Маладая вясна

Маладыя, пушыстыя лісцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Нібы снег вяршынь ажывае ў цвіценні,
І садоў і аблокаў звіваецца дым:
Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеннім
Пралятаюць да мора і дваяцца над ім.
Ты мне сонца! І мора! І подых маю!
Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой!
Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш?
Я з табою.
З табой.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.15, з паметай: крас. — 5 кастрычніка, Ялта — Мінск [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 197.

Яндекс.Метрика