Бацькі з магіл цяплом дыхнулі
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
З узгоркаў снег схаваўся ў роў,
І кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў.
Загіне, хто ў мінулым дрэмле:
Буяна травы ймкнуць да зор
Навыперадкі, напярэймы,
Узахапы і насупор.
Сок крочыць па мільёнах лесвіц,
Па клетках — аж да верхавін,
Каб падарыць сусвету песні,
Здабытыя з зямных глыбінь.
Ляжу каля лясных узбочын,
Ляжаць і ждуць мяне гады,
І п’юць ускінутыя вочы
Ўсю повень неба і вады.
Мне цяжар шчасця грудзі сплюснуў,
Спляліся валасы з травой,
І мятлушка сядзіць на вуснах,
Каб разам уздыхаць са мной.
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не — жыві!
Кароўка божая ў далоні,
Як кропля божае крыві.
І зноў бязмежны свет чакае,
Свет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі без краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Знікаюць крыўды, боль і зло…
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было.
Упершыню — «Ніва», 1966, 10 красавіка.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 180.