І наш «Фаўст»
Шмат год я ведаў аб тым, што чалавек, пра якога я сёння гавару, перакладае адну з найвялікшых паэм зямлі на беларускую мову. Я ведаў Васіля Сёмуху даўно, ён быў рэдактарам аднаго з маіх твораў і сумленна імкнуўся зрабіць яго лепшым. Ведаў пра многія перакладзеныя ім кнігі, ведаў аб тым, што ён вывучыў латышскую мову і цудоўна пераклаў «Агонь і ноч» Я.Райніса. І вось перада мною — цяпер ужо адшліфаваная — ляжыць рэч, аб якой мы столькі гаварылі, за пераклад якой так, часам зацята, спрачаліся… Раней я прачытаў першы варыянт, потым — іншыя. І ўсё ж кожны раз адгортваў першую старонку з пачуццём лёгкага недаверу — а ці можа гэта быці?
Пераклад «Фаўста» рэч, бадай, немагчыма-складаная. Ісці па сцежках Гётэ — як на злом галавы. Дыхаць жыватворным, але высокім паветрам яго горных вяршынь можа не ўсякі.
І яшчэ адна падстава для трывогі. Я рызыкну сказаць, што пераклад такой рэчы — адзнака сталасці літаратуры, адзнака таго, што плынь яе нястрымная. Не можа паўнакроўна жыць літаратура без Шэкспіра, Дантэ, Гётэ, якія гучаць на яе мове. Першы ў нас ёсць. Другога пакуль што няма. Трэці — толькі што з’явіўся.
І вось пераклад прачытаны да апошняй старонкі. З грудзей вырываецца ўздых палёгкі… Вытрымалі… І ўсе мары юнацтва калі-небудзь узяцца за яго самому адпадаюць. Цяжкая праца выканана дасканала, і пасля яе ўсе твае спробы будуць проста непатрэбнымі…
Мы чамусьці саромеемся хваліць. Але чаму не сказаць шчырага цёплага слова аб гэтай працы, чаму не аддаць ёй належнага?
В.Сёмуха зрабіў, па-першае, выключную па сур’ёзнасці работу. Дасканала ведаючы нямецкую мову і з’яўляючыся тонкім знаўцам мовы роднай, ён не абмяжоўваецца гэтым. Тонкасці — тонкасцямі, але дух пераклада, тое, як разумелі ідэю Гётэ розныя людзі зямлі, — гэта таксама важна. І Сёмуха чытае ўсё, што напісана аб «Фаўсце» вучонымі і літаратуразнаўцамі (для сучаснікаў паэту дастаткова было даць намёк, але перакладчыку часам трэба гэты намёк удакладніць і раскрыць, зрабіць зразумелым). Ён чытае пераклады трагедыі на тыя мовы, якія ведае, і, у прыватнасці, вывучае адзін з найлепшых перакладаў — пераклад Я.Райніса. Ён перачытвае дагётэўскія творы, бо ў творчасці вялікага паэта натуральна зліліся філасафічнасць старых аўтараў, брутальная, гратэскавая застрашлівасць сярэдневяковай «літаратуры аб ведзьмах», адчай паэтаў трыццацігадовай вайны і празрыстая яснасць старадаўняй нямецкай народнай балады (нямецкага барока), яе нявіннасць і чысціня, яе кранальная паэтычнасць і грубаваты гумар. Я не памылюся, калі скажу, што ўсё гэта адбілася ў перакладзе.
Перакладзена ўсё: і класічная яснасць гётэўскага «Прысвячэння», і яго лёгкі наіў, што ідзе яшчэ ад ХVІІІ стагоддзя, і гэты ключ да паэмы:
Што маю — мроіцца нібы здалёку,
Што страціў — тое зноў на відавоку.
Кожны падыходзіць да з’яў навакольнага свету, на жаль, са сваім капылом. І аб творы мастацтва мы мяркуем, часцей за ўсё, па тым, наколькі ён адпавядае нашаму веданню аб гэтым свеце. Чытаючы «Пралог у тэатры», я не мог адкаснуцца ад думкі, што гэты, удала перакладзены перакладчыкам, урывак мае глыбока сучаснае гучанне.
Крышыце п’есы! Рэжце без разліку!
Навошта цэласць тая гледачу!
Я збыць тавар, пардон, ваш твор хачу —
З разумным лёгка збіцца з панталыку.
