Слова ад аўтара

Той, хто чытаў мой раман «Каласы пад сярпом тваім», памятае, вядома, галоўнага героя рамана князя Алеся Загорскага, князя паходжаннем, селяніна выхаваннем, дэмакрата перакананнямі. Памятае блізнюкоў-братоў Кагутоў, названых братоў героя, «дзядзьку» (і старэйшага сябра) Халімона Кірдуна і іншых, пра якіх аповесць толькі ўпамінае.

Як яна ўвогуле ўзнікла, аповесць «Зброя»? Як вы памятаеце, першыя дзве кнігі рамана канчаюцца «на парозе» паўстання 1863 — 64 гадоў, заключную фазу якога ўзначаліў на Беларусі і ў Літве сябра Алесеў Кастусь Каліноўскі.

Вядома, што трэба для кожнай рэвалюцыі. Перш за ўсё ўмовы, калі большай частцы грамадства робіцца немагчыма існаваць так, як раней, немагчыма цярпець далей сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Умовы, пры якіх меншасць забылася на справядлівасць і штохвілінна папіхае нагамі гонар Чалавека, які працуе, корміць, думае (а з такіх заўсёды складаецца большасць усякага грамадства, калі гэта не грамадства разбойніцкае, якое здабывае сабе хлеб не плугам, а доўбняй; бывалі ў гісторыі такія).

Па-другое, патрэбна думка аб нясцерпнасці свайго становішча і аб тым, як гэта становішча змяніць. Думка, якую ўспрыняла як сваю большая ці меншая частка Грамадства. Таго, вядома, якое сумленна зарабляе свой хлеб штодзённы — усё адно, арэ яно зямлю ці мудрыць яно над формуламі.

Ёсць думка — знойдзецца і трэцяе, рукі, якія разбураць састарэлы, не адпаведны часу, закасцянелы панцыр, што перашкаджае росту.

Але нават калі ёсць усе прадумовы — яны так і могуць застацца прадумовамі, калі рукі не ўзброены.

Могуць, што праўда, прайграць і ўзброеныя рукі, як прайграла, па розных прычынах, паўстанне 1863 — 64 гадоў, але ўзброеныя рукі паўстання прынамсі прымусілі гаварыць пра сябе. Прымусілі нашчадкаў памятаць, паважаць памяць паўстання, рабіць з яго ўрокаў свае высновы (І Інтэрнацыянал і ўсё, што з яго наследавала і сталася, работа многіх і многіх дзеячаў, філосафаў, паэтаў).

І мы не можам у гэтым выпадку цытаваць горкае двухрадкоўе:

Мяцеж не можа скончыцца удачай…

У выпадку такім ўсе звуць яго іначай.

Таму што — ну, так! — для аляксандраў і мураўёвых задушанае паўстанне было мяцяжом, але для нашых сучаснікаў яно Рэвалюцыя, што йдзе ў славе сваёй. І салдаты яе заўсёда застаюцца для нас прыкладам. А дасягальным ці недасягальным — гэта ўжо залежыць не ад іх, а ад яго, цябе, мяне. Ад кожнай асобы, якая разумее, што на яе глядзяць не толькі вочы сучасніка, але і іхнія, даўно ўжо мёртвыя і вечна жывыя вочы.

Як нарадзілася аповесць? Шчыра кажучы, нечакана, і таму я павінен сказаць пра гэта некалькі слоў. Спачатку павінен быў быць невялікі раздзел трэцяй кнігі рамана. Менавіта аб тым, як пэўная колькасць рук атрымала зброю. І раптам, як гэта часта бывае, героі пачалі сваволіць, выломлівацца са свайго асяроддзя, а значыць, і з тканіны рамана.

Што ведаў мой герой дагэтуль? Досыць яшчэ патрыярхальны сялянскі і дваранскі свет «заходніх правінцый». Ведаў і вялікі свет, што сваю ўбогую галізну прыкрыў золатам, перамогамі, указамі, што мудрэйшыя адзін за другі, бессаромнай балбатнёй і яшчэ больш бессаромнай эксплуатацыяй.

