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.

Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам.

…Калі я з’явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі. Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва.

Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.

Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.

Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.

А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.

І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).

Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.

Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала:

— Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму… ад караля Стаха.

Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.

Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з’явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.

— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?

— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь».

— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?

— З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок…

Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва.

— Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам. І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць…

Прыходзяць дні, адыходзяць дні… —

заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам. —

Прыходзяць дні, адыходзяць дні,

На святло наплывае цень.

Б’ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком,

Б’ецца і ноч і дзень.

Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць,

З шабляў полымя мечуць паны,

І ўпаў Сказко, і паклікаў ён:

«Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны.

Любка Юр’еўна ўчула голас яго,

Пазбірала свой моцны род.

І «пабеглі есмо» на конях яны

Да далёкіх рудых балот.

— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:

І яны пілі адзін аднаго,

І яны у згодзе жылі.

Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,

Пакуль разам у дол не сышлі.

Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!

А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.

Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.

Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.

Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур’ёзным людзям.

Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.

Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.

— Чуеце?

Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.

Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.

Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з’яўляліся зноў.

— Чуеце? Топ-топ-топ…

— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!

— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.

З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.

Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.

Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу.

Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла.

Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе.

Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар’яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах.

— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.

— Каго «яго»?

— Малога Чалавека Балотных Ялін.

— А гэта што такое?

— Не ведаю. Але ён з’яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.

— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.

Яна рэзка адкінула галаву:

— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур’ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.

— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.

— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.

Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.

Але хіба пераканаеш у гэтым дурненькае дзяўчо? Таму я з важным выглядам спытаў:

— А хто ён такі, які ён, гэты Малы Чалавек Балотных Ялін?

— Я яго бачыла тройчы і ўсё наводдаль. Аднойчы гэта было перад самай смерцю бацькі. Двойчы — нядаўна. А чула, можа, сотню разоў. І я не спалохалася, толькі апошні раз, можа… трошкі. Я пайшла да яго, але ён знік. Гэта сапраўды малы чалавек, можа, па грудзі мне, ён худы і нагадвае заморанага дзіцёнка. У яго сумныя вялікія вочы, надта доўгія рукі і ненатуральная выцягнутая галава. Апрануты ён, як дзвесце год таму, але на заходні манер. Вопратка зялёная. Ён звычайна зварочваў ад мяне за паваротку калідора і, пакуль я дабягала, знікаў, хоць гэты калідор зусім глухі. Там ёсць толькі пакой з даўно закінутым рызманом. Але ён забіты дзюймовымі цвікамі: мы назнарок пасля спрабавалі адчыніць — нельга.

Мне стала вельмі шкада яе. Няшчасная, напэўна, проста была на шляху да вар’яцтва.

— І гэта яшчэ не ўсё, — насмелілася яна. — Можа, трыста год не было ў гэтым палацы Блакітнай Жанчыны — бачыце, вось той, што на партрэце. Сямейныя паданні казалі, што яна задаволіла прагу помсты, але я не верыла. Гэта была не такая асоба. Калі яе ў 1501 годзе цягнулі на страту, яна крыкнула мужу: «Косці мае не супакояцца, пакуль не здохне апошняе змеяня гэтай пароды». І пасля амаль сто год ад яе не было паратунку: то чума, то невядома кім падкінутая ў кубак атрута, то смерць ад невядомага начнога жаху. Яна кінула помсціць толькі прапраўнукам… Але зараз я ведаю, што яна трымае слова. Не так даўно яе пабачыў Берман на забітым балконе, бачылі і другія. Не бачыла адна толькі я, але гэта яе звычай, спачатку паказвацца іншым, а таму, каму трэба, толькі ў часіну смерці… Мой род знікне на мне, я гэта ведаю. Нядоўга засталося чакаць. Яны будуць задаволены.

Я ўзяў яе руку і моцна сціснуў, жадаючы прывесці яе да прытомнасці, чымсьці адцягнуцть ад гэтых слоў, якія яна казала, быццам у сне.

— Вы не павінны непакоіцца. Калі на тое пайшло, я таксама зацікавіўся гэтым. Зданям не месца ў век пары. Я клянуся вам, што тыя два тыдні, што мне засталося тут быць, я прысвячу гэтаму. Ч-чорт, бязглуздзіца нейкая! Толькі не бойцеся.

Яна ўсміхнулася слабай ціхай усмешкай.

— Што вы… я прывыкла. Такое тут робіцца кожную ноч.

І той самы незразумелы для мяне выраз на твары, які так псаваў яе аблічча. Толькі тут я зразумеў яго. Гэта быў жах, застарэлы цёмны жах. Не той жах, які прымушае на хвіліну ўстаць дыбарам валасы, а жах, які настойваецца гадамі, які становіцца нарэшце звыклым станам для арганізма, ад якога не пазбаўляюцца нават у сне. Нябога была б, можа, і нядрэнная сабою, каб не гэты ўстойлівы цёмны жах.

А яна, нягледзячы на тое,што я быў блізка, аж насоўвалася бліжэй да мяне, толькі каб не бачыць спіною чакаючай цемры.