Часам, назіраючы, як тэатр губляе сваё аблічча, мне хочацца прачытаць урыўкі з гэтага пралога. Можна, вядома, «не шкадаваць для прадстаўлення ні дэкарацый, ні машын», але думаючы аб публіцы, як дырэктар з «Пралогу», вы страціце яе.
Адзін да нас прыходзіць ад нуды,
А той, укормлены, паважны пан,
Ідзе шукаць духоўнага наедку,
А трэці — крытык-шарлатан —
З гатовай думкай прыхапіў газету.
…………..
Навошта ў эмпірэях вам лунаць? —
Вам ложы перапоўненыя любы?
Хто будзе думкі вашы спажываць?
Той абыякавы, а гэты — грубы.
Адзін пасля ідзе на прэферанс,
Другі шукае пажыўной спакусы.
Нашто ж для гэтай мэты ў транс
Уводзіць светлыя, святыя музы?
Нават нагаданае паказвае, як добра выканаў перакладчык сваю задачу. І не толькі тут. Ён бывае розны: смяшыць, кранае або прымушае гневацца, робіцца лірычным або грубым, але ніколі не нудным. І ў «Пралогу на небе» з яго рэдкаснай па глыбіні, трохі неўразумелай філасафічнасцю, і ў «Піўніцы Аўэрбаха ў Лейпцыгу», і ў апошніх сцэнах. Абыякавым не застаецца ніхто — і гэта першая дадатная якасць перакладу, якая ідзе ў спалучэнні з вялікай дакладнасцю, калі не страчана амаль нічога з таго, што хацеў сказаць паэт, — гэтага, згадзіцеся, зусім нямала.
Другое дасягненне В.Сёмухі — глыбокая нацыянальнасць перакладу. У лепшым сэнсе гэтага слова. На кожным кроку бачыш немца, які склаўся, як чалавек, у канцы ХVІІІ ст., з яго трохі яшчэ сярэдневяковай нямецкасцю, у якой самое слова «мастацтва» чытаецца не «кунст», а трохі манерна — «куншт». І тут здарылася дзіва: перакладчык добра зразумеў галоўны закон перакладу, які кажа, што каб быць бліжэй — трэба трохі адысціся, што пераклад слова ў слова (які так шкодзіць перакладам з блізкіх моў і збядняе, напрыклад, вялікую беларускую паэзію ў вачах рускага ці ўкраінскага чытача), не самы лепшы, бо, здаецца, усё тое самае, а шарму няма, і трэба шукаць не словы-блізнюкі, а эквівалент.
І вось, шукаючы гэты эквівалент, перакладчык дасягнуў дзіўнага: з намі гаворыць вялікі Германец, але, адначасова, гэта гаворыць Беларус, што выказвае думкі Гётэ, як выказваў бы іх ён, але па-беларуску. Гэта ёсць і ў самой моўнай тканіне, і ў майстэрскім перакладзе народных сцэн. Перакладчык не баіцца адысці нават ад агульнапрынятых слоўных формул. Іх, звычайна, цяжка нават перакласці, бо перад вачыма стаіць прыклад і аўтарытэт першага перакладчыка, які надаў радкам афарыстычны характар.
Вось, напрыклад, разважанні Мефістофеля аб філосафах. Дасціпны дух раптам (і гэта ў славутым рускім перакладзе) канчае гэтыя разважанні дыдактычным уздыхам. Нібы гэта і не ён.
Рускі тэкст Н.Халадкоўскага:
Кто философствует, тот выбрал путь плохой,
Как скот голодный, что в степи глухой
Кружит себе, злым духом обойдённый,
А вкруг цветёт роскошный луг зелёный.
Беларускі тэкст:
Скажу табе: разумнікі ўсе вашы —
Як тое быдла: улева — управа
Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы,
Хаця навокал свежая атава.
І, далібог, гэта і жыва, і афарыстычна, і на дзіва па-беларуску.
Мефістофель увогуле ўдаўся перакладчыку. Як і ў Гётэ, ніяк не можаш пазбыцца думкі, што аўтар ім трохі любуецца. Так, нарабіў пад канец шмат дрэннага (трэба ж яму апраўдаць сваю рэпутацыю), так, з’едлівасць. Але, нягледзячы на ўсё наноснае, ён багаборац, а значыцца ў сім-тым блізкі да ўвасобленага чалавека. Нахабны, дзёрзкі, вясёлы, злосны… і на дзіва сімпатычны. Сапраўдны іронік, хітруга, сафіст, цынік — і істота, якая чыніць дабро. Уладар дзіўнай, але цалкам натуральнай дыялектыкі: жыць — каб адмаўляць. Частка цемры, якая спарадзіла святло. Мефістофель, як кожны прывід, створаны людзьмі, і, паколькі «на яго можна», людзі прыпісвалі яму ўсе горшыя якасці саміх сябе. Каб апраўдаць сваё поўзанне на жываце перад уладамі, расперазанымі хамамі-ваякамі і светам гвалту. А таму іронію ягоную назвалі зласлівасцю, праўду — дэманізмам, а з’едлівасць — нянавісцю да людзей.
