Я іду лугавою дарогай

Я іду лугавою дарогай,
Пакручастай і цёмнай, як лёс.
Над ракой азярод шматногі
Барадою сена зарос.
Галавою прынікшы да сена,
Ў ноч гляджу на рачное шкло…
Глуха так, так цяжка і дрэнна
Мне ніколі яшчэ не было.
Ўсё было: пацалункі світаннем,
Над ракою туман залаты,
Бедны прывід майго кахання,
Што здушыла разважліва ты.
Сэрцам ведаю: так не трэба.
І ніколі халодны разлік
Не заменіць дарогі пад небам,
На якім ледзяны маладзік.
Нельга жыць з незгасальным болем,
І ўсё роўна да схілу год
Памажы мне — ніколі, ніколі
Не забыць пра яе, азярод!

Упершыню — «Беларусь», 1968, № 1.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с. 51, з паметай: мая 61 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 164, 165.

Яндекс.Метрика