Якім шляхам ісці?

Дзве тэндэнцыі набіраюць зараз сілу ў сусветнай паэзіі.

Першая тэндэнцыя: адмовіцца ад рыфмы, якая быццам забівае ў вершах сэнс, і ад рытму, які нібыта з’яўляецца насіллем над словам.

Другая тэндэнцыя — тэндэнцыя шліфавання формы верша, давядзенне рыфмы і рытму да небывалай дасканаласці.

І хоць слых людскі больш звыклы да рыфмы і рытму, якія пануюць у нашай паэзіі, — сілы першай тэндэнцыі змяншаць нельга.

Нельга лічыць асноўныя кампаненты сучаснага верша спрадвечнымі. Паэзія старажытных Грэцыі і Рыма лічыла рыфму атрыбутам «варварскіх вершаў», фальклор многіх народаў Каўказа ніколі не ведаў яе, і пісьмовая літаратура авараў, напрыклад, пайшла па дарозе сваёй народнай паэзіі. Усходнеславянскія быліны і думы, сербскія гайдуцкія песні таксама пазбаўлены рыфмы.

Лічыць рытм і рыфму вечнымі, нам здаецца, таксама нельга. Першая тэндэтцыя набірае сілу. Амаль адмовіліся ад рыфмы паэты Іспаніі, большасць паэтаў Грэцыі абапіраецца зараз у сваіх вершах толькі на няпэўны рытм. У Італіі забылі традыцыі Дантэ, там зараз бадай што толькі адзін-два сіцылійскія народныя паэты яшчэ карыстаюцца рыфмай. І так у большасці краін.

Сутыкненне дзвюх названых тэднэнцый — гэта не проста барацьба за разнастайнасць форм паэзіі. Гутарка фактычна ідзе аб тым, знікне сучасная форма верша або адбудзецца далейшы росквіт яе. І нам, паэтам, трэба ўжо зараз звярнуць на гэта самую пільную ўвагу, стаць на абраны намі шлях і да канца змагацца на ім за сваю мэту.

Справа не ў тым, вядома, што ўсе паэты павінны трымацца рукамі і зубамі за сілаба-танічную сістэму і за рыфму. Калі нехта хоча размаўляць з чытачамі, выкарыстоўваючы іншыя формы паэзіі, — калі ласка.

Хай у нашай сучаснай беларускай і агульнасавецкай паэзіі будуць уітмены, якія цярпець не маглі рыфмы, і маякоўскія, якія шліфавалі яе, як алмаз. Кідаць за гэта ў аднаго з іх каменнямі зможа хіба толькі артадаксальны дурань, і першыя вершы прыкметна здольнага маладога паэта А.Наўроцкага, напрыклад, нічым не горшыя за вершы (возьмем таксама кагосьці з маладых) Ю.Свіркі, хоць падыход да формы ў іх дыяметральна працілеглы.

Справа не ў гэтым. Мяне асабліва хвалюе, як будзе напісана большасць твораў нашай паэзіі, якім будзе яе твар. І калі пры гэтай большасці (сярод якой таксама будуць розныя індывідуальнасці) у нас будзе яшчэ шмат розных паэтаў — наша паэзія яшчэ больш узбагаціцца. Мы даўно выраслі з сялянскіх пялёнак. Калі пра беларускую паэзію кажуць, што чытаць яе — гэта «як басанож па расе прайсціся» — мы павінны крыўдзіцца. Чытаючы лепшыя творы беларускай паэзіі, адчуваеш нешта большае, чым «прайсці па расе». Мы адчулі ўжо добра сваю сталасць. У нас ёсць розныя вершы: песенныя і баладныя, народныя і філасофскія, наіўныя і, хай выбачаюць рэдактары, кніжныя.

І менавіта таму мы ўжо зараз павінны выбраць, па якой дарозе пойдзе наша паэзія: адмовіцца яна, у большасці сваіх галасоў, ад жорсткіх канонаў размеру і складанай рыфмы або будзе далей удасканальваць іх.

Ці з’яўляецца наватарствам тое, што прапануюць нам прыхільнікі першай тэндэнцыі? Так, з’яўляецца, калі гэта прапануе нам просты і сімпатычны нам талент такога паэта, як Парніс, бо гэты паэт змагаецца за высакароднасць чалавечай душы, за гуманізм і не забаўляецца занадта словам, зберагаючы рытм. Не, не з’яўляецца, калі гэта прапануюць нам сучасныя «дадаісты», у якіх слова з’яўляецца «самавітым», а сучасная форма — «састарэласцю».

