Карадаг

Л. А. Панамарэнка

Іліяда мая! Колькі даўніх крылатых стагоддзяў
Ты разрэзала ветразем, вартым людзей і багоў,
Плывучы ў невядомае, ў дальнія тысячагоддзі,
Быццам бронзай акуты «Арго»,
Крутабокі і звонкі «Арго».
Ўвосень чырвань сумаху на скронях тваіх выступала,
Так трымаў ты свой крыж —
мора цяжкага ўдары і гром:
Быццам плакалі скалы, кроўю даўняю плакалі скалы
Пад сухім і траскучым, як Крым, пад цярновым вянком.
Коні сінія з мора імчалі на бурным прадвесні,
Ты хапаў іх за белыя грывы і біў уразлёт
Або слухаў спакойна пелазгаў забытыя песні
І глухія — пад вечар — званочкі авечых чарод.
Іліяда мая! Пасмы чорныя хмар на вяршыні.
Як гекзаметр звонкі, ўдараюць аб бераг валы —
Неўміручыя строфы, што морам прапахнулі сінім,
І сухою травою, і ёдам, і вечным спакоем зямлі.
І за вечную цвёрдасць тваю мора вечнае данню
вялікай
Сыпле дым скамянелы агата табе на далонь,
І крывавыя слёзы забытых багоў — сердалікі,
І празрыстыя слёзы самотных жанок — халцэдон.
Дзе яны, што ахвяры палілі глухімі начамі,
Кантрабанду насілі, багоў павяргалі у жах,
Дзе яны, што ў крылатыя шлемы званілі мячамі
І на ўласнай крыві узрасцілі крывавы сумах?
Я не веру, што зніклі яны… Вось… выходзяць з пучыны
З морам зорным на скуры і соллю ў кучме ільняной —
Лістрыгоны, пяніцелі хваль, заваёўнікі чорныx
вяршыняў.
І прыбою гекзаметр гулка ўздыхае ля ног.
Іліяда мая! Вечна морам плыві да свабоды,
Вечны ветразь напяўшы, кіруйся у казачны шляx
Са сваім непакорным, дэльфінападобным народам,
З бурным морам у жылах і сонцам у дымных вачах.

Упершыню — «Беларусь», 1966, № 2.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.77, з паметай: 15.VІ.63.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 186, 187.

Яндекс.Метрика