Уступнае слова да перакладаў А.Міланава

Я выбраў і пераклаў для чытачоў нашага часопіса некалькі вершаў і эпіграм маладога балгарскага паэта Аляксандра Міланава. Яны спадабаліся мне сваім непрымірымым стаўленнем да ўсяго злашкоднага, да ўсіх тых вусеняў, якія сёння спрабуюць тачыць лісце на зялёным дрэве жыцця. Яны спадабаліся мне, бо іх аўтар — вясёлы паэт, добры да добрага і гнеўны на злое.

Аляксандр Міланаў нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсцы ля горада Ямбала. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ямбале і Плоўдзіве. У 1957 годзе скончыў філалагічны факультэт Сафійскага універсітэта. Некаторы час настаўнічаў у г. Чырпане і ў Сафіі, выступаючы адначасова і як журналіст.

У 1959 годзе выйшаў зборнік яго сатырычных вершаў «Анафема», праз тры гады — кніга нарысаў і эскізаў аб будаўніках плацін на рацэ Орда ў Радопскіх гарах — «Сонцы, якія не заходзяць», у 1963 годзе — другая кніга сатыры «Вясенняя небяспека».

Мне хочацца пажадаць паэту шматлікіх перамог у яго вясёлай і высакароднай вайне.

Уладзімір Караткевіч.

Яндекс.Метрика