Слухаючы разважанні гэтых прыхільнікаў першай тэндэнцыі, ніяк не можаш адкаснуцца ад думкі, што ўсё гэта аднекуль даўно знаёма табе. І нарэшце здагадваешся: «Ды гэта ж яны амаль слова ў слова паўтараюць разажанні нашых колішніх ОПОЯЗ’аўцаў, гавораць словамі Тынянава, хоць сам ён яшчэ ў трыццатых гадах адмовіўся ад сваёй тэорыі «агалення формы». І яны, мала здатныя на тое, каб прыдумаць нешта свежае, сваё, паўтараюць нашы зады.

Мы ведаем, што выклікае да жыцця тэорыі, якія аддаюць перавагу слову над думкай і стылем. З часам знікаюць старыя формы, нараджаюцца новыя. З’яўляюцца паэты, якія гуляюць словам, прымушаюць яго стаяць на галаве. Гэта заканамерна і нават карысна, але мы ведаем, бо перажылі гэта, што сам па сабе гэты час не дае пладоў. Паэты наступнага пакалення бяруць з дасягненняў гэтай эпохі толькі найбольш падыходзячыя для сябе формы, магчыма — некаторыя кампаненты стылю, і карыстаюцца імі, арганічна спалучаючы з усім гэтым сваю думку і сваю філасофію.

Так дэкаданс узбагацiў верш, якiм карыстаемся зараз мы. Грэчаскiя, iтальянскiя, а за апошнi час i польскiя часопiсы поўныя разважанняў аб тым, што наша сiстэма верша «аўтаматызавалася», што рытмы састарэлi, што рыфма аджыла свой век, што парадак слоў у сказе зусiм не супадае з рытмам радка, i што таму нам трэба адмовiцца ад усяго гэтага, перайсцi да вольных вершаў, а там i зусiм сцерцi мяжу памiж вольным вершам i прозай. Цi так гэта?

Мне, як чалавеку з нетэарэтычным складам думкі, хацелася б, у адказ на гэта, проста прывесці ўрывак з верша М.Танка:

Самафракійская Ніка лёт на хвіліну спыніла,
Пра перамогу прынёсшы звестку ў Эладу сваю.
Радасцю дыхаюць грудзі, высака ўзвіхраны крылы.
Ледзь я знаёмую постаць, рысы яе пазнаю.
Праўда, калі з ёю стрэўся, ў наступ рашучы ішлі мы
Па здратаваных прасторах і па шляхах франтавых.
Iншай яна выглядала ў хмарах i пылу i дыму,
У шынялі і ў пілотцы, у кірзавых ботах цяжкіх…

Тут «аўтаматызаваная» сістэма верша, якой пісалі і тры тысячы год таму, тут, як бачыце, парадак слоў зусім не супадае з рытмам (вельмі «традыцыйным», нават з цэзурай пасля восьмага складу), і ўсё ж гэта, на мой погляд, паэзія.

Магчыма, такі метад спрэчкі некаторыя крытыкі і літаратуразнаўцы палічаць заганным, паўзучым і хто ведае яшчэ якім. Таму паспрабуем падыйсці з іншага боку.

Натуральна, што вершы, перш за ўсё, павінны гучаць. Яны — пераходная ступень да музыкі. Натуральна таксама, што з даўніх часоў змагаюцца між сабой дзве тэндэнцыі чтання вершаў: 1) акцёрскія (на сцэне) — ОПОЯЗ’аўцы калісь называлі яе фразуючай, — і 2) паэтычная (напеўная, па рытму), — яе называлі тактуючай.

Якая з іх лепшая? Кажуць, што паэты дрэнна чытаюць свае вершы, і мала хто ведае, што многія акцёры ім зайздросцяць, што наогул рассяканне радка на сэнсавыя адрэзкі, асабліва пры павялічаных паўзах, — глупства, бо гэта ўжо не верш. Калі нават мы толькі размесцім словы, не прытрымліваючыся вершаваных радкоў — і то чытаць гэта будзе вельмі цяжка. Такую спробу зрабіў калісьці Жукоўскі, і вось што ў яго атрымалася:

Могучий царь по имени Демьян
Данилович. Он царствовал премудро
И было у него три сына: Клим
Царевич, Пётр Царевич и Иван
Царевич. Да еще был у него
Прекрасный сад, и чудная росла
В саду том яблоня; все золотые
Родились яблоки на ней. Но вдруг… і.г.д.

Мне здаецца, нiхто больш не спакусiўся на такiя спробы.

