Дзікае паляванне караля Стаха — Раздзел першы

Я ехаў з губернскага горада М. у самы глухі куток губерні на наёмным вазку, і мая экспедыцыя падыходзіла да канца. Заставалася яшчэ якія тыдні два начаваць у адрынах або проста ў вазку пад зорамі, піць з крыніц ваду, ад якой шчыміць лоб, слухаць працяглыя, як беларускае гора, песні баб на прызбах. А гора ў той час хапала: падыходзілі да канца праклятыя васьмідзесятыя гады.

Не думайце, аднак, што мы ў той час толькі і рабілі, што крычалі і пыталі мужыка: «Чаго бяжыш, мужычок?» і «Ты проснешься ль, исполненный сил?»

Гэта прыйшло пазней — сапраўдныя пакуты за народ. Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.

І толькі потым прыходзяць бяссонныя ночы над шматком газеты, на якім надрукавана такімі ж літарамі, як і ўсё, што сёння ўзвялі на шыбеніцу трох, разумееце, трох, жывых і вясёлых. Потым прыходзіць і жаданне ахвяраваць сабою. Усе мы, і я ў тым ліку, прайшлі праз гэта.

Але ў той час я ў глыбіні душы (хоць і лічыўся «чырвоным») быў перакананы, што не толькі з шыбеніц растуць на зямлі лясы (што, вядома, было правільным нават у часы Язафата Кунцэвіча і беларускай доказнай інквізіцыі) і не толькі стогн адчуваецца ў нашых песнях.

Для мяне ў той час было значна больш важлівым зразумець, хто я, якім багам я павінен маліцца. Прозвішча маё было, як казалі ў тыя часы, «польскае», — хоць я і дагэтуль не ведаю, што ў ім такога мазавецкага было, — у гімназіі (а гэта было тады, калі яшчэ не забыўся чорнай памяці папячыцель Карнілаў, паплечнік Мураўёва) называлі нас, гледзячы на мову бацькоў, «древнейшей ветвью русского племени, чистокровными, истинно русскими людьми». Вось як, нават больш рускія, ніж самі рускія. Прапаведавалі б нам гэтую тэорыю да пачатку гэтага стагоддзя — абавязкова б Беларусь перашыбла Германію, а беларусы зрабіліся б першымі гвалтаўнікамі на зямлі і пайшлі б адваёўваць у рускіх, якія не сапраўды рускія, жыццёвы абшар, асабліва яшчэ калі б добры Божачка даў нам рогі.

Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную — зведанне гэтага народа.

Я кончыў пасля гімназіі ўніверсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам. Справа гэтая ў той час толькі пачыналася і лічылася сярод уладу маючых небяспечнай для існуючага парадку.

Але паўсюль — і толькі гэта рабіла лягчэйшай справу маю — я сустракаў увагу і дапамогу. І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чыніць мне ўсялякую дапамогу.

Дзякуй вам, простыя беларускія людзі!

Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады…

Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?

Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?

А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?

Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.

Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які — я зараз ведаю гэта — у мяне не было нічога на свеце.

Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.

Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!

Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады «яшчура». Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае «а-а-а» над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.

Гэта была візантыйская Беларусь!

Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.

У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.

І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.

Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны.

Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукаць толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў.

Палілі печкі, выкладзеныя галандскай кафляй, пашчапанымі ўломкамі бясцэннай беларускай мэблі семнаццатага стагоддзя, сядзелі, як павукі, у сваіх халодных пакоях, гледзячы ў бязмежную навакольную цемру праз акно, па шыбах якога сцякалі наўскос флатыліі кропель.

Такі быў той час, калі я ехаў на экспедыцыю ў глухі Н-скі павет губерні. Я выбраў дрэнны час для паездак. Летам, вядома, фалькларысту добра: цёпла, вакол прыгожыя краявіды. Але па сваіх выніках наша праца лепшая за ўсё ў глухія восеньскія або зімовыя дні.

