Фантан слёз

Капаюць слёзы, слёзы, слёзы, слёзы,
Капаюць слёзы зусім як калісь, калісь, калісь,
Нібы ўспаміны аб сонцы, аб танцы вясеннім
бярозавым
І аб навекі далёкай зямлі, зямлі, зямлі.
Дзікі налёт і гадзюка аркана. О божа наш мілы!
Дай нам радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б’юць,
Дай нам, глухі, лебядзіныя белыя крылы,
Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.
Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,
Тужым па лепшай на свеце сваёй старане
Ў гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,
Ў гэтай цясніне, дзе божаму свету канец.
Выйсце? Іх два. І абое замкамі замкнёны:
Злева — пустэчы, дзе косткам бязрадасна тлець,
Справа — гняздо караімаў і пракажоных,
Горад ізгояў, пячорны Чуфут-Кале.
Дзе вы, далёкі наш Нёман, Дняпро, Белавежа?
Клетка і скалы вакол, і нябёсы дзярэ мінарэт.
Хана пяшчота праклятая, еўнуха вежа,
Чахлы садок, і фантан, і гарэм, гарэм, гарэм.
Змоўч на хвіліну.
Не плюскай…
Молім…
Не плюскай…
Падае кропля і ціха, так ціха звініць,
Быццам расінкі вясёлак з дубоў беларускіx
Ў срэбныя чашы лясных беларускіх крыніц.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.41, з паметай: 29 красавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 212, 213.