Тут рашэнне, як часта бывае, пасярэдзіне між музыкай і сэнсам. І тое і другое яснае толькі ў іх адзінстве. Барацьбы гукавога і сэнсавага фактараў не павінна быць, і ўзмацняць гукавы фактар за кошт яснасці належыць толькі тады, калі мы вельмі добра ведаем, пра што ідзе гутарка ў вершы, калі мы можам абмежавацца намёкамі на ўсім вядомы прадмет. Так, для чалавека, які нічога не ведае аб паўстанні дзекабрыстаў, верш М.Асеева «Сінія гусары» з яго наўмыснымі гукавымі спалучэннямі, намёкамі, непераймальнымі алітэрацыямі — здаецца незразумелым. А калі мы ведаем аб прадмеце верша, нам стане зразумелы настрой гэтых людзей, ліхаманкавыя спрэчкі аб царазабойстве, аб радзіме за чаркай віна, ляск капытоў па Ліцейнаму, вочы, якія з-пад ківераў пагражалі палацам. І усё гэта пад звон гітары, які паступова пераходзіць ад мажора да мінора.

Тады і толькі тады мы не прыкмячаем наўмыснасці напісанага. І таму прыхільнікі першай тэндэнцыі і маюць і не маюць рацыі адначасова. Пачынаючы з Тынянава, яны правы ў тым, што сэнс фразы часта не супадае з рытмам яе, які здаецца непатрэбнымі ланцугамі, што гэтыя абставіны нарадзілі вольны верш, але яны не правы, калі абвінавачваюць у гэтым рыфму і рытм. Форма не вінаватая, як не вінаваты і сэнс.

Вінаваціць трэба паспешлівасць і часам проста няўмельства паэта. У вопытнага майстра пакуты рыфмы і рытму — справа другарадная, яна зусім не перашкаджае новым вобразам, хутчэй наадварот, выклікае іх. Я, напрыклад, упэўнены, што толькі пошукі свежай рыфмы да слова «сонца» (справа, паміж іншым, амаль немагчымая) далі А.Вялюгіну, — праз слова «слонцы», — наступны малюнак:

Зялёны дым: услед узнятай слонцы
арэшнік пылу воблака атрос.
Нiбы ў палац, сюды заходзiць сонца —
у мокрым лесе светла ад бяроз.

Тут рыфма вяла за сабою думку, а не наадварот. Калісьці між паэтаў была распаўсюджана вельмі карысная гульня «бурымэ»: на зададзеныя рыфмы трэба было напісаць верш. І заўсёды ў дзесяцёх паэтаў атрымлівалася на адны рыфмы дзесяць розных вершаў. Гэта патрабавала хітрыкаў і мастацтва.

І толькі той, хто не пакутаваў над словам, не насіў яго па дзесяць дзён у галаве, можа сказаць, што правільная метрычная сістэма верша — занадта таннае вырашэнне пытання. Праўда, што паузныя вершы пачаліся ў рускай паэзіі, скажам, з Жукоўскага, Фета і Палонскага. Але нам, практыкам, цяжка згадзіцца з тым, што яны — вершы будучага, што ў імя іх трэба забіць рытм, як гэта зроблена ў «Рустэме і Зарабе».

Мы на царя Афразнаба
Опять идем войною;
Мои сабульские дружины
Готовы; завтра поведу
Их в Истахар…

Вершы усё ж не музыка, і калі ў музыцы часта гук замяняецца паузаю, то ў паэзіі гэта можна дазволіць толькі ў вынятковых выпадках. А знішчыць сучасны рытм можна толькі шырока ўжываючы паузы.

Сучасныя разбуральнікі формы і метра сціраюць мяжу нават паміж вольным вершам і прозай, а значыцца, губляецца самы сэнс слова «паэзія».

У чым жа справа? Справа у тым, што верш — гэта не зацямненне сэнса слова рытмам, а падпарадкаванне слова рытму, частковая дэфармацыя яго ў рытмізаваным сказе.

І робіцца гэта дзеля таго, каб даць сэнсу яснасць, надаць слову значнасць. Мы так часта паўтараем многія словы, што яны абтрапаліся на языку, загубілі свой водар. А верш адраджае гэты водар, і словы, змешчаныя ў ясныя радкі, звязаныя звінячай рыфмай, паўстаюць перад намі ў першапачатковай чысціні.