Тады адбываюцца ігрышчы з іхнімі песнямі, пакудзелле з бясконцымі гісторыямі, а пазней — сялянскія вяселлі. Гэта наш залаты час.

Але мне выпала паехаць толькі ў пачатку жніўня месяца, калі не да казак, і толькі цягучае наша «жніво» гучыць над палеткамі. Я праездзіў жнівень, верасень, частку кастрычніка і павінен быў зачапіць толькі два тыдні, самы пачатак глухой восені, калі я мог спадзявацца на што-небудзь вартае. Пасля мяне чакалі ў губерні неадкладныя справы.

Улоў мой быў зусім мізэрны, і таму я быў злы, як поп, які прыйшоў на хаўтуры і раптам заўважыў, што нябожчык уваскрэс. Мяне мучыла даўняя застарэлая хандра, якая варушылася ў тыя дні на дне кожнай беларускай душы: нявера ў каштоўнасць сваёй справы, бяссілле, глухі боль — асноўныя прыкметы ліхалецця, тое, што, па словах кагосьці з польскіх паэтаў, паходзіць ад настойлівай пагрозы, што нехта ў блакітным пабачыць цябе і міла скажа:

— Бжалце ў жандармерыю.

Асабліва мала было ў мяне старадаўніх легенд, а менавіта за імі я і паляваў. Вы, напэўна, ведаеце, што ўсе легенды можна падзяліць на дзве вялікія групы. Першыя жывуць паўсюль, распаўсюджаны сярод большай часткі народа.

У беларускім фальклоры гэта легенды пра вужыную каралеву, пра бурштынавы палац, большая частка рэлігійных легенд.

А другія, як ланцугамі, прыкулі да нейкай адной мясціны, павета, нават вёскі. Іх звязваюць з дзіўнай скалой на беразе возера, з назвай вёскі або ўрочышча, з толькі адной, вось гэтай, пячорай. Вядома, што такія легенды, звязаныя з нязначнай колькасцю людзей, выміраюць хутчэй, хоць яны часам значна больш паэтычныя, ніж агульнавядомыя, і, калі іх надрукуюць, карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Так, напрыклад, выйшла на людзі легенда пра Машэку. Я паляваў менавіта за другой групай легенд. Мне трэба было спяшацца: легенда і казка выміраюць.

Не ведаю, як другім фалькларыстам, але мне заўсёды было цяжка перадчасна ехаць з якой-небудзь мясцовасці. Мне ўсё здавалася, што за зіму, якую я прабуду ў горадзе, тут памрэ нейкая бабуля, якая адна, разумееце, адна ведае зараз чароўны стары сказ. І гэты сказ памрэ з ёю, і ніхто, ніхто яго не пачуе, а я і мой народ застанёмся абакрадзенымі.

Таму нікога не здзівяць мае злосць і хандра.

Я быў у такім настроі, калі адзін мой знаёмы параіў мне паехаць у Н-скі павет, месца, якое нават у той час лічылася глухім.

Ці думаў ён, што я там ледзь не звар’яцею ад жаху, адкрыю ў сабе мужчынскую мужнасць і знайду… Але не будзем забягаць наперад.

Зборы мае былі нядоўгімі, я сабраў невялікі сак, узяў котчы вазок і хутка пакінуў «сталіцу» гэтага параўнаўча цывілізаванага павета, каб адрачыся ад усялякай цывілізацыі, пераехаўшы ў суседні лясны і балотны павет, што па тэрыторыі мала чым паступаўся перад якой-небудзь дзяржавай, накшталт Люксембурга.

Спачатку паабапал дарогі цягнуліся яшчэ палеткі з раскіданымі там-сям дзічкамі, падобнымі на дубы. Трапляліся вёскі з цэлымі калоніямі буслоў, але потым урадлівая глеба скончылася і пацягнуліся бясконцыя лясы. Дрэвы стаялі, як калоны, ігліца на дарозе глушыла стук колаў. У лясных ярах пахла прэллю і цвіллю, раз-пораз зрываліся з-пад самых капытоў коней цецеруковыя чароды (цецерукі заўсёды збіваюцца ў купу восенню), там-сям глядзелі з-пад ігліцы і верасу чырвоныя або счарнелыя ад старасці брылі сімпатычных тлустых баравікоў.