Натуральнасць, жывасць, лаканізм і дасціпнасць слоў Мефістофеля — найбольшая ўдача ў перакладзе. І не дзіва. Гётэ, відавочна, прыемна было яго пісаць, перакладчыкам — перакладаць. І нездарма ён атрымаўся, на мой погляд, наймацнейшай постаццю твора, вышэй за ідэю пошукаў, увасобленую ў Фаўсце, вышэй за ідэю жаноцкасці і спакою — анемічную Маргарыту, якой толькі яе пакуты даюць права на нашу ўвагу і спачуванне. Бо ён — гэта скепсіс, гэта адмаўленне старога, пробны камень чалавечай думкі і стымулятар чалавечага поступу, а значыць, неабходная частка нас саміх. Перакладчык справіўся з перадачай гэтага цудоўна.
Вось прыклад. Не ведаючы, дзе збеглы муж Марты, Мефістофель, аднак, кажа ёй, што ён памёр. Фаўст абураецца. І тады калега кідае міну пад яго і ўсю схаластычную «навуку», якая хлусіла і хлусіць людзям, бярэцца тлумачыць свет і ўплываць на яго, а сама разбіраецца ў ім не больш, чым у адметных рысах фізіялогіі кішэчнаполасцевых на Венеры.
Змагар за праўду! Мо ніколі
Вы людзям глупства не малолі?
Хіба пра бога, рух свяціл, планет,
Пра чалавека і яго духоўны свет
Не гаварылі смела і глыбока
З апломбам знаўцы і прарока?
Але ж сабе прызнайцеся хаця,
Што тайны сэнс і змест жыцця
Вядомы вам, мой друг упарты,
Не больш, чым доля мужа Марты.
А вось як перададзена вясёлая, з’едлівая, чароўная сцэна Мефістофеля з вучнем. Разумны цынік — і дурань да апошняга — аж круціцца:
Прабачце, што прыходжу
рана
З павагай шчыраю да пана,
Турбуючы для
кансультацый
Асобу, вартую авацый.
І разумны, усёзнаючы д’ябал адказвае бліскучым маналогам аб страшнай мане навук. Аб філасофіі, што, разбіраючы на часткі, не ўмее потым злучыць разам, аб метафізіцы, што прыкрывае напышлівымі словамі тое, чаго не можа ўзяць ілбом… Нічога, малады чалавек, навучыцеся і хлусіць. Дзіця таксама не адразу прывыкае да цыцкі маці… Вучань згаджаецца:
Прыпаў бы я да мудрасці грудзей,
Але парайце мне, — шукаць іх дзе?
І пачынаецца здзек з усяго таго, чым замяняе для сябе чалавек сапраўдную праўду.
І мы чужыя сплачваем падаткі,
Грахоў бацькоўскіх кволыя нашчадкі.
Дурнота мудрай стала, зло — з дабра,
А што прыродным правам жыць пара,
Забылі мы пра гэта, ані згадкі,
Бо, зрэшты, там, дзе сэнсу мала,
Мы круцім словам дасканала;
Са слоў складаюцца ідэі, тэмы,
Са слоў будуюцца сістэмы,
Нам слова трэба паважаць,
Ні ў якім разе не скажаць.
Той, хто возьме на сябе клопат зверыць прыведзеныя і іншыя цытаты з арыгіналам, — не можа не здзівіцца высокай дасканаласці перакладу, яго вытанчанасці і зграбнасці.
Часам здаецца нават, што пераклад больш афарыстычны, чым арыгінал. І гэта зразумелая рэч. Вялікаму паэту часта даводзілася хаваць сваю ясную ідэю за шалупіннем эзопавай мовы: звычайны лёс паэта, які хоча, каб яго чыталі, і, адначасова, хоча пазбегнуць папрокаў у бязвер’і, скепсісе і нянавісці да таго, што гэтай нянавісці варта. Перакладчыку цяпер трэба расшыфроўваць і праясняць такія месцы, пакідаючы толькі лёгкі налёт вэлюму на іх: «бачыце, што і як ён хацеў схаваць».
