З любоўю да чалавека
Мы доўга чакалі гэтай кнігі, чытаючы ў часопісах адменныя, вельмі свежыя вершы паэта. Яны заўсёды вылучаліся сярод другіх нашых вершаў нейкім прасветленым, па-дзіцячы непасрэдным светаадчуваннем, прасветленым нават у глыбокай суровасці, суровым нават у скупым жарце, які паэт часам дазваляе сабе.
Я не крытык і таму не магу прасочваць пад зямлёю «корані» кожнага верша і вобраза, грунтоўна сцвярджаць, што паэт спыніўся на сваім шляху і не расце, у той час калі ён выбірае новы кірунак. Не магу я «ўдумліва» разважаць аб уплыве на Наўроцкага Уітмена і «сучасных лацінаамерыканцаў» (чамусьці Уітмена вінавацяць ва ўсім, што не падобна на ранейшае).
Не магу таму, што наш паэт — жывая галіна ад нашага дрэва. І няхай на ёй вырастаюць такія па форме плады:
Ціха льецца сонца. Ціхі подых мая.
Яблыня кахання беллю расцвітае.
З касой за плячыма па зыркай расе
Кожны гэту яблыню у душы нясе.
А магчыма, і іншыя з наўмысна задышлівым рытмам, са знарочыстым (і зманлівым) прымітывізмам мыслення.
Ці не ўсё адно, калі гэта нам — не чужое, калі на нашай мове сказана яшчэ і такое слова, ад якога яна стала багацейшай, прыгажэйшай, гучнейшай?!
Алесь Наўроцкі — паэт таго пакалення, якое ў поўнай меры вынесла на дзіцячых плячах ліхалецце вайны:
Калі жыў ля вады без вады
і ля хлеба без хлеба,
Калi цэлымi суткамi
кулі секунды лічылі.
Яно не ваявала, пакаленне паэта, але — хто ведае? — ці не цяжэй было дзіцячаму сэрцу адчуваць сябе бяссільным, а вачам бачыць такое:
Там жонка дзіцё нараджае…
Нараджае дзіцё
У агні.
Дарэмны просьбы. Суха стрэл хлопнуў.
Абвалілася першае бервяно,
І раптам дзіця закрычала,
На ўсю Еўропу
Закрычала яно.
Цяжка гаварыць пра нейкія літаратурныя «ўплывы» на творчасць Алеся Наўроцкага. І калі крытык, нядрэнны знаўца паэзіі, кажа мне, што ў «Стрэле ў твар смерці» адчуваецца «ўплыў» касмічнасці Чарота«, мне хочацца сказаць — «не». Справа не ў тым, што «пажар палыхае. Ад агню куды кідацца? Ён ліжа ногі, рукі, твар». Справа ў тым, што ў аднаго сусветны пажар быў бязлітасны да людзей, да кожнай асобы чалавечай і да набыткаў культуры, створаных рукамі чалавека. А другі — і гэта лепей за ўсё іншае паказвае, што мінулі гады, — уважлівы да кожнага жадання, да кожнай усмешкі чалавечай, бо галоўная рыса яго вершаў, — гуманізм, бо ён добра разумее, што кожны забіты чалавек — гэта забіты сусвет, забітае мора, забітае неба.
Магчыма, жывым цяпер менш справы да забітых сусветаў — іхнія ж сусветы жывыя, — але сэрца паэта павінна памятаць больш за іншыя сэрцы: на тое ён і паэт.
І вось гніюць у зямлі
Мільёны лясоў,
Мільёны птушак,
Мільёны акіянаў,
Гніюць у зямлі
Мільёны ранкаў,
А над зямлёй займаецца ранак,
Гнiюць у зямлi мiльёны
жаўранкаў,
Але па-ранейшаму спявае
жаўранак.
Паэта, як і ўсё яго пакаленне, асабліва чуйнае да несправядлівасці, балюча ўразіла з’ява, імя якой «культ асобы». Ён верыў у гэтую асобу, «як у сонца», а аднойчы «тое сонца забальзаміравалі». І паэт гаворыць з горыччу:
Праўда мне даражэй
За ўсё на свеце.
