Дняпро і Ака. Ён і яна
Божа рэк, ажані
Мой Дняпро з прыгажуняй Акой.
У яго — крутаяры ў зеніт,
У яе — лукавін спакой.
Ён мужчына. Над ім — курганы,
Змеі сонцаў — кронамі ўніз.
А над ёю — пракосаў сны
І дзявочых святліц агні.
Ён ад страсці рве берагі,
Асіянаўскі месяц над ім,
І туман плыве на лугі,
Быццам бітвы паўночнай дым.
Трупы мокрыя чорных дубоў,
Нібы яшчары ў берагах,
А на дне — карагоды віроў
І дрыжачых багновак жах.
Месяц кроў пралівае ў яго,
Кроў сцякае з ласіных губ
На патопленых даўніх багоў,
На бязмежную іх тугу.
А над ёю жаўрук пяе,
І калі смяецца зара,
Кісці скрыпня над ложам яе,
Як вясельныя свечы, гараць.
Калі хочуць стракозы піць,
Ў самы ярасны сонечны ўзлёт
У гарлачыках окскіх спіць
І не тае блакітны лёд.
У свяцёлках яе агні
Здаўна мараць аб сіле такой…
Чым Дняпро табе не жаніх,
Не сцяна для пакоры тваёй?
Чым не муж табе, не жаніх,
Не любоў для любові тваёй?
……………
Божа рэк зямных, ажані
Дняпро з прыгажуняй Акой.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф пад назвай “Балада шлагбаума”- у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.77, з паметай: 15.VІ.63.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 188.