Зямны бажок нязменны, тая ж плоць,
Якою ты стварыў яе, гасподзь.
Адна бяда — не задзіраў бы нос,
Калі б не ведаў ён святла нябёс.
Святло тваё ён розумам заве
І з ім усё-такі жывёлінай жыве.
Ён, як цыбаты конік той,
З дазволу кажучы, — цвiркоча
І скача ўверх з травы густой
І ў шыр нябесную падняцца хоча.
Тут прасочана, выяўлена і высветлена ўся гісторыя трагічных пошукаў Фаўста.
Высокая яснасць перакладу прымушае нас думаць не проста аб працы перакладчыка, але аб спалучэнні яе са скрупулёзнай працай даследчыка і тлумачальніка. Гэта прыкметна ў першых ужо сцэнах і асабліва ў «Кабінеце Фаўста». Складаныя пераходы чалавека — ад задыханага рытму адчаю перад непазнавальнасцю прыроды да гордага ўздыму чалавечага гонару перад духамі, сярэдневяковая цьмяная навука з яе лабірынтамі і горкае, гордае расчараванне ў ёй, высоты абстагаванага мыслення і простыя чалавечыя словы.
Хіба павінен я, да ведаў прагны,
Карпець над процьмай нудных кніг,
Каб ісціну старую вычытаць у іх,
Што чалавеку доўга трэба лезці з багны…
…………..
Што з’едліва так, чэрап, шчэрыш зубы?
Блукаў у поцемках, як здань, як цень,
Як я, шукаючы свой светлы дзень,
Твой мудры валадар да дня загубы.
…………..
Калі ўначы пад непраглядным змрокам
Схаваных таямніц не выкрыў ты
Ні розумам сваім, ні сэрцам і ні зрокам, —
Навошта тыя рычагі, вінты…
Між тым, нялёгка было перакладчыку. Сучасная беларуская мова і сёння запінаецца на паняццях старадаўняй метафізікі і таго, што складала тады навуку: магіі, астралогіі, дэманалогіі і іншага. В.Сёмуха робіць спробу ўспомніць сёе-тое са старых юрыдычных, філасофскіх, кніжных слоў, хаця, магчыма, часам і недастатковую. Бываюць пры гэтым і выдаткі. Так, напрыклад, у спрэчцы Фаўста з богам, калі першы разбірае пачатак кнігі быція і прыходзіць да думкі, што «слова» аніяк не магло быць пачаткам усяго існага, няварта было б ужываць слова «Чын» (справа). Не падыходзіць і дробязнае па значэнню слова «ўчынак». Нельга сказаць
«Спачатку быў — Учынак».
Сам не ведаю, што тут трэба ўжыць. «Дзея»? Яшчэ нешта? Але «Чын» — гэта ўсё ж значна лепей за «справу» або яшчэ, крый нас божа, «справунак».
І ўсё ж усё, што зроблена для перадачы глыбока філасофскіх месцаў, здзіўляе натуральнасцю гучання, калі нават чалавеку непадрыхтаванаму цалкам ясная сутнасць усіх філасофскіх спрэчак і сама філасофія твора…
Прызнаюся, я заўсёды з вялікай цікавасцю чытаю новы пераклад. Па розных прычынах. У прыватнасці ж яшчэ і таму, што недзе ў глыбіні маёй душы жыве цікаўнасць тых рымлян, якія хадзілі глядзець на гладыятараў: пачуццё смяротнай небяспекі таго, што адбываецца на арэне, у той час, як табе самому нічога не пагражае за ровам і бар’ерамі.
Сапраўды, перакладчыку цяжкавата па-новаму перакласці, скажам, «быць або не быць» ці «оставь надежду всяк сюда входящий».
Ці, напрыклад, такую вядомую па рускіх, польскіх, украінскіх перакладах «Блыху», праспяваную мільён разоў усімі basso cantante, пачынаючы ад Шаляпіна.
І вось як яна гучыць па-беларуску:
Жыў раз кароль на свеце,
Была блыха ў яго.
Любіў яе і песціў
Больш як сынка свайго.
Краўцоў сазваў. Спяшылі
З усіх канцоў краўцы —
Памералі, пашылі
Каптанік і штанцы.
Убраў яе ў каралі —
Зіхціць, як брыліянт.