Няўжо ў сонца
Не дрыжала рука,
Калі выкопваў рэчышча ён,
Па якому ў акiян
Смерці
Улілася не адна
Жыцця рака?
У роздуме над гэтай з’явай, у паступовым асэнсаванні таго, што Сталін заняў толькі месца Леніна, а яго замяніць не мог, паэт робіць мужную выснову («Размова з Уладзімірам Ільічом»):
Паміраючы за яго на полі бою,
Ведайце -
Паміралі за Вас.
Здавалася б, даволі і таго, што сэрца зведала такую горкую праўду. Але на плячах пакалення і яшчэ адна праўда, яшчэ адзін цяжар. Гэта праўда і цяжар атамнага стагоддзя, і, што б ні казалі, цяжар гэты падае на плечы тых, хто малады. Таму што ім жыць, ім несці адказнасць за ўсё, ім заганяць джына — носьбіта смерці — зноў у бутэльку, адкуль яго калісь выпусцілі. І таму юнак нашага часу не можа не быць горача зацікаўлены лёсам чалавецтва і самой маці-Зямлі.
Я не баюся смерці.
Пражыву болей ці меней -
Аб гэтым не буду тужыць.
Але чаму, чаму я павінен
Попелу жменяй
У вочы нашчадкам
Пыліць?
Голас паэта выбухае крыкам усяго чорнага, што перашкаджае багатым фарбам зямлі сплятацца ва ўсё новых каляровых гамах. Гэта сказана вельмі па-беларуску, і адначасова гэта — як слова і песня ўсіх народаў. Хутчэй ваяваць за праўду, каб нікога не крыўдзілі, нікога не забівалі. Нельга, каб выбухнула вайна, нельга ацэньваць грашыма жыццё, нельга, каб панавала сытае свінства, нельга, каб дзяўчына з Хірасімы згарэла ад болю, нельга, каб ажыў фашызм, нельга, каб загінула ад вадародных ураганаў нясцерпна родная ў сусвеце калыска жыцця, жамчужына Розуму — Зямля.
Гэтая абвостранасць пачуццяў нараджае і стыль, — нервовы, трапяткі, які дарэмна хоча здавацца спакойным і разважлівым. Дарэмна, бо ўнутры ў паэта ўсё трапеча любоўю да людзей.
У Алеся Наўроцкага тонкі слых. Вось прамень ударыў па адстралянай гільзе, вось мяўкаюць вясновыя коцікі на галінах ракіт… У яго незвычайны зрок. Ён бачыць, як мяшаюць у шклянцы разам з цукрам сонечны прамень, як «злуецца» пад ветрам беласнежная сукенка дзяўчыны. І тут ужо адбываецца тое дзіва, якое прымушае кожнага горка шкадаваць, чаму ён не прыкмеціў гэтага раней. Чаму не прыкмеціў зялёныя крылы бяроз або вецер, які «свістаў спачатку ў дудачку, потым у дудку, а ўжо затым у дуду».
Сапраўды, чаму?
Справа, відаць, у тым, што трэба самому памясіць гразь, самому адчуць волю сцежкі ў жыце, самому задыхацца ў скрутках калючага мяцельскага дроту…
Можа з’явіцца ўражанне, што я захвальваю паэта. На самай справе гэта не так. Няма кніг без недахопаў, і мне спачатку хацелася проста заўважыць самае добрае. Гэта заўсёды прыемна: заўважаць добрае.
Але, відаць, не абыдзешся і без крытычных заўваг, бо дрэннае асабліва кідаецца ў вочы, калі кніга добрая. Часамі паэт пачынае гаварыць чужым голасам, яшчэ з 20-х год, знаёмым для нас:
Крытыка,
Бяры на прыцэл
Таго, хто азыз!
Крыўдна таксама, калі ў творах паэта пачынаюць гучаць безгустоўныя ноты:
Можа, сёння твая рука
Выдаіць смяротную кроплю
Малака.
Гэта — як фальшывая нота ў добрай сімфоніі.
Можна было б адшукаць у кнізе яшчэ некаторыя пралікі. Дарэмна, напрыклад, паэт уключыў у яе слабы верш «Дзве дарогі сому», у якім ёсць слабыя па свайму паэтычнаму напаўненню радкі, накшталт:
Спакойна, пане!