— Ах, пан Беларэцкі, гэта жахліва. Чым я вінаватая, што павінна адказваць за грахі дзядоў? А на гэтыя слабыя плечы лёг увесь цяжар без астачы. Ён ліпкі і цёмны. Каб вы ведалі, колькі крыві, забойстваў, сірочых слёз, звычайнага бруду на кожным шляхецкім гербе! Колькі забітых, зашмаганых да смерці, пакрыўджаных! Мы не маем права на існаванне, нават самыя сумленныя, самыя лепшыя. У нашых жылах не блакітная, а брудная кроў. Няўжо вы думаеце, што ўсе мы, да дваццатага калена, не павінны адказваць за гэта, адказваць жахам, галечай, смерцю? Мы былі такія абыякавыя да народа, які пакутаваў з намі поруч і ад нас, мы лічылі яго быдлам, мы лілі віно, а яны лілі кроў. Яны не бачылі нічога, акрамя дрэннага хлеба. Пан Дубатоўк, мой сусед, аднойчы прыехаў да бацькі і распавёў анекдот пра тое, як маці-сялянка прывяла сына да пана і той пачаставаў іх калдунамі з мясам. Дзіцёнак спытаў, што гэта такое. Маці, па вясковай далікатнасці, штурхнула яго нагою і шапнула: «Маўчы!» Дзіцёнак з’еў тое, што было на талерцы, пасля ўздыхнуў і ціха сказаў: «А я дзесяць маўчоў з’еў». Усе, хто слухаў анекдот, смяяліся, а я здатная была даць Дубатоўку ляпасу. Гэта не смешна, калі дзеці ніколі ў вочы не бачылі калдуноў, ніколі-ніколі не елі мяса. У іх рэдкія валасы, крывыя ногі, у чатырнаццаць год гэта зусім дзеці, а ў дваццаць пяць — дзяды са зморшчанымі старэчымі тварамі. Як іх ні гадуй — яны народзяць такіх самых дзяцей, калі наогул народзяць. Яны адказвалі нам паўстаннямі, лютавалі ў гэтых паўстаннях, бо да гэтага цярпелі цэлае стагоддзе нечуваную крыўду. І мы пасля страчвалі іх. Вось гэты, на сцяне, у бабровым футры, закатаваў нават свайго стрыечнага брата, які стаў на бок вашчылаўцаў. Прозвішча брата было Агей Грынкевіч-Яноўскі.

Якія мы былі абыякавыя. Такія самыя двухногія, як мы, елі траву, хоць край наш, шчодры і багаты, лепшы на зямлі, ніколі не прымусіць чалавека памерці ад нястачы ежы. Мы гандлявалі радзімай, прадавалі яе хцівым суседзям, а сяляне любілі яе, сваю мачыху, і… падыхалі ад бясхлеб’я. І хто абвінаваціць іх, калі яны возьмуць вілы і ўваб’юць іх нам у грудзі? Мне здаецца, што нават праз сто год, калі ўсе мы вымрам, калі нашчадкі гэтых няшчасных выпадкова адшукаюць нейкага шляхціца — яны будуць мець поўнае права забіць яго. Зямля не для нас.

Я глядзеў на яе са здзіўленнем. Гэты запал, гэта натхненне ўласным словам зрабілі яе твар незвычайным. Я толькі тут зразумеў, што ніякая яна не непрыгожая, што перада мною незвычайная дзяўчына, прыгожая дзіўнай, трохі вар’яцкай прыгажосцю. Ух! Якая гэта была прыгажосць!!! Напэўна, такімі былі нашы старажытныя «прарочыцы», якія біліся ў атрадах Мурашкі і Мужыцкага Хрыста. Гэта была прыгажосць незямная, замучаная з горкімі вуснамі і вялікімі чорнымі сухімі вачыма.

І раптам… усё гэта знікла. Перада мною зноў сядзеў той самы заморак. Толькі я ўжо ведаў, якая яна на самай справе.

— І ўсё ж мне вельмі, вельмі не хочацца паміраць. Я так хачу сонца, іншых, не бачаных мною лугоў, дзіцячага смеху. Я вельмі жадаю жыць, хоць і не маю на гэта права. Толькі гэта і дало мне магчымасць вытрымаць гэтыя два гады, хоць выйсця няма. Тут начныя крокі. Малы Чалавек, Блакітная Жанчына. Я ведаю, я памру. І ўсё гэта дзікае паляванне караля Стаха. Каб не яно — мы, магчыма, яшчэ жылі б. Яно заб’е нас.

І яна змоўкла, змоўкла на цэлую гадзіну, пакуль не прыйшоў час ісці па пакоях.

І калі да гэтага вечара я быў абыякавы да гэтай заморанай шляхцяначкі, дык пасля яе палкіх слоў зразумеў, што нейкім дзівам з яе атрымаўся сапраўдны чалавек. Гэтаму чалавеку трэба было абавязкова дапамагчы.

І, лежачы ў цемры з адкрытымі вачыма, я амаль да ранку думаў, што калі ўчора я вырашыў ехаць праз два дні з брыдкага месца і далей ад радавітай гаспадыні, дык зараз я застануся тут на тыдзень, два, тры, на месяц, каб разгадаць усе гэтыя таямніцы і вярнуць сапраўднаму чалавеку заслужаны ім спакой.

Яндекс.Метрика