Манарх любімай кралі
Павесіў крыж на бант.
Блыха міністрам стала —
На ўсё глядзіць згары,
Сваіх сясцёр ці мала
Прыстроіла ў двары.
І такая песня, як «Кароль з Фуле», зацяганая мяшчанскімі спевакамі, катрыншчыкамі, далікатнымі мяшчаначкамі, абсмяяная Генрыхам Гейнэ, — яна таксама загучала па-новаму.
І прывітаў гасціну
Сардэчны валадар,
І выпіў і ў пучыну
Ён кінуў мілай дар.
Прыбой у золкім змроччы
Той кубак падхапіў.
Кароль заплюшчыў вочы
І больш ужо не піў.
І яшчэ адна дадатная рыса перакладу. В.Сёмуха не саромеецца грубасці жыцця, грубасці вялікай трагедыі. А гэтым грашылі амаль усе перакладчыкі — нібы Гётэ адчувае пільную патрэбу ў тым, каб яго выпраўлялі, прыгладжвалі, прычосвалі, забываючы, што бліскучы залізаны радок — прывілей бездараў, за гэта іх і любяць. І ніколі ў свеце не пераможа той, хто не глядзіць жыццю ў вочы і баіцца называць рэчы іх найменнямі.
Перакладчык не цураецца і грубаватасці так званай простанароднасці. І вось глядзіце.
На фэст прыбраўся раз пастух:
Надзеў каптан і капялюш —
Апошні шык, дый годзе!
Пад ліпаю людзей-людзей!..
Музыкі, смех — аж дол гудзе!
А смык — той чортам ходзе!
…………..
Хлапчына ў гурт бачком-бачком —
І дзеўку злёгку плечуком
Штурхель! — а сам не лысы.
Яна зірнула строга: «Ах!
А каб ты скіс, а каб ты спрах!
Не адварочвай пысы!»
Хіба не нагадвае гэта «Без музыкі, без дуды?..» І добра, што нагадвае. Таму што, пачынаючы са сцэны гулянкі, перакладчык, нібы знайшоўшы ключ да таго, што адбываецца ў сэрцах герояў, робіць сваю справу ўсё лепей і лепей.
Усё яскравей паўстае перад намi зямля i народ — сарамлiвы, юрлiвы i вясёлы. Калi ж яшчэ ўлiчыць, што В.Сёмуха паспяхова дабiўся таго, каб ва ўсiх дзеючых асоб была свая мова, — то поспех яго несумненны.
Хораша перакладчык перадае тонкія назіранні Гётэ за прыродай: маналог Фаўста аб захадзе сонца, маналог Фаўста ў пячоры пра навальніцу, пад’ём на Грац у буру.
Або наіўная сярэдневяковая жаночая песенька, якая сапраўды, магла карыстацца поспехам толькі ў ХІV стагоддзі, у век містэрый, але якая і цяпер кранае нас, як успамін аб уласнай чароўнай наіўнасці.
Нас таксама кранае маленне Маргарыты, сцэна яе сустрэчы з Валянцінам — і паўсюль разнастайная дакладнасць у рытміцы. Я сям-там звяраў з арыгіналам, калі рытмічны злом перакладу здаваўся мне неапраўданым. І выяўлялася, што так у арыгінале, і што гэта не шкодзіць рэчы, бо перакладчык ішоў па радках вялікай трагедыі не па-рабску, і творча.
Я не скажу, вядома, што няма недахопаў. Але іх мала. Раней недакладнасцяў было больш, але перакладчык упарта працаваў над тэкстам — і ён зрабіўся зграбны, дакладны. Былі, напрыклад, раней рытмічныя зрывы ў сцэне з Вагнерам, цяпер яны збольшага выпраўлены. Былі, часам, рыфмы тыпу «жыве — на ўме! (параўнай сумна славутае «дзе-небудзь — мядзведзь»). Цяпер гэтага амаль няма.
Мiнула 15 гадоў з часу майго знаёмства з першым варыянтам «Фаўста». Прайшоў час, i вось рэч, ужо скончаная i адшлiфаваная, зноў ляжыць перада мною.
Блуканні па пакутах чалавечай душы, працы, думак, сэрца. І ледзь не першая спроба апісаць выхад яе на святло з таго змроку, у які ўкінута яна жыццём. Няхай яшчэ пад знакам тэалогіі — але спроба выхаду.
Ісці доўга, крывава, амаль безнадзейна:
Зірні, вялікі, з гэтай троннай залы
На родны край, што ўвесь у мглістым чадзе.