Два разы мы начавалі ў лясных глухіх вартоўнях і радаваліся, калі бачылі праз начны змрок немачныя агеньчыкі іх сляпых акон.

Ноч, плача дзіцёнак, якога ядуць прусы, коні на двары трывожацца чагосьці — напэўна, блізка праходзіць мядзведзь, — над верхавінамі дрэў, над лясным акіянам часты зорны дождж.

У хаце не прадыхнуць, дзяўчынка люляе нагой калыску. Старажытны, як свет, напеў: «А-а-а…»

Не хадзі, коцю, па лаўцы

Буду біці па лапцы,

Не хадзі, коцю, па масту —

Буду біці па хвасту!

А-а-а!

О, якая жахлівая, якая вечная і нязмерная твая туга, Беларусь!

Ноч. Зоры. Першабытны змрок лясоў.

І ўсё ж нават гэта было Італіяй у параўнанні з тым, што мы пабачылі праз два дні.

Лес пачаў чэзнуць, радзець, і хутка бязмежная раўніна адкрылася нашым вачам.

Гэта не была звычайная раўніна, на якой коцяць рудыя рэдкія хвалі нашы жыты, гэта не была нават дрыгва — дрыгва ўсё ж не пазбаўлена разнастайнасці: там ёсць трава, ніцыя скарлючаныя дрэўцы, там можа бліснуць азярцо, — не, гэта быў самы жахлівы, самы безнадзейны з нашых краявідаў: тарфяныя балоты.

Трэба быць чалавеканенавіснікам, каб выдумаць такія мясціны, і ўяўленне пра іх можа з’явіцца толькі ў пячорным мазгу зласлівага ідыёта. Але гэта не было выдумкай, вось яны ляжалі перад намі…

Неабсяжная раўніна, роўная, як стол, была карычневага, нават бурага колеру, безнадзейна роўная, нудная, змрочная.

Часам трапляліся на ёй вялізныя купы нагрувашчанага камення, часам буры конус — нейкі пакрыўджаны Богам чалавек, выбіраў тарпу невядома дзеля чаго, — часам сіратліва глядзела на дарогу адным акенцам хатка з высокім комінам, і вакол яе — ані дрэўца. І нават лес, які цягнуўся за гэтай раўнінай, здаваўся больш змрочным, чым на самай справе.

Праз якую гадзіну пачалі і на гэтай раўніне трапляцца астраўкі лесу, чорнага, у мхах і павуцінні, толькі часам роўнага, а больш за ўсё скарлючанага, як на малюнках да страшнай казкі.

Але гэтыя ляскі з’яўляліся і знікалі, і зноў цягнулася раўніна, раўніна, бурая раўніна.

Я гатовы быў зараўці ўголас ад крыўды.

І надвор’е на такі выпадак стала псавацца: нізкія чорныя хмары паўзлі нам насустрач, там-сям з іх цягнуліся наўскос зямлі свінцовыя палосы дажджу. Ніводнай птушкі-пасмяцюхі не траплялася нам на дарозе, а гэта была дрэнная прыкмета: павінен быў пайсці цяглы начны дождж.

Я хацеў быў завярнуць да першай хаткі, але і яны больш не трапляліся. Памінаючы ліхам майго знаёмага, я сказаў фурману, каб ён ехаў хутчэй, і шчыльна закруціўся ў плашч.

А хмары накіпалі, чорныя, нізкія, дажджавыя; над раўнінаю цягнуўся прысмерак, такі непрытульны і халодны, што мурашкі паўзлі па скуры. Недзе бліснула нясмелая асенняя маланка.

Я толькі паспеў адзначыць неспакойнай думкаю, што гэта занадта позна для навальніцы, як на мяне, на коней, на фурмана абурыўся акіян халоднай вады.

