Бахайская чарапаха

Янку Брылю

Я — Бахайская чарапаха.
Я — на чэраве сонна ляжу.
Я — каменная.
Маё царства ўпала лавінаю праху
Пад пятою кітайцаў,
Чжурчжэняў,
Кіданяў,
Манголаў,
Маньчжур.
Я спазнала дарэмнасць
І тленнасць:
Дзе ляжалі дарогі ваенныя,
Там сягоння
На сопках сярод парудзелай травы
Толькі мы засталіся,
Чарапахі каменныя,
І каменныя малпы,
І каменныя львы.
Роўна восем стагоддзяў
Я ляжу сярод праху.
Усурыйскія тыгры адны
Да мяне падыходзяць ўначы
І глядзяць залатымі вачыма
На мяне,
Чарапаху,
Што адна умудрылася
Ў вечнасць з агню уцячы.
Ў навальнічныя ночы,
Калі неба сякуць бліскавіцы,
Мне здаецца, што зноў
Забівае аратаяў гром,
І грукочуць праз ноч
Залатыя і пурпурныя
Калясніцы,
І гепарды імкнуцца,
І падаюць стрэлы дажджом.
Я ляжу тут, каб людзі
Памяталі аб ханах пахмурых,
Аб бязлітасных войнах,
Што знішчылі родны мой край.
Я іду —
Толькі людзі сляпыя не бачаць, —
Чарапаха гісторыі,
Я павольна да сонца іду…
Я дайду.
Усё роўна дайду.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.10, з паметай: 1 верасня 65 г., Уладзівасток.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 191, 192.

Яндекс.Метрика