Дзе ўсё дабро тваё са злом звязалі
І дзе няпісаны закон — бязладдзе.
…………..
Чарсцвеюць норавы, усюды смуты,
Галодны край, раздзеты i разуты,
Рай для грабежнікаў, зладзюг,
А над сумленнымі вісіць абух.
Уступаюць у бой, нішчачы дабрабыт людскі, папяровыя грошы. На змену першай радасці (іх лёгка насіць нават у сумцы салдата ці ў якой кантычцы) прыходзіць капітал, які Гётэ заўважыў у жыцці і распяў на ганебным слупе ледзь не першы. Прыходзіць з ім інфляцыя.
Блазен: І гэта грошы? Смецце гэта? Цьфу!
Мефістофель: Купляй і еш да стогну ў трыбуху!
Блазен: Няўжо куплю я быдла, хату, хлеў?
Мефістофель: А ўжо ж! Абы ты ўдосталь грошай меў!
Блазен: І лес, і ворыва, і ўлоў рачны?
Мефістофель: Глядзі, а мне казалі — ён дурны!
Блазен: Куплю маёнтак і пайду з двара! (Выходзіць.)
Мефістофель: (адзін). Ого! Яго ж на трон садзіць пара!
Усё стаіць на шляху ў гэтай душы. І — вайна.
У гуле шалёным
Войнаў няспынных
Чула, як зыкам утробным багі
Сверб распалялі да славы ваеннай,
І голас жалезны свары крывавай,
Братазабойчай,
Біў у муры.
І ўсё ж душа чалавечая паўстае супраць усяго гэтага. Няхай яна і не пераможа часам, але бываюць паражэнні, што вышэй за перамогу.
І пару слоў аб ілюстрацыях Арлена Кашкурэвіча.
Гэта вельмі своеасаблівы, па-новаму прачытаны, дужа сучасны «Фаўст». «Фаўст» вар’яцкага веку войнаў, нейтронных бомбаў, маўтхаўзенаў, аўтамабільных гонак, трушчоб, наркотыкаў, рэгбі, дзікіх катастроф і самоты. І кожны мае права на свой апакаліпсіс, на Грэтхен ля аргана з філармоніі, на лысага бітніка Мефістофеля на пустой бочцы з-пад бензіну, на шабас ведзьмаў, што лятуць на аўтапакрышках, на бітыя машыны і на лаканічную, найбольш прасякнутую болем — а не сімваламі! — сцэну ў турме. І на сцэны вайны, дзе якраз сімвалы найбольш ім падыходзяць.
Не зусім задавальняе мяне толькі Мефістофель. Зразумела, гэта дастойны праціўнік (менавіта такім дынызаўрам і зрабіў яго мастак), зразумела, будзеш ненавідзець таго, хто падносіць латы, як будучы пратэз, воіну, а пасля на магілах пераможцаў, на іх латах і гарматах трыумфальна трубіць у трубу.
І ўсё ж гэта крыху не мой Мефістофель. І таму неяк менш верыш ва ўзнясенне Фаўста.
Але ж кожны мае права на свой пункт погляду, да таго ж і ў ілюстрацыях ёсць галоўнае, тое, што і ў кнізе, — выхад да святла.
Фаўсту даравалі, бо ён змагаўся, даравалі, бо ён хацеў дабрыні (а часам з гэтага выходзіла і зло). І пад канец жыцця перамог: нават сляпы, на краі магілы, думаючы, што канчаюць дамбу і канал, ён разважае так:
Свабодны люд і радасная праца
Шчаслівым зробяць гэты ўбогі край.
…………..
Дык вось канечны вынік мудрасці людской:
Што толькі той жыцця і волі варт,
Хто кожны дзень за іх ідзе на бой.
…………..
Калі б у працы ўбачыў я заўсёднай
Народ свабодны на зямлі свабоднай,
Імгненню б я сказаў тады:
«Цудоўнае, спыніся!..»
У заключэнне хачу заўважыць, што кожны новы пераклад — гэта новае даследаванне «Фаўста». У дадзеным выпадку — удалае даследаванне, якое зрабіў Васіль Сёмуха. Таму гэтае эсэ не разважанне пра тое, чаго вартая гэтая рэч, а проста некалькі думак аб перакладзе «Фаўста», аб нашым беларускім «Фаўсце».
Упершыню — «Маладосць», 1978, № 5.
Апублікавана ў кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 407 — 417.