Ведаў ён і адзіна сапраўдны свет (і цвет) і тагачаснага грамадства. Той, якому тупа перашкаджалі жыць і працаваць і дружна торкалі наперад, калі трэба было паказаць фасад імперыі. Тое, аб чым Някрасаў казаў:

«…гнилой товар показывать

С хазового конца».

Ён, Алесь, вучыўся ў лепшых вучоных Пецярбургскага універсітэта, прападаў па эрмітажах, зачытваўся Дастаеўскім (сасланым у катаргу) і Лермантавым (застрэленым), быў асабіста знаёмы з Шаўчэнкам, слязьмі абліваўся, слухаючы песні народа і музыку, якая вырасла з іх.

Ён яшчэ меў заліцца слязьмі з зусім іншай прычыны.

Таму што існавала не толькі грамадства людзей духу і думкі (гэтых ён ведаў і любіў), не толькі грамадства прыдворнае (ведаў і вымушаны быў жыць у ім).

Існавала грамадства зламаных, грамадства адкідаў, вялізная дзяржаўная звалка, імперскі сметнік, на які выкідаліся непатрэбныя часткі машыны, знішчаныя ёю ж самой.

Была на тым сметніку гніль (калі толькі чалавек можа стаць гніллю без актыўнай дапамогі грамадства), былі слабыя парасткі (а можна ж было не таптаць, а падставіць тычку), былі і такія, што пры іншых абставінах маглі б зрабіцца годнымі, а можа, і вялікімі сынамі грамадства.

А зрабіліся і тыя і тыя гноем, вялізнай смярдзючай клаакай, якой трэба саромецца, самае існаванне якой ганьба для добрага гаспадара, якім павінна быць кожная цывілізаваная грамада.

Урэшце, чаго ёй было саромецца, той грамадзе? Сябе самой у мініяцюры?

…І вось на самае дно гэтай клаакі быў вымушаны спусціцца мой герой. Таму што зброю не купіш ні ў дзяржаўным арсенале ці, тым больш, у Румянцаўскай бібліятэцы.

Людзі святой ідэі вымушаны былі твар у твар сустракацца з дном, пазаддзем, падонкамі. Парадокс? Кепскі парадокс.

Ёсць гонар у залатаным сцягу. Але латкі не павінны быць са сметніка.

Не павінны? Ну, а калі сметнік — параджэнне і неад’емная частка грамадства? Так званага грамадства?

І калі гэты сметнік усё ж — людзі? Не па сваёй віне не здатныя на подзвіг, доблесць, веды, але ўсё ж людзі. Мімаходам і без дакораў сумлення знішчаны неацэнны чалавечы матэрыял. Орган, які прырода стварыла, каб пазнаць самую сябе і які такія ж людзі зрабілі адходам, непрыдатным нават для ацэнкі сваёй сутнасці.

Каюся, мала светлага ўбачыць у аповесці чытач. Але кожны ўдар бізуна на яе старонках я магу падмацаваць дакументам. І менавіта таму раздзел выліўся ў аповесць, якой нельга было заставацца ненапісанай.

Таму што менавіта ў гэтай клаацы героі мае (як сотні іншых у рэальным жыцці) прыдбалі сапраўдны гарт, сапраўдную зброю.

Усведамленне таго, што нельга, каб мучылася Рагожская слабада, каб «кнутобойничали» на Балотнай плошчы, каб ішоў у бандзюкі Сашка Шчалканаў.

Усведамленне таго, што кожны на зямлі, нават самы патаптаны і зняважаны, табе сябра і брат. Можа быць такім. Будзе, калі ад полюса да полюса кожная жывая душа задумаецца над гэтым, над тым, што не паўсюль яшчэ на зямлі такое адышло ў нябыт.

Над тым, што чалавецтва не павінна быць дэбільным дзіцем, якое ламае свае цацкі, а то й нявечыць сябе самога.

Калі мне ўдасца няхай на кароткую хвіліну пераканаць Вас, што разуменне, спачуванне і шкадаванне — таксама зброя, я буду лічыць, што я недарэмна адабраў час у Вас і ў сябе.

Апублікавана ў пачатку першапублікацыі аповесці «Зброя» («Маладосць», 1981, № 10. С. 51 — 53).