Мы

О сусветнае, ўсёпераможнае маўчанне першай зямлі,
Калі выйшла яна з гарніла агню і пакуты,
Перайшла ад кіпення жыцця да імгнення сну і спакою,
Да імгнення.
Ў абдоймах прабыўшы ў агню
мільёны стагоддзяў,
Астывала ад іх, каб жыццё маўкліва зачаць.
О зямля пераможнай, бязмозглай і яраснай цягі,
Перамагаючай у змроку і выпарэннях,
Калі дзіка крычаць брантазаўры, звіваючыся між
хвашчамі
І дурманнымі папарацямі ў ліловай вадзе.
О зямля перамагаючай чалавечай пяшчоты,
Калі дойлід за смех Хатшэпсут з каменняў будуе
легенду,
Калі майстра мадон ад кахання ўмірае ў абдымкаx
каханай,
Калі я аддаю ўсе імгненні свае для яе.
Хто ж мы, маці-зямля?
Мы ўсе твае дзеці,
Мы нязменныя і, як ты, кожны час шматтварыя.
Мы з чакаючай гліны на родным полі,
маўклівай і туга ўпартай,
І з агню, што віруе пад ёю, з гнева і страсці,
І з пяшчоты, што дзіўна ляжыць у губах Неферціці.
Мы такія,
І будзем такімі — давеку.
Прабудзем —
Давеку.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф на рус. мове — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 6, с.3, з паметай: 12 фев. 62.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 234, 235.