Калі паміраюць…
Калі паміраюць дрэвы — яны павольна падаюць
на зямлю,
Больш павольна, чым пушок адуванчыка, —
і застаюцца ляжаць.
Калі паміраюць жывёлы — яны засынаюць у ветрабоі
Або чарнеюць на раллі уздзьмутым жыватом,
А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.
Калі паміраюць гарады —
па анфіладах крочаць рыжыя львы
І слізгоча струменьчыкам ртуці змяя па карцінах,
што ўпалі ў музеі.
Калі паміраюць планеты — застаюцца свінцовыя воды
І свісцячая песня пяскоў у расколінах скал.
Калі памірае каханне… Але каханне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.
Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю
ўсмешкай,
Львом куртатым кроч, слізгай самаахвярным змеем
Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу —
Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І смерці няма ў кахання.
Чалавек толькі смертны. Але калі дрэвы не помняць,
Гарады не помняць, не помняць нямыя планеты —
Сэрца помніць каханне і попелам стаўшы з агню.
Аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае,
Аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях,
Аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх,
бязважкіx
Пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі…
Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца
І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:
Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячыx
далонях,
Аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам
Прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.
Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца
І кружляе з крыкам перадсмяротнай і ўсё ж
бессмяротнай тугі
Над магіламі мёртвых багоў,
над журботным спакоем зрынутых дрэў.
Над жывёламі, кінутымі на раллі,
Над планетамі мёртвымі і гарадамі —
Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф на рус. мове — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 6, с. 4, з паметай: 12 фев. 62 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 168 — 169.