Звычайныя словы: «свет», «сэрца», «хада», «раджаць», «клады». Проза скажа:

«З сэрцам, поўным тугі, накіраваўся ён цвёрдай хадою ў свет, які ляжаў за весніцамі. Мінуў старыя клады, якія бялелі крыжамі»… і г.д.

Паэзія скажа:

Мы пабачылi свету i шырай i далей,
Але помніцца сэрцу пачатак хады:
Тут нас маці раджалі, тут мы вырасталі,
Тут мы самыя лепшыя песні складалі,
Тут паплачуць сябры, несучы на клады.

У прозе рытмічнасць часта бывае агіднай, таму што справа прозы — камечыць, кідаць, ляпіць словы, як скульптар гліну. Проза ўздзейнічае на пачуццё людзей праз думку. Верш навастрае слова і дзейнічае ім на думку чалавека праз яго пачуццё.

Менавіта ў вершы тонка спалучаюцца рытм і сінтаксіс, утвараючы гармонію з яе меладычнасцю, паўнатою гукаў, якія дапамагаюць найбольш яснаму выказваню думкі чалавека, яго пачуцця.

Рытм нельга забіваць, гэта не забаўка, не цацка для дасужых паэтаў. Гэта найлепшы сродак адкінуць усё непатрэбнае, сказаць галоўнае сцісла, афарыстычна, каб мозг чалавека назаўсёды затрымаў думку ў сабе.

Не сакрэт, што старажытныя ваяводы, будучы непісьменнымі, перакладалі данясенні ў верш і прымушалі ганцоў завучваць яго; не сакрэт, што людзі, якія ў выніку ранення страцілі памяць, цвёрда памятаюць адно: вывучаныя калісьці вершы. Мы не належым ні да першых, ні да другіх. Прыгадваюцца словы А.К.Талстога аб тым, што ў некаторых вершах (безумоўна, дрэнных) усякая балбатня так яскрава выступае, што яе крэсліш і крэсліш.

Але тут жа прыгадваецца і другое выказванне. Калісьці Кірэеўскі сказаў сябру, які пачынаў пісаць:

— Каб ты пісаў вершы… кожнае слова, добра сказанае, мела б для цябе цану добрай думкі… ці хочаш быць добрым пісьменнікам у прозе? — пішы вершы.

Прыхільнікі знішчэння формы і думкі, прыхільнікі самастойнага слова зрабілі б з гэтага выказвання выснову, што вершы надаюць нават беззмястоўнаму слову нейкі змест і значэнне. І на гэтым бы спаймаліся, патрабуючы свабоды верша на мяжы прозы.

Мы зробім іншую выснову: як магчыма адмовіцца ад такой моцнай зброі, як вершы, рыфма, рытм, калі яны надаюць сілу ўздзеяння нават адносна беззмястоўным, няпэўным і туманным, хоць чароўна прыгожым сказам?!

Ты в поля отошла без возврата.
Да святится имя твоё!
Снова красные копья заката
Протянули ко мне остриё.

Як павiнен тады абылганы iмi верш узмацняць сiлу ўздзеяння пэўных i акрэсленых сказаў?!

І ці можам мы адмовіцца ад рытму і рыфмы, ад лепшай, ад найболш моцнай нашай зброі? Вядома, не.

У нас застаецца традыцыя беларускай народнай песні, традыцыя вершаў, якія выраслі на гэтай багатай глебе, вершаў Купалы і Багдановіча, Багушэвіча і Коласа.

Наш шлях — гэта не шлях знікнення рыфмы, звядзення рытму на ўзровень прозы праз вольны шлях. Наш шлях ва ўдасаналенні рытмаў нашай паэзіі. Гэтую справу распачаў яшчэ Багдановіч, а мы павінны прыстасаваць усе рытмы, на якія толькі здатнае музычнае вуха, да нашай гожай, гнуткай мовы, вытанчыць рыфму да меж магчымага, дзе яна была б дасканалай і, адначасова, не абмяжоўвала паэта і не перашкаджала чытачу ўспрыймаць вобразы верша.

Дзеяслоўная рыфма, рыфма, пабудаваная на сугучнасцях, складаная рыфма, каламбурная рыфма — усе прыдатныя для верша.

Не знікненне формы, а росквіт яе, росквіт насуперак намаганням доўбнегаловых кансерватараў і лёгкадумных «наватараў», рэвізіяністаў і фармалістаў розных гатункаў.

Гэта наш шлях, на якiм стаiм i змагаемся за ўсё лепшае, перадавое, што нясе з сабой наша савецкая паэзiя.

Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1959, 26 жн.
Апублікавана ў кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 342-349.

Яндекс.Метрика