Чурлёніс

В. І. Бараўскене

Як цябе засланіць небывалаю марай,
Як цябе зберагчы у змаганні са злом,
Ты, Зямля, ты, сівы адуванчыка шарык
Пад савіным павевам, пад няўмольным крылом?
Не дрыжы, не дрыжы, калі ласка, Зямля мая,
Бо навекі рассеешся ў цемру вякоў,
Абляціш ад атаму, ўспышак рэкламы,
Ад прадажнага ляску друкарскіх станкоў,
Ад таго, што без ведання зла і нягоды,
Як туман, абыякавы да ўсяго,
Як азійская лава, праплываюць народы,
Абмінаючы ногі раўнадушных багоў.
Вось, вось-вось, як ахвяру сонцу памерламу,
Нібы ў згаслую печку засунуць труну…
Ўсё далей хаўтурных паходняў перлы,
Ўсё бліжэй да вечнага змроку і сну.
І як толькі каханне памрэ няшчаснае,
Скінуць гукі і колеры пад адхон, —
Ў канчатковым сконе прасторы і часу,
Павуціннем аблытаны, спыніцца звон.
Ў панаванні цямноцця й хаосу гэтага,
Без марэй, без усмешак, без сонца-ліста,
Я ўздымаю далоні над светам без свету
І ўзглашаю яму:
«Светаносны, паўстань!»
Не хачу! —
І ўздымаюцца колеры ніцыя.
Заклінаю! —
І вось над бязмежжам зямлі,
Над празрыстымі, быццам лістота, званіцамі
Ў звонкім небе, як хмаркі, лятуць караблі.
Мір усім! —
І спыняюцца страшныя воды,
І — хвіліну назад смертаносна руды —
Акіян жыцця, затаіўшы подых,
Адуванчык пільнуе на кромцы вады.
Будзе так! —
І зарука ў сонцы і зорах,
У любові і мужнасці, ў дні і ў начы,
Ў сініх стронгавых замках — літоўскіх азёрах —
І ў бяздонных зяніцах літоўскіх жанчын.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф урыўка пад назвай «Не хачу» — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.86, з паметай: 20 красавіка 66., Рагачоў.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 220, 221.