Чорная балада Гаркушы

Распускалася сонца — ружовы цвет,
Зіхацелі лугі над ім.
Як павіны хвост, разгортваўся свет
Пад уражаным зрокам людскім.
Наплывалі чароды ліловых хмар,
Залатыя злівы лілі,
І вясёлкі сямікаляровы пажар
Піў ваду з ізумруднай зямлі.
Серабрысты, густы вадзяны пасеў
Шумеў па цяжкіх садах,
Быў зялёны па-рознаму мох на страсе
І бляшаны замкавы дах.
І сівела, звінела ад кропель рака…
І ў гарачым святле плылі
Сінія песенькі жаўрука
Над карычневай песняй раллі.
Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш,
Цвіў і пахнуў, як бэз і язмін.
Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш
І ракаў нясцерпны кармін.
Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны,
І гарэлі ў руках людскіx
Паліваныя, як аліўкі, збаны
З палкім сонцам, што білася ў іх.
Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў
Ап’янелы пярэсты чмель,
Андаракаў хванды былі, як жар,
Як валошкі, як сонца, як хмель…
Вуснаў каханых вішнёвы агонь,
Белы хмель у тоўстай касе…
Шлях дамоў… Далёка аранжавы звон…
Маладзік, што драбіцца ў расе…
Адышло ты, каханне, ў сівыя палі,
Прывід шчасця зіхоткага знік,
І пагаснулі, выцвілі фарбы зямлі,
Як стары сялянскі ручнік.
Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла
Разлівам крывавых крушын.
Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла,
Дзе ты, сонца маёй душы?!
Свечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо.
Жоўты воск каханай рукі.
Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў,
Малінавыя бадзякі.
«На каго ж ты?!.» Марозна-зялёны палын,
Горкі верас ліловых палян.
Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь.
Барвяны гнеўны вулкан.
Быццам белая лава, што з Этны цячэ,
Бруіла лава палкоў,
І ўцякала цемра ад сініх мячэй,
Ад блакітнага грому падкоў.
Потым барву зарніц глытала імгла,
І пад покрывам буры сухой
Беларусь, як макава поле, цвіла.
Кожны мак — пажар пад страхой…
Сіні спеў жаўрука… Аранжавы звон…
Мёд… Валошкі… Зіхоткі шлях…
Андаракаў хванды… Вясёлак агонь…
Сонца б’ецца ў зялёных збанах…
Згасае, згасае вясёлкавы плёс.
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,
Аднаві мне маю зямлю.
Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,
Да мяжы ў заходняй крыві,
Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы
Аднаві мой край! Аднаві!!!
Як махровая сажа ў хаце курной,
Чарнела вакол імгла.
………….
Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй…
Пажыццёва.
Без іскры святла.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1965.
Машынапіс — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 4, с. 7 — 9, з паметай: 7.VІІ.63, Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 158 — 160.