Нехта аддаў раўніну ў лапы ночы і дажджу.

І ноч гэтая была цёмная, як сажа, я не бачыў нават сваіх пальцаў і толькі па паштурхванню вазка здагадаўся, што мы яшчэ едзем. Фурман таксама, відаць, нічога не бачыў і цалкам аддаўся інстынкту коней.

Не ведаю, ці сапраўды быў у іх які інстынкт, але хутка вазок наш пачало кідаць з байрака на байрак, з ямы на нейкі бугор і зноў у яму.

Шматкі гразі і нейкай твані ляцелі ў вазок, на плашч, мне ў твар, але я хутка асвойтаўся з гэтым і маліўся толькі аб тым, каб не наехаць на якую прорву: самыя жахлівыя твані трапляюцца менавіта сярод такіх балот, праглыне і вазок, і коней, і людзей, і ўранцы ніхто нават не здагадаецца, што тут хтосьці быў, што тут дзве хвіліны крычала чалавечая істота, пакуль бурая каша не налезла ў рот, што зараз гэтая істота ляжыць разам з коньмі на тры сажні ніжэй паверхні праклятага месца.

Нешта раўнула з левага боку: доўгі, працяглы, нялюдскі крык. Коні тузанулі вазок — я ледзь не выпаў — і памчалі кудысьці, відаць, напрасткі па балоце. Пасля штосьці хрумснула, і заднія колы вазка пасунуліся ўніз. Адчуваючы, што пад ногі мне нацякае нешта мокрае, я таргануў за плячо фурмана. Той з нейкай абыякавасцю сказаў:

— Гінем, пане. Тут і гамон.

Але мне не хацелася паміраць. Я схапіў руку фурмана, расціснуў яму пальцы і, выхапіўшы пугу, пачаў хвастаць па тым месцы ў цемры, дзе павінны былі быць коні.

Нехта нема закрычаў такім голасам, што коні, відаць, спудзіўшыся, шалёна тарганулі вазок, ён задрыжаў увесь, як быццам таксама намагаўся вырвацца, пасля штосьці голасна цмокнула пад коламі.

Вазок нахіліўся, затросся яшчэ мацней, загігатала кабыла. І штосьці здарылася. Вазок зноў пакаціўся і хутка загрукатаў па нечым цвёрдым. Толькі тут я зразумеў, што нема крычаў не хто іншы, як я. Мне стала сорамна.

Я збіраўся ўжо было папрасіць фурмана, каб ён спыніў коней на гэтым адносна цвёрдым, каб перачакаць ноч, але тут дождж быццам зрабіўся рэдкім, і адначасова штосьці мокрае і калючае хвастанула мяне па твары. «Яловая лапа, — адзначыў я. — Значыцца, гэта лес. Коні спыняцца самі».

Але прайшоў час, лапы яшчэ разы са два дакраналіся да маёй галавы, а вазок не скакаў па карэннях, каціў роўна і гладка. І коні аніводнага разу не спыніліся.

Значыцца, гэта была лясная дарога.

Я вырашыў, што яна павінна кудысьці давесці нас, і аддаўся на волю лёсу. І сапраўды, мінула, можа, хвілін трыццаць, і наперадзе замігцеў цёплы жывы агеньчык, такі ружовы і прывабны сярод гэтай золкай і мокрай цемры.

Праз некаторы час можна было пабачыць, што гэта не хата палясоўшчыка і не будан смалакура, як я падумаў быў спачатку, а нейкая вялікая будыніна, занадта вялікая нават для гарадскога дома. Перад ёю — клумба, вакол мокрыя шаты дрэў, чорнае жарало яловай алеі, адкуль мы выехалі.

Ганак быў пад нейкім высокім навесам, на дзвярах вісела цяжкае бронзавае кальцо.

Спачатку я, потым фурман, пасля зноў я грукалі гэтым кальцом у дзверы. Грукалі нясмела, грукалі трошкі мацней, білі кальцом наводмаш, спыняліся, клікалі, пасля білі нагамі — хоць бы які водгук.

