Дзядзькаў кубак

Ты жыў у невялічкім гарадку,
Мой кроўны дзядзька, просты і вялікі,
Душэўны чалавек.
Яго душу
Узгадавалі старыкі і плаўні
Адвечнага, як Беларусь, Дняпра.
Што ведаў ён?.. А тое, што й суседзі:
Маленькі гарадок, заліты сонцам,
Крандaль у садзе, хвоі на адхонаx
І ветразь, сіні ад паўночных зор.
Было ўсяго.
Звінела скрыпкай шчасце,
Але часцей, як шчупаку ў ярузе —
У яме, што Дняпро на паплаваx
Пакінуў пасля повені, — ў адчаі
Даводзілася думаць аб паветры
І целам біцца аб траву і торф.
Ён, як вугор, не поўзаў па расе,
Быў сынам хваль дняпроўскіх, — і аднак
Ён выжыў, выжыў, вырасціў сыноў,
Збярог дом дзедзіч, напаіў сады,
Хлусіў для смеху, жартаваў, смяяўся
І працаваў, як глеба, як Дняпро.
Вайна пажэрла ўвесь набытак роду.
Застаўся дзядзьку толькі добры розум
Ды дзедаў срэбны кубак на дзве кварты.
Падымеш — хваля ходзіць… Вось і ўсё…
Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на свеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў «навекі» родны дом.
Стаялі коні ўжо каля варот,
Быў вечар жнівеньскі, як колас, жоўты.
Лугі зарэчныя спявалі нешта
Далёка, невыразна — аб каханай,
Аб коніку і аб бялых падушках,
І гэта ўсё, напоенае сонцам,
Я з лёгкім-лёгкім сэрцам пакідаў.
«Бывай, — сказаў мне дзядзька, — толькі… ведай:
Нічога не магу табе пакінуць,
Вось толькі, можа, даўні гэты кубак,
І сэрца, і асеннія палі…
Бывай, сынок, п’ю за пуховы шлях».
І ўзняў свой кубак з маладым і даўкім,
Дурным віном паўночных нашых лоз.
Даўно ўжо коні рушылі, і ганак
Паплыў, паплыў назад. І ўсё ставала меншым,
Бы ў дні дзяцінства, калі сон бярэ.
Але нясцерпна доўга, доўга, доўга
Быў бачны на верандзе сумны дзядзька,
Што піў, прыўзняўшы кубак напалову.
Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
І ўсё часцей я ўспамінаў чамусьці
Лёт зімародка над ракой начною,
Бяссонныя шаломы курганоў,
Дубы часоў варажскіх у размываx
Пустынных берагоў. Лістоты шум.
Бязгучныя, крывавыя зарніцы
І неадольны кліч маёй зямлі…
О мой народ! Даруй дурному сыну,
Што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
З якога еў са свіннямі свой хлеб…
Я больш не мог. Я кінуў камяніцы.
О, як спяшаюцца ў дарогу ногі!
Які павольны бег у цягніка!
Як незваротна, як з клепсідры рымскай,
Пясок сцякае з хісткіх колаў воза!
Вось дзядзькаў дом расце,
бы ў снах дзяцінства.
Спускаецца, як дараванне, вечар.
Хрушчы басяць пад клёнамі.
І мне
Раптоўна стала смешна… Стала смешна…
Здалося мне, што ціха вар’яцею:
На ганку ў глыбіні двара… На ганку,
Аплеценым, як сеццю, «панічамі»,
Стаяў у той жа самай позе дзядзька,
І хваля хвосткая хадзіла ў кубку,
І кубак у яго руцэ узнятай
Быў апарожнены амаль да дна.
Як быццам Сож змяшчаўся ў гэтым кубку,
Як быццам дна у кубку не было,
І ўсе дванаццаць гэтых цяжкіх год
Ён піў свой кубак за мяне, за іншых…
Ён піў, трывала ўсталяваўшы ногі,
Віно з паўночных, даўкіх нашых лоз,
Ужо старое, як сівыя ніці,
Што серабрылі галаву яго, —
Я да яго пайшоў хадой імклівай.
Я раптам зразумеў… Я зразумеў…
А ён, павольна апусціўшы чашу
І не здзівіўшыся майму з’яўленню,
Сказаў мне вельмі проста:
— Ты…
Вярнуўся…
І працягнуў мне кубак:
— Дапівай!

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Машынапіс — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з прысвяч. Васілю Сёмуху і паметай: 26.ІІІ.62. Палова першай.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 228 — 231.

Яндекс.Метрика