Вось вы і папаліся тут, нарэшце,
Вы абяззброены. Вам няма чым крыць,
Скажыце, калi вы ўзбройваеце
Нямеччыну,
Цi не гаворыце, што рашылi
ў вадзе…
Жывога сома затапіць.
Дарэчы, і слова «затапіць» не стасуецца ў дачыненні да сома.
Але гэта ўсё недахопы, якія не псуюць агульнае ўражанне ад кнігі.
Адным з лепшых вершаў зборніка з’яўляецца верш «Яблыня кахання». Мастацкі лаканізм і тая асаблівая чысціня пачуццяў, якая ўласціва Алесю Наўроцкаму, — усё гэта сплятаецца ў дзіўны па сваёй прастаце і выразнасці вянок.
Тое самае і з вершам «Страта». Паэт знаходзіць простыя, вельмі дакладныя словы для песні ў гонар дружбы. Мала хто за апошні час так палка пісаў аб страце друга, як Наўроцкі. Мы як быццам забылі тое неасэнсаванае пачуццё, якое цягне да чалавека няўхільна, як лёс, і ў гэтым падобнае на каханне. Мы не знаходзім у сваіх вершах такіх шчымлівых нот, якія знайшоў Алесь Наўроцкі для памяці сябра свайго маленства ў вершы «Страта». І наогул у нашых вершах пачуцці часта падмяняюцца вытанчанай нюансіроўкай, бліскучым, але халодным, як крышталь, агнём. Болю, ад якога, як нажом па сэрцу, у нашых вершах амаль няма. У Наўроцкага ж — першапачатковая яркасць і магутны накал смутку, радасці, лікавання. Калісь вытанчаных рымлян здзіўляла, што дакі маглі з гора качацца па зямлі, а ад радасці рагатаць так, што лісце падала з дрэў. І вось мы, што звыклі бараніцца ад гора ўсмешачкай, адчулі: мала нам дадзена такога за апошнія гады. І добра ведаць, што «Другу…» і «Рыдлёўка» — гэта такога накалу вершы аб суме адзіноты, аб жаданні чалавека вечна жыць у працы, у сыне, у справе, — якіх у нас не было з часоў тых вершаў Багдановіча, — беларускіх і рускіх, — што прысвечаны Ані. Наогул між гэтымі паэтамі значна больш падабенства, чым можна падумаць, і не ў рытміцы, не ў тэмах, а ў цеплыні самой удачы, у неўстаткаванасці паэтычнага характару, што народжаны для цеплыні, але не заўсёды яе мае.
Алесь Наўроцкі часам трохі імпрэсіяністычны: ён сканцэнтроўвае сваю ўвагу на адным якім-небудзь імгненні, і тады, калі ў гэтым імгненні сціснуты ўсе вякі і душы ўсіх людзей, — тады нараджаецца верш-скарб накшталт «Багрыма».
Хацелася б даць А.Наўроцкаму некалькі добрых парад. Першая з іх — не пагарджаць баладным жанрам, бо ён не чужы яму. Такія вершы, як «Вядро вадой напоўнена» і «Пачатак», — гэта зерні сапраўдных, сціслых, адухоўленых «іскрай божай» балад.
Другая парада — развіваць свой зрок сатырыка. Лепшыя з «Элегій», змешчаных у зборніку, сведчанне таго, што Алесь Наўроцкі валодае пяром сатырыка. Ён не можа прайсці паўз месца, дзе хлусяць, дзе крыўдзяць людзей, не можа не праспяваць адыходнай таму благому, што, на жаль, яшчэ трымаецца ў жыцці. А калі дадаць да гэтага, што ў «Элегіях» прысутнічаюць яшчэ сум і роздум над лёсам людскім, — вы зразумееце самі: паэту нельга кідаць гэтай сваёй дарогі.
Вунь хмарка плыве над лесу
дзялянкай,
Грымоты нараслі.
Эх, як жа пасля ўсмешак маланкі
Лёгка дыхаць зямлі.
Пасля ўсмешак маланкі сапраўды лягчэй дыхаць зямлі. Няхай жа часцей бліскаюць гэтыя ачышчальныя маланкі.
Упершыню — «Полымя», 1976, № 5.