Балада пра дзіка і чалавека
Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І злятае шэрань з бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусціў мароз…
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў.
Проста з чыстага неба памалу
Церушыўся на вёску снег,
А ля весніц Зоська стаяла
І чамусьці кпіла з мяне:
«Бач ты, вецер у портках свішча…
А сабака… Такога ж нідзе…
Сышчык! Сам сабе хлеба ішча!
Падапры яго, бо ўпадзе…»
Я змаўчаў… Нашто мне такая?..
Ўся як месяц у зімнім гаю,
Як ільдзістага хлеба акраец,
Што памёрлым у пекле даюць.
Калі мы гэты край пакінем,
Засумуе адзін толькі бор…
О зямля мая, о краіна,
О снягі ў зіхаценні зор!..
Чуйна слухай, рыжая Курта,
Пільна ў мёртвыя нетры глядзі.
Дзік, з’явіўся да снежнага бурта,
Мей адвагу адказваць, дзік.
Ён з’явіўся. Яго нарадзілі
Змрок начны і сняжынак плач.
Ён ішоў праз гурбы застылыя,
Адзінец, самотны сякач.
Узараная тушай гэтай
Баразна снегавая плыла…
Я ударыў па ім дуплетам
І падраніў, а не паклаў.
З лютай ярасцю чорнага тромба,
Што ламае дрэвы ў бары,
Ён ляцеў на мяне, як бомба,
Вывяргаючы кроў і рык.
Бомба з шэраню, бомба са шчэці,
З мяса, рыку, з болю ўканец,
Бомба з ярасці, бомба са смерці
Для кахання, для зор, для мяне…
Курта ўпялася смерці ў сцёгны,
Каб яе ад мяне адцягнуць
Даць імгненне для стрэлу і стогну,
Даць грымотам хвіліну адну.
І дала…
Нерухомым пластам
Ён ляжаў, пачварны красун, –
Буры, шчэцісты, грузлы, ікласты,
Як апошні забіты лясун.
Бы зімовы россып каліны,
Кроў апырскала снежны разор…
О якая чужая краіна!
О снягі ў зіхаценні зор!
Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў,
Нарадзіў барвяны туман
І зямлю ад цябе пазбавіў.
А на ёй і кахання няма.
Мы дзялілі і шчасце і гора,
І лясы і спевы травы.
Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш?
Мне, забітаму, ты, жывы?..
Палазы рыпелі да вёскі,
І ў кароткай птушынай журбе
Гіль абтрос алмазы з бярозкі –
Як апошні прывет — на цябе.
І ўзвалілі цябе ля парога
На вароты, нібы на шчыт,
І дымелі ў паветры ногі,
Як на скон чатыры свячы.
Шчэць смылела павольным палам,
Абсыпаўся попел сухі:
Так і нас мо ў пекле абсмаляць
За вялікія нашы грахі.
Ён ляжаў аддана і проста.
Разувалі яго талакой
З рагавых пантофлікаў
вострых,
Бы ў аршанскай краме якой.
Потым госці елі старанна.
Я ж сядзеў і не еў, як святы:
Дзік не вінен… Проста бураны…
А па бульбе мы з ім — браты,
Па самоце несамавітай,
Па трывожных думах у сне.
Я маўчаў.
Госці, п’яныя, сытыя,
Гаманілі, хвалілі мяне.
Стала ў хаце і дыму, і тлуму,
Заспявалі ўсёй грамадой,
І кудысь адляцелі думы,
Што віселі ўвесь дзень нада мной.
А ўначы, калі неба хмурае
Ўсімі дрэвамі снег мяце,
Выйшаў я, гэтым тлумам задураны,
І ля форткі убачыў цень.
………………….
Калацілася, што бярозка,
Як кране яе снегам сівым…
«Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська?
Я ж з табой!.. Я жывы…»
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Машынапіс — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 21 — 24, з прысвяч. Анатолю Забалоцкаму і паметай: 11 студз. 63 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 149 — 152.