Балада аб нашэсцях
Між Дняпром і крыкам жураўліным,
Наўздалёк ад дымнага сяла
Ў прадзедам пакінутай хаціне
З козлікам Алёначка жыла.
Травы залацістыя дымелі,
Ноччу поўз вугор гарох крануць;
Як страла ў кальчугу, стронг на меляx
Упіваўся ў рабізну.
І аднойчы, як страла ў кальчугу,
Раць аднекуль з-за лясоў прыйшла,
Каб усё забраць: людзей за плугам,
Хлеб і дым ад дымнага сяла.
Чорныя, рагатыя, як здані,
Ў золаце й каменнях, бы ў агні.
Сэрцы іх забылі аб каханні,
Рукі — аб звычайнай дабрыні.
Іх багі удзячнасці чакалі,
І Алёнку — ў дар вадзяніку –
Вывелі з хаціны і звязалі,
І на дзідах кінулі ў раку.
Сонца ўніз схілялася сурова.
А калі далей пайшлі палкі –
Белы козлік выбраўся са сховаў
І — чуйдух! — пацокаў да ракі.
І замэкаў, застагнаў, заплакаў,
Высунуўшы шэры язычок:
………
«Пашкадуй, Алёначка, сястрыца,
Выйдзі да мяне на беражок».
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 162,163.