Нарэшце за дзвярыма захадзілі, няўпэўнена, нясмела. Пасля пачуўся аднекуль з вышыні сіпаты жаночы голас:

— Хто такія?

— Мы падарожныя, цётухна, пусціце.

— А ці не з палявання вы часам?

— Якое там паляванне, мокрыя ўсе, ледзь на нагах стаім. Дальбог, пусціце нас.

Голас змоўкнуў, пасля з нейкімі ноткамі нерашучасці спытаў:

— А хто ж вы такія? Прозвішча як?

— Беларэцкі маё прозвішча. Я з фурманам.

Бабуля за дзвярыма раптам пажвавела:

— Граф Беларэцкі?

— Спадзяюся быць графам, — адказаў я з плебейскай непачцівасцю да тытулаў.

Голас пасуровеў:

— Ну і ідзі сабе, добры чалавек, туды, адкуль прыйшоў. Бачыце вы, ён на графства спадзяецца. Жартачкі начныя! Пайшоў, пайшоў. Пашукай сабе дзе-небудзь у лесе бярлог, калі ты такі спрытны.

— Бабуля, — узмаліўся я, — з радасцю пашукаў бы, каб не непакоіць людзей, але ж я не тутэйшы, я з павета, заблукалі мы, сухой ніткі няма.

— Прэч, прэч, — сказаў няўмольны голас.

Іншы чалавек, можа, схапіў бы ў адказ на гэта камень і пачаў бы біць у дзверы, сыплючы праклёны, але я нават тут не мог пазбавіцца думкі, што гэта дрэнна: сілком драцца ў чужую хату. Таму я толькі ўздыхнуў і звярнуўся да фурмана:

— Ну што ж, пайшлі адсюль.

Мы накіраваліся былі да фурманкі. Відаць, наша саступлівасць зрабіла добрае ўражанне, бо голас, памякчэўшы, кінуў нам наўздагон:

— Пачакайце, падарожнікі. Хто ж вы такія?

Я забаяўся адказаць «фалькларыст», бо двойчы мяне пасля гэтага слова лічылі за мазурыка. Таму я адказаў:

— Купец.

— А як жа вы трапілі ў парк, калі вакол мур і чыгунная агароджа?

— А я і не ведаю, — адказаў я шчыра. — Ехалі недзе, відаць, па балоце, кудысьці праваліліся, ледзь выбраліся… Раўло там нешта.

Я і не спадзяваўся на такі вынік маіх слоў, але пасля іх голас ціха войкнуў і спуджана закудахтаў:

— А-а Божжа ж мой! А гэта ж вы, напэўна, з Волатавай прорвы прыехалі, гэта ж толькі там і няма агароджы. Во пашчасціла вам, выратавала вас царыца нябесная. А матка боская! А пакутнічкі нябесныя!

І зараз такая дабрыня і такі адчай адчуваліся ў яе словах, што я дараваў ёй гэтую гадзіну на ганку.

Дзверы загрукалі засаўкамі, пасля зарыпелі, разыходзячыся і прапускаючы ў начную цемру смугу аранжавага цьмянага святла.

Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні, ліловай шнуроўцы, у якой, напэўна, хадзілі нашы прапрашчуры пры каралі Стасе, і ў вялікім крухмальным чапцы. Твар у добрых зморшчынах, нос кручкаваты, а рот вялізны, падобны на шчыпцы для арэхаў, з трошкі адтапыранымі наперад вуснамі. Кругленькая, амаль як бочачка сярэдняй велічыні, з пухленькімі ручкамі — яна так і напрошвалася на тое, каб яе клікалі «маці». І ў руках у гэтай бабулі быў вялізны пячны рагач: зброя. Я ледзь не зарагатаў, але ў час прыпомніў халодную дрыгву і дождж за вокнамі і змаўчаў. Колькі людзей і зараз стрымлівае смех з таго, што варта смеху, прыпамятаўшы, што за сцяною дождж!

Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах.

Бабуля толькі галавою паківала.

— Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. — І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. — Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся. У вас ёсць што апрануць з сухога?

Сак мой, на шчасце, быў сухі, я пераапрануўся перад камінам, вопратку маю і фурманову бабуля некуды пацягнула, а пасля зайшла ў пакой з сухою — для фурмана. Зайшла, не звяртаючы ўвагі на тое, што фурман стаяў зусім голы і сарамліва паварочваўся да яе спіною.

Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна:

— Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй.

Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала:

— Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян!

Ян з’явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей.

Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з’явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.

Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва «мушкет».

Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б’юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.

І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.

Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.

«Добрая дапамога для гаспадыні», — з горыччу падумаў я.

А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў «апартаменты». Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.

Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!

Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.

Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, — уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма — вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне — мастацкай работы выгінастыя краты.

Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен — яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія — ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці — вісюлькі яе абабіты больш чым напалову.

Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.

Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў:

— Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля… можа, пан хоча вячэраць?

Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.

— Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.

Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:

— Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.

— Як, — здзівіўся я, — хіба гаспадыня не вы?

— Я ахмістрыня, — з годнасцю сказала старая. — А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям’і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем’яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем’яў.

— Што ж гэта за сям’я? — неасцярожна спытаў я. — І дзе я?

У старой гневам спалыхнулі вочы:

— Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі?

Я адказаў, што, вядома, чуў, і гэтым супакоіў старую. Жэстам, вартым каралевы, яна паказала мне на крэсла (прыблізна так у тэатрах каралевы паказваюць на плаху няшчаснаму любоўніку: «Вось тваё месца, злашчасны!»), папрасіла прабачэння і пакінула мяне аднаго. Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой. На першым паверсе яна войкала і прычытала, размаўляла з выразнай народнай інтанацыяй, а перайшоўшы на другі паверх, адразу ператварылася чорт ведае ў што. Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем і, адпаведна пераходам, мяняла скуру. Вочы ў яе былі добрыя, але памятаю, што такая зменлівасць мне тады вельмі не спадабалася.

Застаўшыся адзін, я пачаў разглядаць партрэты, якія цьмяна паблісквалі на сценах. Іх было больш за шэсцьдзесят, зусім даўніх і амаль што новых — і гэта было сумнае відовішча.

Вось нейкі дваранін ледзь не ў кажусе — адна з самых старых карцін, — твар шырокі, мужыцкі, здаровы, з густой крывёю ў жылых.

А вось другі, ужо ў срэбнатканым каптане, шырокі бабровы каўнер падае на плечы (хітрая ты быў пратабестыя, хлопча!). Поруч з ім магутны, з каменнымі плячыма і шчырым позіркам чалавек у чырвоным плашчы (ля яго галавы шчыт з фамільным гербам, і верхняя палова яго замазана чорнай фарбай). А далей другія, такія ж моцныя, але вочы тупаватыя і масляныя, насы тупыя, вусны жорсткія.

А з імі жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы.

Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава.

— Ты — маленькі чалавек, — як быццам казаў яе позірк, — што ты зведаў у жыцці? О, каб ведаў ты, як палаюць паходні на сценах залы для піроў, каб ведаў ты, якая насалода цалаваць да крыві каханкаў, дваіх звесці ў бойцы, аднаго атруціць, аднаго кінуць у рукі кату, дапамагаць мужу страляць з вежы па наступаючых ворагах, яшчэ аднаго каханка амаль звесці ў магілу сваім каханнем і пасля ўзяць ягоную правіну на сябе, скласці нз эшафоце сваю галаву з высокім белым ілбом і складанай прычоскай.

Клянуся жыццём, так яна мне і сказала, і хоць я ненавіджу арыстакратаў, я зразумеў перад гэтым партрэтам, якая гэта страшная штука «род», якую пячаць ён накладае на нашчадкаў, які цяжар старых грахоў і выраджэння кладзецца на іхнія плечы.

