Цюляня
Хвалі ідуць за градою града.
Айсбергаў рэдкі паток,
Сіняя, быццам індзіга, вада,
Халодная, як апёк.
Цюляня не хоча цвёрдай зямлі,
Не хоча квяцістых палян.
Ільды яму замяняюць палі,
Радзіму — сівы акіян.
У пырсках бясконцых сініх валоў
Колам ходзіць малы —
З хвалі на хвалю, на грэбень ізноў,
У сяйва сонца з імглы.
Акіян для малога пену пляце.
Той ляціць з гмаху на гмах:
Холад затоплены ў жываце,
Шчасце ў дзіцячых вачах.
І хочацца мне, як яму, да канца
Адчуваць апёкаў нажы,
У хвалях халодных даваць нырца.
Жыць!
Жыць!
Жыць!
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.69, з паметай: 1 лютага 61 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 189, 190.