Маленне аб чашы
М. Прашковічу
Паплавок то спачне, то адплыне,
Свіцязь дрэмле ў зялёных гаях,
Нібы поўная чаша сіняя,
Малахітавая па краях.
Сонца нізкага спляснуты персік,
Пад вадою — стронгаў палі…
Чаша ўнізе і чаша ўверсе.
І — як мошка — я ў крышталі.
У чаўне на каленях тулюся.
Скача воддаль падзёнак сям’я
І канае з сонцам. І ў скрусе
З сонцам гасне душа мая,
І любоў да цябе, як мора,
Расцякаецца ў ціхай журбе
Ад Адама, што даў табе корань,
Да Адама, што ўславіў цябе.
Ад падзёнак у сінім дыме,
Ад апошняй былкі гарбоў —
Да пагодкаў тваіх, радзіма,
Дзесяцівяковых дубоў.
Беларусь мая, ты адзіная,
Перад кім на каленях стаю:
Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,
Лёгка — жыць у славу тваю.
Лёгка з песняй глядзець у вочы,
Цяжка — кроўю расіць чараты…
Ўрэшце, як сабе ты захочаш,
Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.
Калі прыйдзе на нівы нашы
Смерць з касою сваёю крывой —
Не мінай мяне гэтай вось чашай,
Што барвее заходняй крывёй.
Як магу я не йсці на пакуты
За цябе, за спакойны твой дым,
Я
Ўсяго толькі мошка,
Закутая
Ў светаносным бурштыне тваім?!.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 231, 232.