І яшчэ я зразумеў, якія незлічоныя дзесяцігоддзі праляцелі над зямлёю з тых часоў, калі гэта жанчына сядзела перад жывапісцам. Дзе яны зараз, усе гэтыя людзі з гарачай крывёю і палкімі жаданнямі, колькі стагоддзяў прагрукацела па іх спарахнелых касцях?

Я адчуваў, як вецер гэтых стагоддзяў праляцеў за маёй спіною і ўзняў валасы на маёй галаве.

І яшчэ я адчуў, што ў гэтым доме стаіць холад, жахлівы холад, якога не выгнаць нават камінамі, што гараць дзень і ноч.

Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма, пах пылу і мышэй і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду.

О, які гэта быў холад! Каб пазнейшых нашых дэкадэнтаў, якія апявалі занядбаныя панскія замкі, пакінуць тут хоць бы на ноч, яны хутка запрасіліся б на траву, на цёплае сонейка.

Пацук смела перабег па дыяганалі залу. Мяне перасмыкнула. Я зноў павярнуўся да партрэтаў. Але пазнейшыя партрэты былі таксама іншымі. У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з’едлівасць. І жанчыны іншыя: вусны занадта пажадлівыя, позірк манерны і жорсткі. І відавочна слабелі рукі: за белай скурай як у мужчын, так і ў жанчын бачны былі блакітныя жылкі. Плечы ставалі вузкімі і пададзенымі наперад, хоць юрлівасць нават мацнела ў выразе твараў.

Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў.

Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду…

Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго.

Не ведаю нават, што між імі было агульнага? Тая, на партрэце (я паглядзеў на яго і пабачыў, што ён на месцы), была, відаць, высокая, добра сфармаваная, з вялікім запасам жыццёвых сіл, вясёлая і моцная, прыгожая самка. А гэта — проста заморак.

І ўсё ж падабенства было, тое звышпадабенства, якое прымушае нас пазнаваць у натоўпе двух зусім не падобных братоў: брунета і бландзіна. Не, нават большае. У іх былі зусім аднолькавыя валасы, нос той самай формы, той самы разрэз рота і тыя самыя белыя роўныя зубы. І, акрамя гэтага, яшчэ тое агульнае падабенства ў выразе твару, нешта радавое, спрадвечнае.

І ўсё ж такой непрыемнай асобы мне яшчэ не даводзілася бачыць. Усё тое самае, і ўсё — не тое. Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, — яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы.

Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы?

Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз.

«Небарака, д’ябальскі непрыгожая», — з жалем падумаў я і апусціў вочы.

Я ведаю шмат жанчын, якія да самай труны не даравалі б мне гэтых апушчаных вачэй, але гэтая, відаць, прызвычаілася бачыць штосьці нядобрае на тварах усіх людзей, якіх сустракала: яна зусім не звярнула на гэта ўвагі.

Не ведаю, ці хацела яна паднесці руку да маіх вуснаў, ці проста працягнула яе для рукапаціскання на англійскі манер, а можа, рука проста здрыганулася, але я ўзяў яе кволыя пальчыкі і пачціва паднёс іх да вуснаў. Можа, я нават затрымаў іх даўжэй, чым трэба было: я ж быў павінен трошкі выкупіць гэты грэх апушчаных вачэй.

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны — не, нават дзіцёнка — з’явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.

Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?

…Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.

— Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.

— Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец…

— Я ведаю, — вельмі спакойна сказала яна, — купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.

Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.

Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.

— І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.

— Дзе? — шчыра здзівіўся я.

— Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.

Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.

Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.

— Я вас бачыла, — зноў паўтарыла яна. — Але хто вы! Я не ведаю вас.

— Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст.

Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма.

— Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі?

— Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі.

Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся.

Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: «У доме павешанага не размаўляюць пра шворку».

Перарывістым голасам яна сказала:

— І вы… І вы таксама… Нашто вы мяне мучыце, нашто мяне ўсе…

— Гаспадыня, пані. Дальбог, я не думаў, я не ведаю… Глядзіце, вось пасведчанне ад акадэміі, вось ліст губернатара. Я ніколі не быў тут. Даруйце, даруйце мне, калі я вас чымсьці балюча закрануў.

— Нічога, — сказала яна. — Нічога, супакойцеся, пан Беларэцкі. Гэта так… Я проста ненавіджу гэтыя цёмныя стварэнні дзікунскага розуму. Можа, і вы калісьці зразумееце, што гэта такое, гэта цёмнае. А я зразумела даўно. Толькі перш ніж зразумець да канца — я памру.

Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў:

— Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз.

Твар яе зноў дзіка скрывіўся.

— Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, — голас яе задрыжаў, — што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені.

Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з’явілася жаласная ўсмешка.

— Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць.

Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем.

— Што ж, — працягвала яна, — калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца. Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода?

У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў:

— Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі.

Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі.

…Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала:

— Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася.

І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь.

— Скажыце, — раптам запытала яна, — людзі паўсюль так жывуць, як у нас?

Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала:

— Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек. Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі?

— Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.

— Я здагадвалася, — сказала яна. — Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?

Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.

— Там яно часам бывае.

— Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.

Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў:

— Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго?

Яна загадкава ўсміхнулася:

— У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё. І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з’явілася на свет сама.

Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з «Дэкамерона» і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі.

— Вы памыляецеся, пані, — буркнуў я, — каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі.

— Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном.

Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок:

— Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе.

— Так, — адказаў я. — Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын.

— Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца — я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, «цалаваць» — людзі кусаюцца.

Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын — што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор’е. Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп.

І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала:

— На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі.

Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала:

— Жахлівы край, жахлівыя дрэвы, жахлівыя ночы.

І зноў я пабачыў той самы выраз на яе твары і не зразумеў яго.

— Скажыце, гэта вялікія гарады, Вільня і Менск?

— Даволі вялікія. Але Масква, Пецярбург большыя.

— І што, там таксама людзям нядобра ўночы?

— Не, што вы. Там за вокнамі агні, усю ноч гараць ліхтары, звіняць конкі, там людзі смяюцца на вуліцах.

Яна задумалася.

— Вось бачыце. А тут ніводнага агню. Вакол гэты стары парк на дзве вярсты ў кожны бок, а за ім спяць без агнёў самотныя хаты. У замку каля пяцідзесяці пакояў, не лічачы калідораў і розных пераходаў з закуткамі. Ён так даўно пабудаваны. І ён вельмі халодны, бо продкі забаранілі рабіць у ім печкі, толькі каміны, каб не было падобна на простых суседзяў. Каміны палаюць удзень і ўначы, але ўсё адно па кутах вільгаць і паўсюль холад. У нас на пяцьдзесят пакояў толькі тры чалавекі. Ахмістрыня спіць на першым паверсе, там і вартаўнік. Яшчэ ў адным з флігеляў, за алеяй, жывуць вартаўнік парку, кухарка і праля. Там добра. А ў другой прыбудове дома, з асобным уваходам, жыве яшчэ мой упраўляючы, Ігнат Берман-Гацевіч. Нашто ён патрэбен, упраўляючы, не ведаю, але такі закон. А ў доме на ўвесь другі паверх, на трыццаць пакояў, я адна. І так непрытульна, што хочацца заціснуцца кудысьці ў кут, захутацца з галавою, як дзіцёнку, у коўдру і сядзець так. Вось зараз мне чамусьці вельмі добра і так спакойна, як не было ўжо два гады, з таго дня, як памёр бацька. І мне зараз усё роўна, ёсць агні за гэтымі вокнамі ці няма. Ведаеце, гэта вельмі добра, калі поруч ёсць людзі.

Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала:

— Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі — пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы.

І дадала:

— Дзякуй вам, пан Беларэцкі.

Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.

У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.

Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.

І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.

Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.

Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.

Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.

Яндекс.Метрика